Беларусь упершыню ў гісторыі абыграла Фінляндыю

Наступныя матчы нацыянальнай каманды пройдуць ужо ў лістападзе

Фінляндыя, вядома, не Сан-Марына. Але забілі мы фінам нашмат хутчэй, ніж "карлікам". І гэты мяч нават нішто не скасавала.

Бо распачаўся матч з неймаверна хуткага ўдару Арцёма Шуманскага. Гулец "Акрона" пасля імклівай атакі ўжо на чатырнаццатай секундзе паклаў мяч у "дзявятку" брамы Лукаша Градзецкага. Гол афіцыйна стаў найхутчэйшым у гісторыі нацыянальнай каманды.

Было прыемна бачыць, што, нягледзячы на фінскі націск, пэўная роўнасць захоўвалася, як і ў мінулай гульні. Беларусы камбінавалі, спрабавалі паўтарыць поспех Шуманскага ўдарамі здалля. Фінскія хлопцы ж правяралі нашых абаронцаў майстравітымі дыяганалямі. Лапавухаў падчас іхных рэдкіх удараў быў на месцы. Не ставала гасцям гульцоў узроўню Камары, якога КПР са скандалам адклікаў у Лондан напярэдадні сустрэчы.

А на чатырнаццатай хвіліне той жа Шуманскі на роўным месцы зарабіў нам пенальці. Вось толькі Захар Волкаў (гэта насамрэч быў спрэчны выбар пенальтыста) ўжо не здолеў прабіць дасведчанага Градзецкага і вывесці "белакрылых" на перавагу ў два мячы. У адказ фіны ледзь не пакаралі нас пасля стандарту. Выратаваў астоў брамы.

Увогуле гульня да канца першай паловы трывала без заўважных пагрозаў у штрафных пляцоўках абодвух бакоў. Мяч збольшага трымалі супернікі, аднак валодалі яны ім стэрыльна. Беларусы ж мячом больш якасна распараджаліся: часцей білі ў астоў ды мелі сумленныя 0.9 паводле xG.

Другі тайм таксама прынёс некалькі хуткіх выпадаў ад гульцоў Ганчарэнкі, вось толькі перавесці ў сур'ёзную пагрозы яны свае атакі не здолелі. Вельмі актыўна ў адказ сталі дзейнічаць флангамі фіны. Небяспечна прабіваў некалькі разоў левы вінгер Кескінен. Шмат імпэту праяўляў і Леа Вальта, якога таксама стрымліваў наш правы фланг абароны. Валоданне стала ўсё больш і больш адыходзіць да супернікаў, аднак небяспека ад іх не пачасцілася. Ніякай фантазіі, шчыра кажучы, фінскія хлопцы не дэманстравалі. Знаёмыя дыяганалі, лонгболы ды пасы ў разрэз — і больш ніякай тактычнай разнастайнасці. Хіба што стандарты маглі напружыць "белакрылых". Час ішоў, ініцыятыва спадала. Фіны стамляліся, шмат хто ў бела-сініх майках памыляўся. І Якаб Фрыс рабіў адчайныя замены, якія якасць гульні зборнай Суомі не паляпшалі. Ад нерваў фіны часцей фалілі, мы здолелі зарабіць некалькі цікавых, але бяздарна выкананых штрафных. А вось кутні на 80-й хвіліне Мельнічэнка ледзь не рэалізаваў. Траекторыя зусім крыху развяла мяч і пусты кут брамы.

Пад канец госці ажывіліся, пастаянна закідваючы мяч у штрафную Лапавухава, напружваючы яго сваімі залпамі. Аднак брамнік сафійскага ЦСКА адпрацоўваў годна, раз-пораз нівелюючы пагрозу ад удараў Юкалы і Кескінена. Так і дацярпелі да канца. Ужо фактычна пад аблогаю. Пад шквалам фінскіх фалоў. Дацягнулі да вельмі значнай для гэтага адбору перамогі.

Ліга нацый УЕФА 2026/2027. Ліга С. Групавы этап. 

Беларусь — Фінляндыя — 1:0

Беларусь: Лапавухаў (б), Пячэнін, Бачароў (Лісаковіч, 46), Калінін, Шуманскі (Кавалёў, 46), Сялява (Яблонскі, 84), Эбонг, Баркоўскі (Мельнічэнка, 62), Гоманаў, Лукашоў, Волкаў (к).

Запасныя: Паўлючэнка (б), Кудравец (б), Ціхаміраў, Свірэпа, Грамыка, Яблонскі, Галята, Кавалёў, Лісаковіч, Малашэвіч, Канцавы, Мельнічэнка.

Фінляндыя: Градзецкі (б, к), Пелтала (Вяянен, 67), С. Міецінэн, Валакары (Юкала, 59), Сванбек (Пах’янпала, 59), Валта, Мархіеў, Ляхтэенмякі (Чэльман, 67), Тэнха, Махута (Хоканс, 74), Кескінен.

Запасныя: Сінісала (б), Бергстэм (б), Столь, Т. Міецінэн, Вяянен, Арыфі, Суханен, Кельман, Пах'янпала, Вяйсянен, Хоканс, Юкала, Чэльман.

Галы: Шуманскі (1) — 1:0

На 16-й хвіліне Волкаў не рэалізаваў пенальці

Папярэджанні: Шуманскі (27), Баркоўскі (27), Бачароў (38), Чэльман (76), Эбонг (83), Міенцінэн (90+3).

Поделиться