Якасны матч на "Алімпіку" прынёс хай і не настолькі гучную, як у 2020, але ўсё-такі выразную перамогу ПСЖ. Парыжане і без Дэмбеле з Хвічам пераадолелі каманду Фліка. Усё вырашыў більярдны гол Рамуша
Класіка Лігі чэмпіёнаў стартавала з хуткага наскоку "Барсы" на валоданні ПСЖ. Але абарона парыжанаў вельмі пісьменна дзейнічала, нівелюючы лінію атакі суперніка. "Барселона" —хоць і без Левандоўскага — як ёй і належыць, валодала мячом паболей, аднак у астатнім ні хлопцы Энрыке высока не прэсінгавалі ягоны былы клуб, ні Флік не падганяў "блаўграну".
У ПСЖ вылучаўся Забарны: украінец то галавой пры кутнім прабʼе, то атаку разгоніць. А на 14-й хвіліне абаронца выратаваў пустую браму ад удара Торэса пасля тонкага асіста Ямаля.
Але ўжо на 19-й хвіліне Ферана ніхто не спыніў. Камбінацыя Ямаля з Рэшфардам — і цудоўнае заканчэнне ад Торэса, які прашыў Шэвалле.
Праз яшчэ восем хвілінаў здарыўся эпізод, які мог яшчэ раней прывесці да выраўнання ліку, што пачало напрошвацца. Ды не: пенальці ў браму Шчэнснага (і сёння гэта было справядлівым рашэннем) не прызначылі. А вось удар са штрафнога пасля гэтага паляк пацягнуў.
"Барселона" ўсё яшчэ мела перавагу ў валоданні і ўдарах, аднак госці пачалі нечакана даганяць у статыстычным плане.
І вось — неспадзяваны гол ад Маюлю (на прозвішча маладога гульца на табло наўрад сёння нехта ставіў). Мендэш традыцыйна прарваўся праз фланг Кундэ з дэ Ёнгам,якога перад тым пасадзіў на картку, пракінуў мяч на Маюлю і прывёў да ўзнаўлення парытэту. А Баркаля з таго ж левага флангу рызыкаваў і вывесці сваіх наперад. Каталонцаў яўна пачалі прыціскаць да ўласнай брамы. Тэндэнцыя перапынілася са свістком... І ўзнавілася з ім жа. ПСЖ нібы намацаў слабыя месцы "Барсы", зразумеў, што мяч можна ды трэба браць пад кантроль, стаў памацней ціснуць на слабы левы фланг. Прарыў Мбае з поўным правалам Кундэ — чарговае сведчанне. Абарона "Барселоны" навылёт праціналася перадачамі французаў. Нязвыкла ўжываць прынізлівы эпітэт "дзіравая абарона" ў дачыненні да вялікага каталонскага клуба, але менавіта гэта мы і назіралі, на вялікі жаль для Ганса-Дытэра Фліка.
Адразу ж пасля "Барса" паспрабавала рэабілітавацца, але абарона не дала Ольма разарваць стрэлам сетку.
Нягледзячы на выразную перавагу гасцей, статыстыка валодання і ўдараў была вельмі роўнаю. Але далёка не аснова парыжанаў усё яшчэ трымала пальцы на горле зорнай барселонскай каманды. Удары Лі Ка Іна ды Рамуша не дадуць схлусіць.
Праўда, часам ім перашкаджаў ірваны тэмп гульні, часам — абарона, якая ўжо лепш сачыла за выпадамі на флангах і ўключала знакаміты флікаўскі прэсінг. Імпэт напрыканцы спадаў у абодвух бакоў. Здавалася, справядлівасць не затрыумфуе.
Вось толькі фінальны штурм ПСЖ апраўдаў сябе. Рамуш задакументаваў тое, наколькі сёння парыжане былі лепшымі за гаспадароў. Хакімі выдаў геніяльны пас, проста раскрэсліўшы чужую штрафную, гол Гансалу выявіўся настолькі ж більярдным. Майстэрства чыстай формы. Справядлівая перамога: занадта ўжо гульня саслабленага складу парыжанаў была змястоўнейшай за выступ "Барселоны".
ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ
Асноўны этап
"Барселона" — ПСЖ (Парыж) — 1:2
Галы: Торэс (19) — 1:0, Маюлю (38) — 1:1, Рамуш (90) — 1:2
Папярэджанні: Дэ Ёнг (32), Мендэш (44), Ольма (57), Касадо (78), Хакімі (87), Ямаль (90+2)