У галоўным матчы ночы сустракаліся першыя каманды сваіх чэмпіянатаў. Ледзь не найлепшыя ўва ўсёй Еўропе станам на секунду, калі яны выйшлі на поле "Эмірэйтс". Сустракаліся старыя апаненты з АПЛ і экс-асістэнты Гвардыёлы — Арэта ды Кампані. Сустракаліся Кейн і даўнія ворагі "Татэнхэма". Карацей, адбылося шмат важных і сімвалічных сустрэчаў...
Першыя дваццаць хвілін прайшлі пад дыктоўку "Арсенала". Гаспадары шмат атакавалі ды мелі добры прэсінг, што магло неаднаразова зламаць Мануэля Ноера, аднак прапусціў ён толькі пасля кутняга на 22-й хвіліне і трапнага ўдару галавой Юры Тымбера. Нечакана ў агульным, але лагічна ў прыватнасці — на гол "кананіры" напрэсінгавалі. І, вядома, праявілі майстэрства сваіх знакамітых стандартаў. Два класічныя прыёмы Артэты зноў спрацавалі.
На 30-й хвіліне ў перспектыўную атаку выскачыў Эзэ, аднак прабіў няўдала. Працягваў насядаць "Арсенал", хоць і маючы 28% валодання.
У адказ на ўсё гэта другім ударам у астоў забіў першы гол лонданцам за сезон Карл. Без шанцаў засэйвіць для Раі, тонкі закід праз палову поля ў штрафную ад Кіміха, перавод ад Гнабры — і 1:1.
Каманды імгненне за імгненнем абменьваліся выпадамі. Гульня заўважна ажывілася. Таксама часам, відаць, каб дадаць цікавасці для нейтральных гледачоў, то Артэта на эмоцыях жоўтую зловіць, то "папажараць" у штрафных гранды сінхронна пачнуць. Сумаваць было няма калі.
Другі тайм таксама распачаўся з моманту ў Букаё Сакі. Адразу пасля ў Мерыны і ягоных калег была цэлая серыя шанцаў ды небяспечны кутні. Ноер цягнуў усё з нерухомым абліччам. А часам і актыўны Мікель Мерына прамахваўся, што не давала перавазе гаспадароў справядліва адлюстравацца на табло. Незадоўга да чарговага шанцу Маскеры ды працягу кананады арсеналаўскіх стандартаў сваё папярэджанне атрымаў і такі ж эмацыйны Кампані. Пасля Маскеры ўласны момант меў і Райс. Здавалася, што кожны з "Арсенала" атрымаў вельмі блізкую да поспеху спробу прабіць Ноера... Але другі мяч усё не ішоў.
І вось за дваццаць хвілін да свістку Гуіды вельмі доўгачаканы гол проста ўтыркнуў у сетку Мадуэке па шыкоўным прастрэле Калафʼёры. Камбінацыю распачаў Райс, які нарэшце падлавіў мюнхенцаў на памылцы.
Для замацавання найчысцейшай перавагі "Арсенала" спатрэбіліся памылковая дзея Ноера ды выхад Марцінэлі на пустую браму. 3:1!
Хібы немцаў ды эфектыўнасць брытанцаў падарылі нам яскравую гульню.
Вельмі якасны матч — так, пераважна толькі для аднаго з бакоў. Але хтосьці з гэтых машынаў пры сутыку ды мусіў быў разбіцца.
Для "Баварыі" гэта першая параза ў ЛЧ і ўвогуле ў сёлетнім сезоне ў прынцыпе. Для Артэты і хлопцаў гэта працяг амаль бездакорнай пераможнай серыі.
ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ
Асноўны этап
"Арсенал" (Лондан)—"Баварыя" (Мюнхен) — 3:1
Галы: Тымбер (22) — 1:0, Карл (32) — 1:1, Мадуэке (69) — 2:1, Марцінэлі (77) — 3:1.
Папярэджанні: Упамекано (23), Лаймер (43), Артэта (43), Кампані (59), Саліба (74), Мерына (80)