Мінскае "Дынама" ўступіла партугальскай "Бразе" ў першым паядынку трэцяга кваліфікацыйнага раунда Лігі Канферэнцый.
"Брага" — "Дынама-Мінск" — 1:0
Гол: 1:0 — Орта (45, пен.).
Папярэджанні: Абдулахі (20), Малашэвіч (71), Варданян (87).
"Брага": Фонтэс (б), Барсія, Байрамі, В. Карваллю, В. Гомес, Хусейнбашыч (Радрыгеш, 70), Жааа Маўтынню (Тыкназ, 70), Гарбі, Рыкарду Орта (к), Пау Віктор (Навара, 76), Г. Сілва (Травасуш, 46).
Запасныя: Т. Са (б), Жаао Карвалью (б), Лелу, Лагербільке, Даржэлес, Арэй-Мбі, Барышыч, Д, Марцінес.
"Дынама-Мінск": Шымаковіч (б), Малашэвіч (Алыкулаў, 79), Сялява (к), Іваноў, Жэчка (Сакалоўскі, 62), Вакуліч, Калінін, Джыме, Абдулахі, Гурбан, Гвет (Варданян, 46).
Запасныя: Радкевіч (б), Дубатоўка, Швяцоў, Душэўскі, Луцковіч, Гібера, Турэ, Аляксандраў, Бягуноў.
Нагадаем, што сустрэча ў адказ адбудзецца ўжо на намінальна хатнім стадыёне для мінчан 13 жніўня.
Вядома, ад гэтага матчу не чакалі на вялікія подзвігі. Як вызнаваліся ў стане "Дынама", адсутнасць разгромнай паразы, паўтарэння досведу "Жалезнічара", ужо ўспрымалася б як дасягненне мэтаў на сённяшнюю гульню. І мэты былі дасягнутыя. Калі б не крыўдны пенальці, нават перавершаныя б — але гэта ўжо ўмоўны лад.
Ужо першая дзесяціхвілінка адзначылася хіба што некалькімі контратакамі віцэ-чэмпіёнаў Беларусі, валоданне, і валоданне з пэўным націскам, досыць прадказальна было за "Брагаю". Але заўважных момантаў нават у партугальцаў мы не бачылі. Контрвыпады, як у выпадку Уладзіслава Калініна, спыняліся яшчэ паўабаронцамі гаспадароў.
"Дынама" доўга стрымлівала пазіцыйныя выпады "Брагі". Гэта было бадай адзіным рэцэптам гульні супраць яўных фаварытаў. І галоўнае, што гаспадары практычна не наносілі ўдараў. Аднак любы прарыў мог за секунду змяніць становішча. Часам абарона банальна не паспявала накрыць чырвоную кавалькаду, якая захлынала штрафную Шымаковіча. З партугальскага боку ўдар ляцеў за ўдарам. З нашага ж не маглі нават акцэнтавана падаць мяч у штрафную, дзе стаяў пераемнік прададзенага ў "Ньюкасл" Горнічка.
Бліжэй да апошняй дзесяціхвілінкі гаспадары падыходзілі да нашай брамы ўсё часцей, павялічылася і колькасць іхных стандартаў. Нягледзячы на націск, вельмі эфектыўна працавала мінская абарона. Улічваючы нашыя спробы выходзіць у хуткія атакі, хай і рэдкія ды не самыя ўдалыя, сорамна за "Дынама" не было. Адзначым і залп Малашэвіча на 37-й хвіліне — было эфектна. А ўжо на 31-й цікавы ўдар галавою Пау Віктара пасля яскравай камбінацыі ў мінскай штрафной ледзь не вывеў "Брагу" наперад — вышэй за браму. Яшчэ праз адзін абег хвіліннай стрэлкі гаспадары такі зарабілі сумнеўны пенальці. Мяч трапіў у руку Аляксею Іванову, які накрываў удар Сілвы. І Орта расстраляў Шымаковіча з адзінаццаці метраў.
У другім тайме націск "Брагі" толькі ўзмацніўся паводле валодання, але момантаў па-ранейшаму было мала. Па-ранейшаму адбіваліся ад навалаў дынамаўцы. Так, часам спрабавалі прэсінгаваць пры пасах партугальцаў брамніку, але Фонтэса такім не налякаць. За паўгадзіны да канца гульня працягвала заставацца вельмі спакойнаю. Толькі вось гэты спакой гуляў супраць "Дынама", якія падтрымлівалі мінімальнае адставанне якасцю свайго абарончага футбола ды не маглі прыдумаць сабе ніводнага хоць якога-колечы вострага выпаду. Бліжэй да канца другой паловы пачасціліся і правалы нашай абароны, што прымушала дэманстраваць сваё майстэрства Шымаковіча. Затое момант узнік у выніку камбінацыі Джымэ з Сакалоўскім. Мінчане зарабілі першы кутні. Нават пасля гэтага правалы ў абароне працягваліся, асабліва з боку Фаваза. Момантаў у "Дынама" больш і не было, нягледзячы на імпэт таго ж свежага Алыкулава, з ударам якога асноўны час і скончыўся. Затое статыстыка валодання не паказвала татальнага прыніжэння: 75%:25% — гэта амаль норма, калі казаць пра гульню беларускага клуба з партугальскім.
У Шагойкі ёсць цэлы тыдзень на тое, каб падрыхтавацца да другой часткі двубою. Гэты матч паказаў, што выстойваць можна ды трэба. А страхі, як гэта часта бывае, зноў былі перабольшанымі.