Мінскае "Дынама" здзейсніла камбэк у паядынку супраць "Нефтчы" ў рамках другога раунда Лігі Канферэнцый. Выніковы лік — 4:2.
"Нефтчы" — "Дынама-Мінск" — 2:4
Галы: 1:0 — Махмудаў (2), 2:0 — Сялява (8, АГ), 2:1 — Варданян (36), 2:2 — Малашэвіч (47), 2:3 — Варданян (57), 2:4 — Алыкулаў (76).
Незабіты пенальці: Алыкулаў (76).
Папярэджанні: Абдулахі (45+2), Сако (54).
"Нефтчы": Балаеў (б) (Джафараў, 46), Рыбейра, Гравіён, Сако, Сек (Абасаў, 60), Д'Алмейда (Сафараў, 60), Махмудаў (к) (Мэцью, 60), Клісман, Алмейда, Фараж, Тупта.
Запасныя: Пірыч (б), Джафараў (б), Абасаў, Джамалаў, Сафараў, Бадалаў, Хачаеў, Аньедзіка, Шырынаў, Мамадлі, Сальянскі, Самбу, Мэцью.
"Дынама-Мінск": Шымаковіч (б), Малашэвіч, Сялява (к), Варданян (Гвет, 73), Іваноў, Жэчка (Сакалоўскі, 60) Турэ (Вакуліч, 90+2) Калінін, Джымэ (Алыкулаў, 73), Абдулахі, Гурбан.
Запасныя: Радкевіч (б), Дубатоўка, Швяцоў, Душэўскі, Луцковіч, Алыкулаў, Полаз, Гібера, Вакуліч, Аляксандраў, Сакалоўскі, Гвет
"Дынама" паляцела ў Баку на матч, які сваёй вывескай адсылае на матчы яшчэ савецкага першынства.
І ўжо на другой хвіліне гэтага матчу беларусы гол прапусцілі. Прастрэл капітана Клінсмана з флангу — і Махмудаў забіў у браму Шымаковіча. Націск гаспадароў працягваўся, мячом гульцы "Нефтчы" авалодалі досыць трывала. А ўжо на дзявятай хвіліне пасля штрафнога мяч ад пляча Сялявы зноў трапіў у дынамаўскую браму.
Да сярэдзіны першага тайму хлопцы Шагойкі паспрабавалі забраць мяч у хлопцаў нашага даўняга знаёмца Вернідуба, але ж акрамя некалькіх выхадаў сам-насам Варданяна нічога з гэтага не выціснулі. Дый Карэн у гэтых момантах нават у астоў трапіць не здолеў.
Спачатку здавалася, што розніца ў класе не на карысць беларусаў. Яскравыя камбінацыі, контрпрэсінг і хуткі тэмп — усё гэта характарызавала гульню бакінцаў. У "Дынама" ж працягвала цярпець рэалізацыя: не здолеў забіць і Малашэвіч з блізкай адлегласці. Варданян тады стаў асістэнтам. Калі ж на 30-й хвіліне Яўген такі затаўкаў мяч у сетку "Нефтчы", суддзя зафіксаваў афсайд адразу ў некалькіх дынамаўцаў.
Але зусім нечакана гульцы беларускага клуба перавялі колькасць момантаў у якасць. Іхны імпэт прывёў да голу. Рэзка зайшоў з правага боку Карэн, нанёс шчыльны ўдар — і мяч трапіў у сетку рыкашэтам ад брамніка.
Да канца другога тайму ўдары пасыпаліся з абодвух бакоў. Гульня выраўналася цалкам. Розніца ў класе ўжо не здавалася такою вялікаю. Хіба што адаптацыя да тэмпу гаспадароў заняла каля паўгадзіны.
Другі тайм паказаў, што гульцы "Дынама" не толькі выраўналі гульню, але і самі захапілі ініцыятыву. Звязка Варданян-Малашэвіч — найактыўнейшых у "Дынама" сёння — спрацавала і ў выглядзе асісту Карэна на Яўгена. Пасля хуткай атакі сёмы нумар пракінуў мяч між ног новаму брамніку "Нефтчы". Гульня, паўтаруся, была мінчанамі перакуленая. Натхнёныя гэтым, яны зладзілі зацягнуты націск на браму Джафарава. Аднак у адказ Клінсман прабіў залп з лініі штрафной. Зноў выратавала нас папярэчына.
Адразу жа пасля атака дынамаўцаў здзейсніла неймавернае. Закід ад Шымаковіча на Джымэ, пас на Варданяна — і камбэк. І дубль Карэна.
Працягвалася гульня таксама пад ціскам гасцей. "Нефтчы" таксама мелі моманты, аднак іхная разгубленасць была заўважнаю. Толькі за хвілінаў дваццаць да канца другога тайму апрытомнелі гаспадары. Зноў некалькі разоў цудам не забілі. І, вядома, сэйвіў Шымаковіч. Арэлі ініцыятывы прымушалі з інтарэсам глядзець матч — сюжэт быў цікавейшым за многія матчы чэмпіянату свету.
Асабліва вылучаліся флангавыя і камбінацыйныя пазіцыйныя атакі "Нефтчы". Але ўсе яны змарнелі перад магіяй "кіргізскага Месі". Алыкулаў не паспеў выйсці на поле, як стаў дэманстраваць фінты ў чужой штрафной, зарабіўшы найважнейшы пенальці. Які ён рэалізаваў ударам галавою на дабіванні. "Дынама" дэманстравала неймаверны характар супраць роўнага ды дужа няпростага суперніка. Нават нягледзячы на адчайныя спробы "Нефтчы" адгуляцца, Малашэвіч зноў ледзь не прастрэліў Джафарава пасля кутняга. Працягнулі насядаць мінчане. Гаспадары ж больш не дэманстравалі таго класу, што ззяў і іскрыўся ў першай трыццаціхвілінцы. Хаця спрабавалі актыўнічаць і, паўтаруся, гулялі нароўні з "Дынама". Проста рэалізацыя раптам перайшла на іншы бок, што не магло нас не радаваць.
Матч скончыўся валявою перамогаю гасцей. Гульня ў адказ адбудзецца 30 ліпеня на стадыёне "Берае" і пачнецца ў 20:00.
Раней стала вядома, што пераможца гэтага двухматчавага супрацьстаяння згуляе супраць наймацнейшага ў пары "Жалезнічар" (Сербія) — "Брага" (Партугалія).