Мінскае "Дынама" разабралася з "Гомелем" у матчы 11-га тура Вышэйшай лігі

Мінчане ўзначалілі табліцу чэмпіянату краіны

Мінскае "Дынама" разабралася з "Гомелем" у матчы 11-га тура Вышэйшай лігі.

На нашых вачах адбылася другая запар сур'ёзная праверка для каманды Гараўцова. Папярэдняя — гульня з МЛ да міжнароднай паўзы — скончылася безгалявой нічыёю, збольшага праз нерэалізававаны фаварытамі пенальці.

Але ж і сённяшняя памылка МЛ дадавала больш вастрыні ў двубой камандаў з самага верху табліцы.

Распачаўся матч з таго, што госці Нацыянальнага стадыёна (што паробіш — аднайменны клубу праводзіць іншыя імпрэзы) аддалі мяч дынамаўцам. І ўжо на сёмай хвіліне аб гэтым пашкадавалі. Паслядоўна адбыліся флангавы прарыў, прастрэл, рыкашэт на Яўгена Малашэвіча — і Кляшчук пасля дзіўнай траекторыі ўдару ўпершыню за тры матчы дастаў мяч з сеткі.

Радавала прафесійнасць, з якой хлопцы Шагойкі займаліся прэсінгам суперніка ў хвіліны без мяча.

На 18-й хвіліне на рандэву з Клешчуком вывялі дэбютанта і экс-гульца "Гомеля" Міхаіла Аляксандрава, аднак юны абаронца не трапіў па мячы. Праз яшчэ тры хвіліны Аляксандраў свой шанец выкарыстаў. У куды больш невідавочнай сітуацыі. Выхад Варданяна сам-насам кіпер нівеляваў, але выбіў мяч на нагу Міхаілу, які забіў залпам з-за мяжы штрафной.

Аднак і два галы, што пагрузілі "Гомель" у шок, не прымусілі мінчукоў перастаць атакаваць.

Асабліва насядаў Варданян і партнёры на пазіцыю Георгія Кукушкіна, які праводзіў не найлепшы матч у кар'еры. Ад штурму ўласнай штрафной апошнімі хвілінамі першай паловы гаспадары ўрэшце адбіліся.

Ужо ў самым пачатку другога тайму пазіцыйны наступ гаспадароў скончыўся голам Варданяна. Скасаваным праз спрэчны афсайд.

У адказ на гэта "Гомель" быў блізкім да голу з кутняга. Засэйвіў Казакевіч. У адказ быў блізкім да голу экс-гамяльчук Фаваз, але трапіў у папярэчыну.

Госці жа свае спробы ў чужой штрафной раз за разам правальвалі ў зацягнутых перапасоўках пад ціскам абароны. А на 61-й Кавалевіч няўдала згуляў галавой у барацьбе з Казакевічам.

Наступнага ўсплёску гульні давялося чакаць яшчэ дзясятак хвілінаў. Больш актыўна сталі камбінаваць "зялёныя". А адразу пасля Малашэвіч у прытул не аформіў дубль. Не скарыстаўся чарговым правалам гасцявой абароны. Пазней свае моманты не рэалізавалі і Алыкулаў з Сялявам.

А вось "Гомель" свой рэдкі шанец праз серыю рыкашэтаў рэалізаваў. Выпад у імклівай атацы, Сіманенка атрымаў мяч пасля прастрэлу і слаба пакаціў у правы кут. Аднак Казакевіч проста правёў мяч позіркам. Лік стаў 2:1.

Матч скончыўся рэжымам утрымання мяча гаспадарамі ды не самымі выразнымі атакамі "Гомеля". І ціхім афармленнем іхнага вяртання на першы радок.


"Дынама-Мінск" — "Гомель" — 2:1

Галы: 1:0 — Малашэвіч (7), 2:0 — Аляксандраў (22), 2:1 — Сіманенка (80)

Папярэджанні: Данілін (41), Турэ (42), Кукушкін (44), Лісаковіч (53), Алыкулаў (73), Заяц (85), Марцінкевіч (89)

"Дынама-Мінск": Казакевіч (б), Малашэвіч (Молчан, 74), Сялява, Варданян (Гвет, 90), Бягуноў, Іваноў, Турэ (Вакуліч, 59), Калінін, Аляксандраў (Алыкулаў, 59), Карповіч, Абдулахі, Сакалоўскі (Жэчка, 75)

Запасныя: Шымаковіч (б), Дубатоўка, Швяцоў, Алыкулаў, Молчан, Жэчка, Вакуліч, Гвет, Цапянкоў

"Гомель": Кляшчук (б), Лапцеў (Кавалевіч, 54), Сіманенка, Лісаковіч (Леановіч, 69), Пашэвіч, Заяц, Сілінскі, Данілін (Барсукоў, 74), Сотнікаў, Шайхтдзінаў (Марцінкевіч, 54), Кукушкін

Запасныя: Рыжчанка (б), Мацвейчык, Ачапоўскі, Барсукоў, Леановіч, Марцінкевіч, Кавалевіч, Траякоў, Савіцкі

Такім чынам, мінчане ўзначалілі табліцу Вышэйшай лігі, у актыве каманды 26 ачкоў. "Рысі" засталіся на чацвёртай пазіцыі — 18 балаў.

Наступны матч падапечныя Аляксандра Шагойкі правядуць 17 чэрвеня ў Кубку краіны супраць "Слуцка". "Гомель" 20 чэрвеня прыме магілёўскае "Дняпро" ў чэмпіянаце.

Поделиться