Мінскае "Дынама" выйшла ў фінал Кубка Беларусі.
Сёння, 29 красавіка, сталічная каманда абыграла "МЛ Віцебск" у паўфінальнай сустрэчы ў адказ.
Да выніковай гульні паўфінала МЛ ужо падышоў з новым трэнерам. Адзіеў практычна не змяніў стартавы склад, таму цікавыя заўвагі з першых хвілінаў зрабіць было складана.
"Дынама" распачало гульню з перспектыўнага прастрэлу ў штрафную ад Алыкулава. Гаспадары працягвалі малюнак папярэдняй сустрэчы, ствараючы ціск вакол чужой штрафной.
Спробы МЛ захапіць валоданне мелі антыдот у выглядзе мінскіх контратакаў.
Намёкі на моманты былі ў гульцоў абедзвюх камандаў, але акрамя чакання чужых памылак нічога не адчувалася.
Цікава працавалі Алыкулаў і Джымэ. Кыргыз колькі разоў пагражаў браме Паўлючэнкі, аднак пры гэтым добра адпрацоўвала дасведчаная пара Балановіч-Волкаў. Было заўважна, як нізка апускаецца і паўабарона МЛ, калі гаспадары набліжаюцца ды ўрываюцца ў іхную штрафную. Памылак "Баварыі" леташні гегемон не паўтараў. Але ж і Алыкулаў пакуль не Дэмбеле.
На намаганні Гулжыгіта адказваў сваім імпэтам Грамыка, якога таксама блакавалі сталічныя абаронцы.
Першая палова гульні акрэслівала ейную роўнасць.
Да канца першага тайму нам дэманстравалі хутчэй ідэальную працу абаронцаў, ніж пробліскі майстэрства нападнікаў. Прэсінг плыў у абодва бакі, гульня была досыць шчыльнай. І нават стандарты не давалі МЛ прарваць чужую абарону.
Вастрыня не прыйшла і з другім таймам. Трыбуны "Дынама" працягвалі назіраць тузаніну ў цэнтры поля. Было хваляванне, што малая колькасць стандартаў і яшчэ меншая рэзкасць у атакавальных дзеях маглі прымусіць і без таго амаль пусты стадыён збязлюдзіць.
Першая жоўтая прыйшла Грамыку за фол на Алыкулаве. Зноў у цэнтры поля. На жаль, экс-гулец "Кайрата" пакуль метадычна збірае карткі, а не балы ў "гол+пас". Не радаваў актыўнасцю і Дыябатэ.
МЛ развіваў незайздросную тэндэнцыю першага паўфінала ды гульні з "дынамаўцамі" берасцейскімі. Так, былі моманты, аднак з'яўляліся рэдка і вельмі недакладна. Для раскрыцця гульні патрэбны быў мяч, аднак не было напругі, якая б да яго прывяла.
Толькі на 71-й хвіліне і ў вельмі раптоўнай манеры забіў Карэн Варданян. Закід Сакалоўскага з глыбіні поля за спіны наперад, прарыў Варданяна з левага флангу ў штрафную, абводка Гоманава з Паўлючэнкам — і пытанне, ці ўбачым мы айчыннае класіка ў фінале Кубка, было знятае.
Канец выйшаў зусім змазаным. Быццам бы акрамя далёкіх удараў наўдачу госці ўжо і не маглі запрапанаваць. "Дынама" жа з большым ажыўленнем бегала ў атакі.
На 82-й Варданян апынуўся на ўдарнай пазіцыі, аднак ягоную гармату заблакавалі. Моманты МЛ таксама былі, аднак Казакевіч рэагаваў.
Перамога "Дынама" была заслужанай. МЛ не гуляла ў тое, што называецца пераможным футболам, цягам двух матчаў. А вось імпэт "дынамаўцаў" ператварыўся на галы і вывеў іх у фінал.
Чэмпiен i блiзка пакуль не дэманструе свой крэатыўны патэнцыял, за якi былi аддадзены вялiкiя грошы. Паглядзiм, што будзе далей, калi газоны стануць больш роўныя.
Гол: 1:0 — Варданян (71)
Папярэджанні: Грамыка (56)
"Дынама-Мінск": Казакевіч (б), Швяцоў (67, Іваноў), Бегуноў (к), Калінін, Турэ, Сялява, Абдулахі, Джыме, Жачко (67, Сакалоўскі), Малашэвіч (77, Молчан), Алыкулаў (57, Варданян)
Запасныя: Шымаковіч (б), Дубатоўка, Падстрэлаў, Вакуліч, Аляксандраў, Цапянкоў
"МЛ Віцебск": Паўлючэнка (б.), Одэ, Волкаў, Гоманаў, Скібскі, Лісаковіч, Глушкоў, Балановіч (к) (79, Баранок), Грамыка (79, Бачароў), Дыябатэ (60, Нікалсан), Канцавы
Запасныя: Шчарбачэня (б.), Галята, Жук, Быкаў, Буланаў
За трафей мінчане паспрачаюцца з БАТЭ. Барысаўчане адолелі "Славію" з лікам 3:0 па суме дзвюх сустрэч.
Калі мінскае "Дынама" выйграе турнір, то "Славія" атрымае права згуляць у Лізе канферэнцый дзякуючы трэцяму месца, якое мазырскі клуб заняў у Вышэйшай лізе.
Для БАТЭ адзіны шанц трапіць у Лігу канферэнцый — гэта перамога ў Кубку краіны.