Мiнскае "Дынама" згуляла ўнічыю з партугальскай "Брагай" у другой гульне ў рамках 3-га раунду квалiфiкацыi Лiгi канферэнцый.
Сустрэча завяршылася без забітых мячоў — 0:0.
"Збройнiкi" праходзяць далей па суме двух матчаў.
"Дынама-Мiнск" — "Брага" — 0:0 (0:1 паводле двух матчаў)
Папярэджваннi: Орта (26), Малашэвiч (28), Джымэ (63), Гвет (65), Навара (85)
"Дынама-Мiнск": Шымаковiч (бр), Малашэвiч (Алыкулаў, 75), Сялява, Варданян (Гвет, 64), Жэчка (Сакалоўскi, 65), Вакулiч (Луцковiч, 89), Калiнiн, Джымэ, Абдулахi, Гурбан (Швяцоў, 75), Бегуноў (К)
Запасныя: Радкевiч, Дубатоўка, Душэўскi, Iваноў, Гiбера, Турэ, Александроў
"Брага": Бернарда (бр), Байрамi, Доргелес, Серхiа, Лагербiльке (Карвалью, 46), Гомес, Маўцiнья, Тыкназ (Хусэйнбазiч, 74), Травасас (Габрыэль, 62), Дэльгада (Навара, 62), Орта (Барышыч, 90) (К)
Запасныя: Нора, Радрыгес, Вiтор, Лело, Луiзiнья, Марцiнес, Са
"Брага" выйшла на балгарскае поле пад "Касіў Ясь канюшыну". Каб цягам наступных дваццаці хвілінаў аддаць мяч умоўным гаспадарам. Паступова спрабуючы скарыстацца атрыманаю ініцыятываю, "Дынама" распачало акуратныя наступы на браму "Брагі". Зарабілі некалькі кутніх, колькі разоў прарываўся ў штрафную Джымэ, наносіў удары Глеб Гурбан — усё і блізка не абяцала хуткага аднаўлення парытэту паводле ліку двух матчаў. "Дынама" вельмі моцна бракавала вастрыні ў фінальнай траціне атакі. Так, быў добры прэсінг у цэнтры поля. Так, спрабавалі чапляцца за мяч. Ды толькі ніяк напружыць чацвёртую сілу партугальскага футбола віцэ-чэмпіён Беларусі не мог. Нягледзячы на досыць годную гульню ад "Дынама", якая паводле якасці мабыць і пераўзыходзіла матч тыднёвай даўніны, здавалася, што любы выпад "Брагі" мог канчаткова пахаваць перспектывы плэй-оф для "бела-сініх". Хаця і партугальцы імпэту не дэманстравалі. Гульню смела можна было характарызаваць як роўную — ды толькі адчувалася як зацішша перад навальніцаю. Да канца першай паловы гульнявы малюнак захаваўся. "Дынама" мела безвыніковыя падыходы, "Брага" ж валодала мячом прыблізна пароўну з мінчукамі, аднак прычынаў абвастраць у партугальскай каманды не было. Яны гулялі паводле ліку, іх усё задавальняла. А вось "дынамаўцам" павялічыць свой імпэт было не проста пажадана, але ж і неабходна. Праўда, што ты зробіш, калі ўласнае майстэрства часам працуе на захаванне статуса-кво лепш за працу абаронцаў суперніка... Дзеля справядлівасці след адзначыць, што мінчукі насамрэч значна актыўней ішлі ў контратакі, прымушаючы "Брагу" памыляцца пад прэсінгам.
А вось у другім тайме ўжо на першай ягонай хвіліне толькі бэлька пасля ўдару Рыкарду Орты выратавала Шымаковіча. Ну, і вельмі спрэчнае становішча па-за гульнёй, вядома.
Варданян ужо на 52-й адказаў на гэта спробаю эфектыўнага накіду на Сяляву — мяч забраў Бернарда.
"Дынама" ў другім матчы запар магло зарабіць вельмі спрэчны пенальці, але ВАР дакладна паказаў, што Бегуноў згуляў галавою, а не рукою.
Праз яшчэ дзесяць хвілінаў пасля гэтага эпізоду ўжо мінчукі маглі ажывіць гульню ды адрадзіць інтрыгу. Але свежы Леанард Гвет не перакінуў Бернарду. Потым гульня наогул раскрылася. Удары ляцелі ў абодва бакі. Роўнасць набывала новую якасць. Малашэвіч пацягнуў удар Тыкназа.
За дзесяць хвілінаў да канца матчу не паставілі ўжо другі пенальці ў браму Малашэвіча. Бегуноў мог сёння датыкнуцца-такі да мяча ў сваёй штрафной, але перад тым на ім парушылі правілы. У адказ Джымэ закінуў на Сяляву, Аляксандр прыгожа аддаў пяткаю на Швяцова — абаронца не закруціў мяч за спіну Бернарду. Перад шасцю кампенсаванымі хвілінамі замест абаронцы Вакуліча выйшаў нападнік Луцковіч. Спрабаваў выратаваць становішча Шагойка праз рызыку.
І мог жа памыліцца: амаль адразу Навара ледзь не расстраляў Шымаковіча ў далёкі кут. Скончыўся матч кутнім ля нашай брамы і адчайным пазіцыйным наступам умоўных гаспадароў. Але, як і іншыя намаганні цягам дзвюх гульняў, безвыніковым.
Вельмі годна біліся мінчукі. На роўных з "Брагаю". Амаль на роўных. Так, без вастрыні. Часам зашмат дазвалялі. Але выстаялі два матчы толькі з адным прапушчаным — і тым з пенальці. Выступ ужо ў гісторыі беларускага футбола, якому як ніколі патрэбныя адметныя старонкі.
Нагадаем, падапечные Аляксандра Шагойкi сканчваюць свае выступленнi ў еўракубках. У паралельным матчы "МЛ Вiцебск" мiнiмальна перамагае баснiйскi "Борац" (1:0): гульня перайша ў дадатковы час.
Чытайце больш пра футбол у нашым раздзеле.