"Рэал" — "Ювентус" — гэта класіка Лігі чэмпіёнаў. Але клуб з Турына сёння перажывае кепскія часы, таму нішто не абяцала сіквела чвэрцьфінальнай бітвы з 2018 — "Юве" хоць бы ў плэй-оф прапаўзці. Таму адзіны гол Белінгема — гэта ўсё, чым запомніцца расстрэл італьянскага "аўтобуса".
Тудар не валодае ідэальным складам. Гэты склад увесну скончыў выступ у чэмпіянаце на 4-м радку — ганебным для колішняга гегемона. Матч сумныя чаканні апраўдваў. Мяч збольшага захоўваўся ў цэнтры поля, з гульні моманты не прыходзілі, хіба што па пары стрэлаў з кожнага боку, але там то Куртуа сэйване, то абарона "Юве" — той жа Камбʼяса — снарад блізка да брамы не пусціць. "Рэал" выступаў з пазіцыйнымі атакамі, зарабляў кутнія, з якіх было праблемна нешта выціснуць, бо госці загадзя наладжваліся на гульню ад абароны. Нават Мбапэ не знаходзіў для сябе неабходную прастору: ад француза пакідалі цень, што бегаў без КПД на лініі афсайду.
Матч быў вельмі спакойным. Так, два-тры эпізоды, якія вынікалі з аблогі турынскай абароны, можна запісаць у мадрыдскі актыў. Вось толькі гэта і блізка не той узровень небяспекі і інтэнсіўнасці наступаў, да якога нас прывучылі паўабарона ды атака "вяршковых". Непрыемна здзіўлялі як флегматычнасць гаспадароў, гэтак і пасіўная, глухая закрытасць гасцёў.
Хіба на 39-й хвіліне нарэшце вырваліся ў перспектыўны выпад Дыяс з Мбапэ. Але гераічна засэйвіў дэ Грэгорыя.
Другі тайм стартаваў з рыўка Улахавіча, дзе адно сэйв Куртуа змог уратаваць "Рэал". Праўда, нейтральных гледачоў гэты гол бы не ўзрадаваў: атрымаўшы перавагу, "Ювентус" бы яшчэ больш зачыніў свае дзверы. У адказ Вінісіус таксама не скарыстаў свой момант, да якога прывёў эфектыўны прэсінг. Бакі абстрэльвалі адзін аднаго катапультамі корнераў.
Толькі бліжэй да гадзіны гульні пасля чарговага ўдара ды штангі Вінісіуса рэалізаваў дабіванне Белінгем. Вось тут ужо турынцам яўна не стала чаго страчваць і можна было раскрывацца напоўніцу.
Аднак гэтага не здарылася, а "Рэал" узмацніў націск. Часам выняткова дэ Грэгорыя сваім галкіперскім уменнем і пакідаў мінімальнае адставанне. Літаральна раз на пяць хвілінаў Дыяс, Мбапэ, Белінгем і Вінісіус ладзілі праверку Камбʼяса і кампаніі. Іксджы, 70% валодання і двухразовая перавага ўва ўдарах у "вяршковых" — усё сведчыла аб лагічнасці другога ўзяцця брамы суперніка. З іншага боку — ёсць і тэндэнцыя, дзе каралеўскі клуб перамагае з мінімальнымі лікамі: такая ў Алонса сухая прагматычнасць. А вось за лёс Тудара, з якім каманда гуляе ў бессэнсоўныя аўтобусы, маючы 7-е месца ў Серыі А ды два балы ў ЛЧ, ужо страшна. Напэўна, на "Спортынг" яе выведзе ўжо іншы адмыслоўца.
ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ
Асноўны этап
"Рэал" (Мадрыд) — "Ювентус" (Турын) — 1:0
Галы: Белінгем (57) — 1:0
Папярэджанні: Браім Дыяс (61).