"Ніводнага ўдару ў астоў": "Дынама" з паражэння стартавала у кваліфікацыі ЛК

Мiнскае "Дынама" з паражэння стартавала у кваліфікацыі Лігі канферэнцый.

Вядома, у "Дынама" было куды больш шанцаў за іншыя каманды ў першым кваліфікацыйным раўндзе еўракубкаў. Усё-такі македонцы і блізка не румыны. Але і Ліга канферэнцыяў — не Ліга чэмпіёнаў. Менавіта таму ад мінскай каманды чакалі гульні першым нумарам. Якжа зняпраўдзіліся нашыя чаканні цягам дзевяноста хвілінаў...

Ужо на першых хвілінах біў па браме суперніка Сакалоўскі. "Сілекс" вымушана гуляў на контратаках. Але пры гэтым македонцы ўжо на сёмай хвіліне паспелі скарыстаца памылкай Фаваза ды пагражалі Шымаковічу. І іхныя контратакі часцей былі небяспечнейшымі за валоданне "Дынама". Па-ранейшаму актыўна праяўляў сябе Сакалоўскі, але і ў яго нічога не атрымлівалася. Матч быў вельмі памяркоўным і чымсьці нагадваў тэмпы айчыннага чэмпіянату — "бела-сінім" было камфортна спыняць лонгболы апанентаў.

Аднак прэсінг македонцаў рэгулярна спыняў і нашыя камбінацыі між штрафной і цэнтральным колам. Абарона "Сілекса" была досыць добра арганізаваная — гэтага ў суперніка не адняць. Цягам першай паўгадзіны гульні момантаў не было ні ў кога. А вось прэсінг Варданяна пасля памылкі абаооны ледзь не прымусіў македонскага брамніка закаціць мяч ува ўласную сетку. Але і контратака "Сілекса" на 33-й хвіліне стала першым вострым момантам, дзе правалілася нашая абарона і толькі сэйв Шымаковіча пры выхадзе сам-насам пакінуў на табло нулі.

У "Дынама" вельмі часта быў у афсайдзе Варданян. Спробы гуляць праз яго раз-пораз сканчваліся свістком.

Да канца першай паловы спрабавалі узняць тэмп беларусы, але гэтым скарысталіся македонцы. Стварылі яшчэ некалькі момантаў і атрымалі фол ад Турэ ў штрафной. Пенальці рэалізаваў Хасукіч.

У другім тайме валоданне паспрабавалі захаваць госці, куды лепш знаёмыя з балгарскім кліматам за ўмоўных гаспадароў. Аднак яго хутка перахапіла "Дынама", якое працягвала стэрыльнае валоданне без абвастрэнняў. Некалькі разоў прабіваў Малашэвіч, аднак ні разу не трапіў у астоў. Пры гэтым вельмі няякасную гульню паказвала дынамаўская паўабарона. Матч даваўся занадта цяжка. Усё часцей лонгболы ляцелі з нашага боку ў штрафную Люпчэ. Уплывала і тое, што ўзмацніў прэсінг "Сілекс".

Мы часта чуем выраз "якасць пасу — якасць гульні". У беларускага клуба с перадачамі ўсё было вельмі дрэнна, як і са стрэламі ў астоў. Аднак і супернік мячом валодаў менш і амаль не абвастраў. Толькі ўдасканальваў уласны "аўтобус".

Першы акцэнтаваны ўдар прыйшоўся на васьмідзясятую хвіліну. Фаваз прабіваў галавою пасля чарговага штрафнога.

Да канца матчу больш нічога каманды не паказалі. Вядома, 0:1 — не 1:4. Але нават БАТЭ ў стане катастрофы лепш супрацьстаяў "Эгнатыі". Здавалася, што калі б не спрэчны пенальці ў канцы першай паловы, гульня б скончылася ўнічыю. Аднак з падобным супернікам у тэмпе роднага чэмпіянату неабходная была ўпэўненая перамога. А ў "Дынама", паўтаруся, ніводнага ўдару ў астоў...

Ліга канферэнцыяў. Першы кваліфікацыйны раўнд. Першы матч.

"Дынама-Мінск"- "Сілекс" (Кратава) — 0:1

Галы: Хасукіч (п) (42) — 0:1

Папярэджанні: Турэ (4), Джэкаў (53), Сакалоўскі (72), Дэлімеджац (76), Ангелеўскі (80)

"Дынама-Мінск": Шымаковіч (б), Малашэвіч (Гвет, 86), Сялява, Варданян (Луцковіч, 46), Турэ (Вакуліч, 46), Калінін, Джымэ, Абдулахі, Гурбан (Швяцоў, 60), Бегуноў (к), Сакалоўскі;

Запасныя: Казакевіч (б), Радкевіч (б), Дубатоўка, Швяцоў, Луцковіч, Алыкулаў, Іваноў, Полаз, Жэчка, Вакуліч, Аляксандраў, Гвет;

"Сілекс": Люпчэ (б), Джэкаў, Шуберт, Бутуравіч, Эфцімаў, Ангелеўскі, Донаў (Дэлімеджац, 73), Паноўскі, Багданоўскі (Манойлаў, 65), Шэра (Вяліноўскі, 83), Хасукіч (Мішаў, 73).

Запасныя: Бажыноўскі (б), Джарджыеўскі (б), Рычкаў, Цімоўскі, Джэрасаў, Вяліноўскі, Мішаў, Нікалоўскі, Дэлімеджац, Іліеўскі, Манойлаў



Поделиться