Не Салахам адзіным: "Лівер" з боем перамог "Інтэр"

Нягледзячы на ўнутраныя канфлікты і вельмі няўдалы сезон у АПЛ, "Ліверпуль" (хоць і не без цяжкасцяў) перамог у гасцях міланскі "Інтэр". Перамогу ў роўным і сумным матчы прынёс пенальці Сабаслаі.

Мы чулі, быццам "Ліверпуль" цяпер ужо не той. Каманда захрасла ў сваіх скандалах падчас і без таго правальнага сёлетняга выступу. Аднак яна і без Салаха працягвае здзіўляць!

Матч ад самага пачатку не радаваў зместам. Небяспекі ні для Алісана ні для Зомера відаць не было. "Інтэр" не меў ніякіх праблемаў з валоданнем, але госці не падпускалі іх да ўласнай брамы. Сам "Ліверпуль" нібыта баяўся нешта ствараць.

Аднак на 17-й хвіліне Кёрціс сышоў ад Бастоні і змог нанесці першы ўдар мерсісайдцаў у матчы, дый такі, што Ян Зомер зрэагаваў з заўважнай цяжкасцю.

Нягледзячы на тое, што цягам наступнай дзасяціхвілінкі пераважалі наступы гаспадароў, чужую браму распакаваў менавіта "Ліверпуль". Аднак як нам вядома, забіць — не значыць дадаць адзінку на табло. Рука Ібраімы Канатэ прывяла да беспрэцэдэнтна доўгага разгляду эпізоду на ВАР і скасавання гола.



Затое голам на гэта ледзь не адказаў Барэла, аднак вельмі блізкі штрафны скончыўся блізкім да штангі пралётам мяча

Да канца першай паловы націск "Інтэра" захоўваўся, але ні Зелінскі, ні Лаўтара свае моманты не рэалізавалі.

Распачаўся жа тайм другі з памылкі Зомера, у выніку якога Ісак мог вывесці сваю каманду наперад, але шанцам зноў не скарыстаўся. Пасля гадзіны гульні "Ліверпуль" раз-пораз накатваўся на чужую браму, лавіў контратакі, а валоданне было ідэальна роўным (статыстыка літаральна паказвала прапорцыі 50:50). Аднак наўрад гэты матч можна назваць відовішчам. Спробы атакаваць з абодвух бакоў за хваляй хваля разбіваліся ў выніку ўласных удараў вышэй за браму або захлыналіся пад націскам чужой абароны. Каманды паказвалі дзіўную роўнасць — дзіўна для трэцяй каманды Серыі А ды дзясятай у АПЛ, але трэба ўзгадаць, як у прынцыпе хлопцы Слота трымаюцца ў гульнях Лігі чэмпіёнаў, і пытанні адпадуць. Хаця гэта была роўнасць хутчэй негатыўная для нейтральных гледачоў, не забываемся.

Паводле ўдараў таксама да 80-й хвіліны ўсталявалася поўная нічыя: па восем удараў з кожнага боку. Вельмі недарэчна і непрыемна гучыць слова "цягамоціна", але мой вакабуляр не можа знайсці больш удалага адпаведніка для абазначэння гэных бясконцых пасоў у цэнтры поля.

І толькі ў апошняй дзесяціхвілінцы распачаліся насамрэч вострыя ўколы — як удар Конара Брэдлі, што прымусіў узгадаць пра наяўнасць у Зомера прафесійных абавязкаў.

Многія думалі: ажывіць гэтую гульню мог хіба пенальці. Мелі рацыю. На 85-й хвіліне зноў на сцэну выйшаў ВАР, які знайшоў вінаватым Бастоні, што пацягнуў за футболку Вірца. Дамінік Сабаслаі ўсё-такі вывеў "Ліверпуль" наперад. Матч нарэшце знайшоў свой гол.



Фелікс Цваер узгадаў пра анамальна доўгае ўжыванне відэаасістэнта ды дадаў ажно шэсць хвілінаў дадатковага часу. "Інтэр" некалькі разоў наводзіў пажар у штрафной "чырвоных", аднак пазбегнуць паразы на "Джузэпе Меаца" ён так і не здолеў.

"Ліверпуль" узяў сваё пасля трох запар разгромных паразаў, прадэманстраваў, што на баявым духу не адбіваецца скандал вакол адхілення Салаха, ды палепшыў пазіцыі ў табліцы Лігі чэмпіёнаў.

ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ

Асноўны этап

"Інтэр" (Мілан)-"Ліверпуль" — 0:1

Гол: Сабаслаі (88) (п)

Папярэджанні: Лаўтара (13), Мхітаран (57), Джонс (73), Бастоні (87)/



Поделиться