Класіка Лігі чэмпіёнаў. Рэгулярная штосезонная сустрэча "Сіці" з "Рэалам". Яшчэ больш значна, што з мадрыдцамі сустракаецца легенда "блаўграны" Гвардыёла. Заўжды вялікае відовішча, заўжды шмат чаго чакаеш ад такой бітвы.
Матч ледзь не распачаўся са свістком. Свістком аб пенальці. Але "Рэал" такую фору з першых хвілін не атрымаў, толькі штрафны. Аднак добры старт быў зададзены.
Першыя дзесяць хвілін запомніліся дынамічнай і насычанай гульнёю з абодвух бакоў.
Вечна рваў свой фланг Вінісіус, Данарума быў у пастаяннай напрузе. Здзіўляла лёгкасць, з якой "Рэал" праходзіў абарону суперніка, каб закінуць на свайго новага бразільскага чараўніка. Мадрыдскі клуб відавочна быў вастрэйшым, "Сіці", як і ў прыватнасці Эрлінга Холанда, проста не было відаць на полі.
І мадрыдскі клуб заканамерна забіў першым. Шыкоўны праход Радрыгі прынёс яму эстэтычны гол. Заўважым, што так прыгожа ён перапыніў серыю з 32-х безвыніковых матчаў запар.
Каманда, натхнёная гэтым, працягвала ціск: то Белінгем заскочыць, то Вінісіус зноў дрыблінг прадэманструе.
Але вось тут здарылася нелагічнае. Першы ж момант гасцей, першы ўдар у астоў — і ОʼРайлі пасля стандарта на дабіванні прашыў Куртуа. У лігачэмпіёнскае класіка вярнулася інтрыга.
А на 41-й хвіліне ўсё канчаткова разгарнулася на 180 градусаў. Няўдалая барацьба Рудыгера з Холандам — і вось нарвежац рэалізуе адзінаццаціметровы ў браму Куртуа. Проста перад фанацкай трыбунай "галактыкас" на "Санцьяга Бернабэу". Вось так бывае: рэалізуеш амаль выпадковыя шанцы і перакульваеш гульню. А там і гарматная атака, дзе Куртуа зноў давялося сэйвіць.
Другі тайм парадаваў узнаўленнем мадрыдскіх наступаў. Вінісіус, Радрыга ды Джуд Белінгем ужо на 50-й разыгралі перспектыўную атаку, якая ледзь не зраўняла лік. Праз восем хвілін тыя ж Вінісіус з Радрыгам не здолелі рэалізаваць перспектыўны выхад два-на-два. У адказ на гэта праверыў Куртуа на трываласць Доку. Каманды не збіраліся скідваць тэмп.
"Рэал", праўда, усё часцей атакаваў пазіцыйна. "Сіці" патрэбна было трымаць свае флангі, задача выконвалася.
Алонса, лёс якога цалкам мог вырашыцца ў ноч пасля фінальнага свістку, выпускаў усё новых гульцоў, але час выцякаў між ягоных пальцаў. Вінісіус меў момант, але сваю ўласную сухую серыю (ў адрозненне ад калегі па зборнай) спыніць пакуль не мог. Эндрык сваім шанцам таксама не скарыстаўся, прабіў у папярэчыну. Бразільская гвардыя ніяк не магла выратаваць свайго іспанскага коўча. Гвардыёла ж тым часам яўна вырашыў тапіць суайчынніка: "Сіці" відавочна гуляў на ўтрыманне.
Ягоная каманда скарысталася двума момантамі, якія мела. Ледзь не адзінымі за ўсю гульню. Але футбол — гэта таксама мастацтва магчымасцяў, як ужо было неаднаразова сказана. Шмат чаго залежыць ад выпадку. Дый у другім тайме "галактыкас" не ззялі перад роднай публікай, давайце шчыра.
Асноўны этап
"Рэал" (Мадрыд) — "Манчэстэр Сіці" (Манчэстэр)— 1:2
Галы: 1:0 — Радрыга (28), 1:1 — О'Райлі (35), 1:2 — Холанд (43) (п)
Папярэджанні: Фодэн (11), Рудыгер (43), О'Райлі (76), Гвардыёла (82), Радрыга (87), Бернарду Сілва (90).
