"МЛ Віцебск" з паражэння стартаваў у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў.
Чэмпіёны Румыніі. Клуб, які называюць "чэмпіёны вялікай любові". Адзін з найбольш папулярных калектываў краіны, які перыяд з 1991 да 2013 правёў у нябыце. Удзельнік леташняй Лігі канферэнцыяў. Такая каларытная каманда, "Універсітаця-Краёва" выйшла супраць каманды ўжо Піліпа Сакалінскага ў мястэчку Мязёкёвешд на матч першага кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў.
І адразу жа гол у браму Паўлючэнкі гэтыя "студэнты" закінулі. Прыгожы мяч з-за мяжы штрафной запусціў у далёкую дзявятку паўабаронца Штэфан Баярам ужо на чацвёртай хвіліне. Ад самага пачатку заўважна больш валодалі мячом супернікі. "МЛ" паказваў хіба што нясмелы прэсінг. Нашмат больш пазіцыйных, хоць і асцярожных, атак стваралі намінальныя госці. Асабліва выразна працягваў паказваць сябе Баярам.
На дваццатай жа хвіліне пасля першага адносна ўдалага выпаду віцяблянаў мяч падабраў Грамыка, які запусціў шыкоўную гармату ў сетку брамы румынскага клуба. Лік выраўнаўся. Але ўжо на 23-й хвіліне Бачароў вельмі нязмушана і недарэчна сфаліў у сваёй штрафной супраць гульца, які нават не валодаў мячом. Аль-Хамлаві пенальці рэалізаваў.
Да канца тайму мы бачылі зацяжныя пазіцыйныя атакі "Універсітаці", якім супрацьстаялі контратакі "МЛ", часта з лонгболамі Грамыкі на Дыябатэ. Затое не было заўважна навічка віцяблянаў Босіча. Валоданне было ў суадносінах 73:27 не на карысць беларусаў.
На 40-й хвіліне стандарт у штрафной "гусяў" прывёў да вельмі спрэчнага пенальці. Грамыка ў барацьбе адмахнуўся ад Раманчука, які падсеў пад беларускага паўабаронцу. Аль-Хамлаві аформіў дубль з другога пенальці.
Спробы віцяблянаў знайсці шчасце ў хуткіх атаках і стандартах на пачатку другога тайму ні да чаго не прывялі. Прабіваў і Босіч з падачы Мясаравіча — беспаспяхова. На 57-й закід на Дыябатэ прывёў да голу, скасаванага праз афсайд. У адказ Нсімба прымусіў Паўлючэнку сэйвіць пасля памылкі Скібскага. Атакі румынаў былі ўсё больш небяспечнымі. Іхны забіты гол быў скасаваны таксама толькі ў выніку афсайду.
На гэта па-ранейшаму віцябляне адказвалі вельмі рэдкім валоданнем і слабым прэсінгам. Ініцыятыву браць нашым хлопцам было нібыта страшнавата, а тэмпы каманды з Краёвы былі ў разы вышэйшымі. Апошнімі пятнаццацю хвілінамі мяч быццам бы быў наўмысна аддадзены "МЛ", аднак і там крэатыў яны не дэманстравалі. Канцавы мог забіваць, але рыкашэт згуляў за суперніка.
Так нічога і не стварылі яны да канца гульні. І яшчэ разу прапусцілі ў самым канцы ад Нсімбы пасля прастрэлу з флангу. Лік стаў разгромным.
Можа праз рэзкую наяўнасць навічкоў і памылкі абароны, мабыць праз хатні матч фактычна ў гасцях, мабыць праз рэальную перавагу гасцей і спрэчныя суддзейскія рашэнні — але мы ўбачылі "1:4" на табло.
Галы: 0:1 — Баярам (4), 1:1 — Грамыка (20), 1:2 — аль-Хамлаві (24, пен.), 1:3 — аль-Хамлаві (43, пен.), 1:4 — Нсімба (90+4)
Папярэджанні: Грамыка (44), Бачароў (60), Нсімба (81), Волкаў (90+2)
"МЛ Віцебск": Паўлючэнка (б), Скібскі, Гоманаў, Волкаў, Маскаленчык (Балановіч, 84), Бачароў (Гнака, 63), Грамыка (Клеанізэ, 72), Мясаравіч, Босіч, Канцавы, Дыябатэ (Нікалсан, 63)
Запасныя: Шчарбачэня (б), Баранок, Жук, Балановіч, Гнака, Нікалсан, Клеанізэ, Іваноў, Глушкоў
"Універсітаця Краёва": Папеску (б), Рус, Сцяванавіч, Раманчук (Крэцу, 77), Банку (к), Меквабішвілі (Бэлуцэ, 67), Чыкылдэу, Самуэл Тэлеш (Мора, 67), Баярам (Таварэш, 77), аль-Хамлаві (Нсімба, 57), Эцім.
Запасныя: Максім (б), Сава (б), Крэцу, Нсімба, Бэлуцэ, Бадэль, Мора, Таварэш, Элізар, Бэсчану, Мацей, Мунцян
Паядынак у адказ адбудзецца 15 ліпеня.
Пераможца гэтага двухматчавага супрацьстаяння ў другім раундзе кваліфікацыі сустрэнецца з лепшай камандорай з пары "Барац Баня Лука" — "Леўскі".