БАТЭ і "Сьён" разышліся мірам у першай гульнi квалiфiкацыi ЛК

Лiк сустрэчы — 1:1

БАТЭ і "Сьён" разышліся мірам у першай гульнi квалiфiкацыi ЛК

Лiк сустрэчы — 1:1.

Ліга канферэнцый. Другі кваліфікацыйны раўнд. Першы матч.

БАТЭ (Барысаў) — "Сьён" (Сьён) — 1:1;

Галы: Варакса (16) — 1:0, Батэлі (42) — 1:1;

Папярэджанні: Яцкевіч (32), Рурхані (84);

БАТЭ: Сокал (б), Нескаромны, Рахманаў (к), Сакута, Кавалёў (Бачко, 65), Крэс (Сахончык, 87), Міхнюк, Капленка, Русакоў (Ангбан, 46), Яцкевіч (Пуэрта, 46), Варакса (Джорджавіч, 78);

Запасныя: Скапец (б), Ангбан, Апанасевіч, Храмцэвіч, Каласоўскі, Джорджавіч, Цітоў, Бачко, Пуэрта, Журын, Сахончык, Дубоўскі;

"Сьён": Ракіёпі (б), Лаванчы, Соу, Кроніг, Хефці, Батата, Кабакалман, Сурдэс (Чыперфільд, 63), Батэлі (Лукембіла, 63) Шуарэф (Рурхані, 82), Нікавазі (Бердаес, 75)

Запасныя: Руберта (б), Кайле (б), Маркінняс, Лукембіла, Чыперфільд, Лукес, Бердаес, Сіла, Кеслер, Рурхані;

Нягледзячы на страх перад матчам БАТЭ са "Сьёнам", які праходзіў у Сумгаіце, першая дзесяціхвілінка была куды больш спакойнаю нават за ўчорашні азербайджанскі матч. У складзе швейцарцаў не было ні Балатэлі (толькі Батэлі, прабачце за каламбур), ні Алекса Сонга — вядомых гульцоў, якія ранейшымі часамі выступалі за гэты сціплы клуб. Дый сам "Сьён" не браў тытул нейтральнай краіны ўжо амаль вечнасць — з сезона 1996/97. Праўда, у параўнанні з камандай, якая пакуль што бултыхаецца ў падвале Вышэйшай лігі Беларусі, сапраўды выглядалі грозна.

Вядома, "Сьён" спрабаваў захапіць валоданне, аднак і БАТЭ мяч даставаўся, а абарона працавала на здзіў добра. А тут яшчэ і неймаверны Улад Варакса далёкім стрэлам сенсацыйна вывеў барысаўчанаў наперад. На 16-й хвіліне. Ад наскоку ўмоўных гасцей пасля прапушчанага абарона БАТЭ таксама выбітна адбівалася. Асабліва ўражвалі сэйвы Сокала. БАТЭ да канца першай паловы ўжо радзей біла па чужой браме, хутчэй гэта былі ўдары на ўдачу, як у Вараксы з цэнтра поля, аднак і сваю трымала на замку. Да 42-й хвіліны. Не было відаць вастрыні ў пазіцыйных наступах швейцарцаў, ды толькі абаронцы пакінулі Батэлі перад Сокалам, а той не паспеў спыніць шлях мячу ў браму. На перапынак сыходзілі з адзінкамі на табло.

У другой палове першыя хвіліны таксама засталіся за "жоўта-сінімі". Быў штрафны ды ўдар Пуэрты. На ўтрыманне ліку ўмоўныя гаспадары яўна не гулялі, што радавала. Паступова ініцыятыва пераходзіла да "Сьёна", але вастрыня заставалася прыблізна роўнаю. Вядома, кожная каманда магла выйсці ў контратаку ды перакуліць хаду гульні, аднак занадта пісьменна абодва бакі пераводзілі свае сілы ў абарончыя пазіцыі. Асаблівых яскравых выбліскаў мы ў гульні не назіралі, але пэўная ейная роўнасць, як і лік на табло, працягвала нас пераконваць у тым, як часам бывае шкодна пераацэньваць супернікаў. Так, часам абарону БАТЭ прашывалі пасамі ў разрэз — вось толькі абапорная зона не спала. За апошнія дваццаць хвілінаў, праўда, распачалася канкрэтная аблога брамы Сокала. Розніца ў класе праявілася толькі пад канец гульні. Цяпер ужо гульня на ўтрыманне стала адзіным выйсцем, каб захаваць шанцы на гульню ў адказ. Аднак і на апошняй дзесяціхвілінцы БАТЭ зарабляў стандарты і ішоў наперад, хоць і лавіў контратакі. Часам, як у выпадку з памылкаю Капленкі за некалькі хвілінаў да канца асноўнага часу, "Сьён" мог даціснуць сваіх апанентаў. Ды гераічна ратаваў БАТЭ Сокал. Асноўны час скончыўся з кутнім барысаўчанаў, які зарабіў шыкоўным сольным праходам Пуэрта. Мог забіваць Нескаромны.

Матч, які месцамі выдаўся нават роўным, нечакана скончыўся нічыйным вынікам. Грозны швейцарскі клуб прапусціў першым і так і не здолеў перамагчы БАТЭ. Чарговы прыемны для беларускіх камандаў дзень у Лізе канферэнцый.

Поделиться