Матч, на які за секунды раскупілі ўсе квіткі, паўтарыў стылістыку першай гульні казахаў і застаўся ў памяці праз хет-трык Мбапэ і непастаўлены пенальці, які прынёс Грамыка. А "Рэал" атрымаў сатысфакцыю за паразу ў дэрбі.
А распачалося жа ўсё з двух кайратаўскіх удараў у бок брамы Куртуа. Пра тое, што добрыя адрэзкі выдаваць казахі могуць, мы ведаем даўно. Нічога дзіўнага, але доўгай заканамернасці ўбачыць тут нельга.
Далей паступова ініцыятыва забіраліся ў ногі мадрыдцаў, хоць і абарона працавала добра. Праўда, быў і выхад за спіны супернікаў ад Вінісіуса на 12-й хвіліне, дзе толькі траекторыя ўратавала казахскі клуб.
"Рэал" расцягваў абарончыя парадкі "Кайрата", спрабуючы вывесці сваіх зорак на ўдарныя пазіцыі. Калмурза працягваў дэманстраваць сваю юнацкую зухаватасць. Лік удараў усё больш і больш заставаўся за гасцямі. У рэшце рэшт менавіта Калмурза і прывёз той самы пенальці, які не мог не рэалізаваць Кіліян Мбапэ. Усё пайшло так, як і ў папярэдняй гульні, хіба што націск топавых апанентаў спрацаваў нашмат раней. Далей жа, што таксама выдае патэрн паводзінаў казахаў, "Кайрат" шчыра пасыпаўся. Яго літаральна расстрэльвалі з усіх дасяжных "галактыкас" сродкаў: далёкія залпы правяралі рэакцыю брамніка, які, нягледзячы на крыўдны эпізод, працягваў стаяць намёртва. Невыгодна для "Кайрата" спалучаліся правалы на левым флангу з нібыта нежаданнем ці бояззю ісці ў рашучыя атакі і змагацца за мяч на пярэдніх лініях уласных атак. У "Рэала" ж часта назіраліся праблемы з рэалізацыяй, асабліва ў Мбапэ, што па выніках першай паловы захоўвала на табло нашмат больш кампліментарную для гаспадароў карціну.
Другі тайм распачаўся са страты гаспадарамі мяча, закіду Куртуа — і выхадам Мбапэ сам-насам з далейшым дублем. Зноў за спіны, зноў без шанцаў. У адказ Грамыка не змог рэалізаваць штрафны — адзіны істотны стандарт для казахаў ледзь не за ўсю гульню. Астатняе распараджэнне мячом ад "Кайрата" было яшчэ горшым: здавалася, валодання магло хапіць хаця б для аднаго значнага моманту, але ж і гэтага мы не бачылі.
На 57-й хвіліне толькі няўдалы ўдар не дазволіў Кіляну закрыць усе пытанні да сыходу гадзіны гульні.
Праз дзесяць хвілін пасля гэтага здарыўся яшчэ адзін значны эпізод. І несправядлівы. Відавочны пенальці за фол на Грамыку проста скасавалі па праглядзе відэаасістэнта. "Пункт" быў чыстым, але якая ўжо розніца. Хіба чарговая дэмаралізацыя для "Кайрата". Як пацвярджэнне гэтаму — доўгачаканы хет-трык Мбапэ. Француз атрымаў праніклівы пас збоку ў штрафной і прашыў Калмурзу. У хуткім часе і ягоны суайчыннік Камавінга знайшоў свой шанец, канчаткова прадэманстраваўшы ўжо другі яўны абвал "Кайрата" ў матчы з мацнейшым супернікам. А ў даданыя хвіліны Браім Дыяс скарыстаўся правалам на выклятым левым краі абароны, давёўшы трапным стрэлам у далёкі кут лік да непрыстойнага.
Як і варта было чакаць, нягледзячы на ненулявы ўзровень гульні, досведу — а галоўнае смеласці — гульцам "Кайрата" банальна не ставала. Але ў іх усё яшчэ наперадзе, шанцы набраць балы ў далейшым яўна будуць вышэйшымі.
Асноўны этап
"Кайрат" (Алма-Ата) — "Рэал" (Мадрыд ) — 0:5
Галы: Мбапэ (25) — 0:1, Мбапэ (52) — 0:2, Мбапэ (74) — 0:3, Камавінга (83) — 0:4, Браім Дыяс (90+3) — 0:5
Папярэджанні: Грамыка (48), Арад (55)