Фіналы Кубкаў заўжды запаміналіся сваёй інтрыгай і каларытам. Нездарма фінал, квінтэсэнцыю турніру, часта называюць Кубкам у квадраце. Пагатоў сёлета выбітны Нацыянальны стадыён прымаў першае айчыннае "класіка" ў галоўным кубкавым матчы. Яно не падманула чаканні.
Мінчане распачалі гульню з актыўнага націску на БАТЭ. Атакі пераходзілі ў кутнія. Наступ не спыняўся. Добра прабіваў Сялява, шанец меў Варданян. "Дынама" часцей біла ў прынцыпе, бо гульню ад абароны Шагойка на фінал замяніў пазіцыйнымі атакамі. БАТЭ ж аддавала ініцыятыву ды ўсё больш прыціскалася да сваёй брамы, шмат чаго дазваляючы прыцыповаму апаненту ў штрафной Сокала. Асабліва стараліся афрыканцы: Турэ рэгулярна рваў свой фланг, Джымэ моцна прабіў у папярэчыну. Гаспадары набліжаліся да голу.
Таму мяч Сакалоўскага на 28-й хвіліне дзіўным не стаў. Чарговы правал абароны, закід Фаваза, адкрыванне Джымэ — і стрэл маладога героя "Дынама", які, як тады падалося, пераводзіў перамогу мінчанаў у катэгорыю амаль дакладнага факту.
Валоданне ўпэўнена трымалася ў "Дынама" і пасля адкрыцця ліку. Да канца першай паловы ў барысаўцаў былі праблемы нават з выхадам за цэнтральную лінію, пра нейкія перспектыўныя моманты і казаць няма чаго.

Статыстыка, 10:1 паводле ўдараў, вычарпальна паведаміла нам пра гэты тайм усё, што пра яго трэба знаць.
Другі тайм працягваў тэндэнцыі свайго папярэдніка."Дынама" атакавала, БАТЭ абаранялася, ніякіх свежых ідэяў Канцавы нам не прадэманстраваў. Джымэ ўжо на 49-й мог закрываць гульню, аднак не змог скончыць дакладным ударам свой каронны флангавы прарыў. Першая дзесяціхвілінка другой паловы паказала, што пераход сярэдзіны поля для БАТЭ рабілася ўсё больш складанай задачай. Шарль сваё падабенства момантаў не рэалізаваў і быў заменены. Тры замены з пяці скарыстаў Канцавы за раз, накіраваўшы свежую кроў на лінію атакі.
Сялява, Вардаян і свежы Молчан разганялі мінскія атакі рэгулярна.
А вось гасцям для поспеху хапіла аднаго прарыву. Дакладней, адной дынамаўскай памылкі. Контратака з заканчэннем ад таксама свежага Кірыла Апанасевіча на 65-й хвіліне пасля памылкі Варданяна з Бегуновым лік зраўнала.
У адказ жа гарматным ударам ледзь не забіў Вардаян. Са штрафнога мог закручваць і Сакалоўскі. "Дынама" кінулася выкарыстоўваць перавагу для вяртання пераможнага ліку.

Удар Русакова на 73-й паказаў, што абарона міначанаў таксама можа правісаць нават пасярэдзіне сваёй штрафной. Праз хвіліну мог забіваць і Грывянёў, пасцяліўшы мяч блізка да штангі. Адбыўся выхад Гвета з Жэчкам — у Шагойкі былі джокеры ў напад.
Мяч патроху перабіраўся ў ногі барысаўцаў. "Дынама" ў апошнюю дзесяціхвілінку дзейнічала збольшага на падборы.
Джымэ дарэмна пайшоў у контратаку самастойна, не аддаўшы на вольнага Гвета. Яго зноў спынілі ў чыстай сілавой барацьбе, нараджэнец ЦАР перыядычна прагульваў адзінаборствы.
На 90-й хвіліне прарыў джокера Малашэвіча ледзь не прывёў да рыкашэту проста ў браму Сокала.
Дадатковы час распачаўся з залпам Молчана. На месцы быў Сокал.
Цягам экстра-тайму гульцы "Дынама" зноў загналі супернікаў у нізкую абарону. Але на адрозу ад асноўнага часу мы назіралі барысаўскі нізкі блок з контрпрэсінгам. Увесь першы экстра-тайм прайшоў у адной суцэльнай атацы гаспадароў супраць "аўтобуса". Жэчка, праўда, ледзь не прастрэліў гэтую барыкаду, як і Турэ, які накруціў апанента на флангу і толькі рыкашэт у штрафной не даў выйсці наперад.

Другі экстра-тайм запомніўся контратакамі БАТЭ. Моманты былі і ў "Дынама", аднак рэалізацыя кульгала ў абодвух бакоў. Шмат часу заняла медычная дапамога стомленым гульцам, таму мы плаўна падышлі да серыі пенальці.
І там усё вызначыла адна памылка. Каманды доўга ішлі нага ў нагу. Раптоўная смерць прыйшла пасля няўдалай спробы дасведчанага Сялявы. Кубак шостым разам едзе ў Барысаў. А клуб — у адбор Лігі канферэнцыяў.
Часта лёс турніраў змяняе толькі адзін эпізод. У нашым выпадку гэта была адна рэдкая контратака. І выпад Апанасевіча, вядома. Ну, і промах Сялявы.
Кубак Рэспублікі Беларусь па футболе. Фінал
"Дынама-Мінск" — БАТЭ (Барысаў) — 1:1 (7:8 паводле серыі пенальці)
Галы: Сакалоўскі (28) — 1:0, Апанасевіч (65) — 1:1
Серыя пенальці:
Дубоўскі — 0:1
Малашэвіч — 1:1
Апанасевіч — 1:2
Джымэ — 2:2
Нескаромны — 2:2
Гвет — 2:2
Грывянёў — 2:3
Бегуноў — 3:3
Русакоў — 3:4
Турэ — 4:4
Крэс — 4:5
Калінін — 5:5
Казакевіч — 5:6
Жэчка — 6:6
Сакута — 6:7
Карповіч — 7:7
Ярмоліч — 7:8
Сялява — 7:8
"Дынама-Мінск": Казакевіч (б), Сялява, Варданян (Гвет, 77), Алыкулаў (Молчан, 46), Турэ, Калінін, Джымэ, Карповіч, Фаваз Абдулахі (Жэчка, 77), Бегуноў (к), Сакалоўскі (Малашэвіч, 88);
Запасныя: Шымаковіч, Дубатоўка, Швяцоў, Малашэвіч, Іваноў, Падстрэлаў, Молчан, Жэчка, Вакуліч, Гвет;
БАТЭ: Сокал (б), Сакута, Русакоў, Целеш (Грывянёў, 57), Кавалёў (Мірскі, 79), Нескаромны, Міхнюк (Крэс, 85), Шарль (Ярмоліч, 57), Рахманаў (к) (Рашчэня, 91), Мардас (Апанасевіч, 57), Дубоўскі;
Запасныя: Скапец (б), Мусаханян, Ангбан, Апанасевіч, Мірскі, Грывянёў, Чарных, Рашчэня, Ярмоліч, Крэс
Папярэджанні: Мардас (29), Бегуноў (32), Русакоў (76), Турэ (90), Молчан (90+3)

Фота: Iгара Сцепанцова / sport5.by