Гродзенскі "Нёман" абыграў віцебскі МЛ у серыі пенальці ў матчы за Суперкубак Беларусі. Выніковы лік — 3:2.
"МЛ Віцебск" — "Нёман" — 2:3 (пасля серыі пенальці)
Галы: 1:0 — Дыябатэ (29), 2:0 — Дыябатэ (31), 2:1 — Кірко (57), 2:2 — Кірко (88), 2:3 — Садаўнічы (пераможны пенальці).
Серыя пенальці: Лісаковіч (гол) — Дайнека (гол); Гоманаў (гол) — Радзікоўскі (гол); Жэрдзеў (міма) — Казлоў (гол); Месаравіч (гол) — Леўчанка (гол); Дыябатэ (гол) — Садаўнічы (гол).
Папярэджанні: Гардзяйчук (43), Кірко (44), Якімаў (47), Грамыка (53), Васільеў (80).
"МЛ Віцебск": Паўлючэнка (в), Аде (Бутарэвіч, 63), Гоманаў, Лісаковіч, Галята, Волкаў, Глушкоў (Жэрдзеў, 89), Балановіч (к) (Скібскі, 63), Маскаленчык (Карповіч, 71), Грамыка (Месаравіч).
Запасныя: Шчарбачэня, Ціўне, Бачароў, Жук, Селіванаў, Быкаў, Буланаў.
"Нёман": Вейдыгер (в), Васільеў, Панця (Жымо, 46), Пушнякоў (Леўчанка, 65), Еўдакімаў (Якімаў, 46), Краўцоў (Радзікоўскі, 46), Кірко, Казлоў, Гірс (Садаўнічы, 75), Гардзяйчук (Ціто, 80), Савіцкі (к).
Запасныя: Матысюк (в), Танкевіч, Аутка, Еднач, Паўлюкавец.
Адзначым, што для "Нёмана" гэты трафей стаў першым у гісторыі.
Нагадаем, што ў мінулым сезоне уладальнікам Суперкубка Беларусі стала мінскае "Дынама".
Гульня за Суперкубак, хоць часам яна і выклікае спрэчкі наконт сваёй значнасці, шмат у чым сімвалічная. Асабліва ўлічваючы, што ніводны з сённяшніх апанентаў у сваім актыве гэтага трафею не мае.
Сустрэча вабіла вялікай колькасцю перадсезонных пытанняў: як будуць замененыя ў складах сваіх клубаў Гвет і Жуніннё, наколькі эфектыўным (а хутчэй — эфектным) будзе Грамыка, які яшчэ нядаўна выступаў у матчах Лігі чэмпіёнаў, што зялёна-жоўтаму гранду супрацьпаставяць іхныя таварышы па колерах з Гродна.
Так, МЛ летась катком прайшоўся па чэмпіянаце, аднак і "Нёман" парадаваў выступам у Кубку ды — не забываемся — сенсацыйным праходам у плэй-оф адбору Лігі канферэнцыяў. Сачыць за гэтай бітвай яўна было варта.
Віцябляне распачалі жвава. Балановіч і навічок Дыябатэ правяралі на трываласць Вейдыгера. Калектыў не саромеўся атакаваць флангамі, Грамыка і Лісаковіч выступалі дырыжорамі гэтых наступаў. Досыць заўважна было, як падобныя праходы выклікалі кантраляваны хаос у штрафной гродзенцаў, цэнтрдэфы вельмі паспешліва тушылі пажары пад віцебскім ціскам. А іхныя нападнікі ніяк не маглі стварыць ані моманту. За МЛ жа было назіраць прыемна: і якаснае валоданне, і прэсінг, і імпэт — усе складовыя поспеху ў іх былі заўважнымі. На 28-й хвіліне ціск быў канвертаваны ў забіты мяч. Пасля памылкі Кірко мяч зноў замітусіўся ў штрафной "Нёмана", атака другім тэмпам, прастрэл Лісаковіча на Дыябатэ — і 1:0. І амаль адразу жа здарыўся дубль малійца. "Нёман" зноўку памыліўся падчас флангавага наступу суперніка і, што называецца, "паплыў". Аднак пасля падобнага штуршка гродзенскі клуб стаў больш актыўна рухацца ў бок процілеглай штрафной і біць далёкімі залпамі, толькі вось гэта не дадавала Паўлючэнку працы, а "аленям" — колькасці валодання. І вельмі важна заўважыць, наколькі МЛ дамінаваў у, што называецца, сілавой барацьбе. Усе адзінаборствы цягам першай паловы засталіся не за гульцамі "Нёмана". Але і колькасць жоўтых пераважала ў віцяблянаў.
Другая палова пачала лагічна працягваць першую. У высокім тэмпе атакавалі віцябляне. Балановіч, Грамыка і Лісаковіч актыўна перапасоўваліся і па чарзе прарываліся ў чужую штрафную, рызыкуючы давесці лік да разгрому, як і Глушкоў, які стрэліў проста ў папярэчыну.
Але тут "Нёман" вырашыў вярнуцца ў гульню на роўным месцы. Спачатку ледзь не скарыстаўся раптоўнай памылкай Паўлючэнкі, а потым экс-гулец "Баранавічаў" Кірко, які праваліў першы тайм, адзін гол адгуляў. Трывала 56-я хвіліна.
Забіты гол не абяцае змены хады гульні. МЛ працягвала падціскаць. Выхад таго ж Жымо ў "Нёмана" прывёў толькі да таго, што забіраць мяч на флангу сталі цяпер у яго. Перавагу было відаць няўзброеным вокам. Лісаковіч мог дапамагчы Дыябатэ аформіць хет-трык, аднак маліец не рэалізаваў удар бісіклетай.
Сыход з поля Грамыкі ў адных і выхад недалекаванага Садаўнічага ў іншых паказвалі кардынальна розны настрой на апошнюю дзесяціхвілінку. Але ўсё больш і больш было зразумела, што каманды стаміліся. Пачасціліся фалы, размыўся змест гульні. Хіба што праход Дайнэкі прыцягнуў увагу, хаця ў "Нёмана" па-ранейшаму быў ўсяго адзін удар і адзін жа гол. І вось тут гэтая стома згуляла супраць фаварыта ўсяго матчу. "Нёман" паказаў, чаму нельга страчваць канцэнтрацыю ні на секунду. На 87-й хвіліне Еўдакімаў прабіў са штрафнога, на дабіванне прыйшоў Кірко і аформіў свой дубль. Сенсацыйны, вельмі нелагічны, але яскравы. І так, у нас два дублі дэбютантаў.
Вынік гульні — нечаканыя пенальці.
І там лёс абраў тых, у каго ўвесь матч не атрымлівалася нават біць па браме. Тых, хто прагуляў і леташні Суперкубак. Каманду Кавалевіча. Памылка Жэрдзева — і мы ўбачылі вынік камбэку, падобнага да тых, што мы назіралі ад гродзенцаў у адборы ЛК. Хай яны не дамінавалі, хай падышлі да матчу са стратамі, але стандарты свае выціснулі напоўніцу. І Кірко двойчы апынуўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Так і перамаглі. Суперкубак едзе на захад.