Эфект Шагойкі: "Дынама" ўпэўнена перайграла "МЛ Віцебск" у матчы Кубка Беларусі

Паядынак у адказ адбудзецца 29 красавіка ў Мінску

Мінскае "Дынама" на выездзе перайграла "МЛ Віцебск" у першым матчы паўфіналу Кубка Беларусі.

Яскравы ды цікавы паўфінал чакаў нас у Віцебску. Два найбольш амбіцыйныя калектывы краіны рыхтаваліся сысціся ў інтрыгоўным двубоі ў паўфінале Кубка. 

У пачатку гульні збольшага праходзіла пад дамінаваннем гаспадароў. Актыўна вылучаўся Скібскі, атакі часта праходзілі праз Грамыку. Мясаравіч ужо на 10-й хвіліне мог злёту замыкаць выпад сваёй каманды. Пасля яго перспектыўную спробу меў і экс-гулец "Кайрата". З боку ж "Дынама" ўдары зусім не прыходзілі. 

Чым далей, тым больш пакручастымі былі камбінацыі гаспадароў. Іх часта перапынялі абаронцы і паўабаронцы гасцей, таму "МЛ" разыгрываў стандарты. Адзін з іх ледзь не скончыўся голам Дыябатэ — выратаваў Казакевіч. "Дынама" ўсё часцей памылялася на віцебскім газоне. 

Рэдкія моманты ў мінчанаў з'яўляліся толькі пасля кутніх, але вострымі іх яўна не назавеш.

Гульня ўвогуле, калі выражацца штампамі, не ішла ў браму. Нават "МЛ" у першым тайме атрымаў толькі адзін момант, які мог значна падвысіць xG. Перадачы ў гаспадароў таксама часта зрываліся, што адмоўна ўплывала на тэмп гульні. Павольныя наступы, нявымушаныя памылкі ды малая колькасць удараў — так можна ахарактарызаваць першую палову. 

Другі тайм, як і папярэдняя палова, распачалася з ціску гаспадароў, якія зарабілі шэраг момантаў. Часам толькі Казакевіч не даваў "МЛ" павесці рэй у двухматчавым супрацьстаянні. У "Дынама" моманты па-ранейшаму не ўзнікалі, аднак сталічныя футбалісты паступова супакойвалі гульню, адсоўваючы супернікаў далей ад брамы Казакевіча. Рваны тэмп і неакуратны футбол не радаваў. Парадавала толькі рэалізацыя канкрэтнай каманды ў адным канкрэтным моманце. На 71-й хвіліне пасля чарговага вынасу мяча ад сваёй штрафной дынамаўцы знайшлі свой шанец у вельмі банальнай сітуацыі. Алыкулаў падаў мяч Джымэ, той знайшоў вольную зону і з яе расстраляў Паўлючэнку. Хоць гэта і не вынікала з логікі гульні, дынамаўцы адкрылі лік. Вядома, без Алыкулава нічога б не атрымалася: пацвердзіў сваё званне "джокера" кыргызскі гулец. 

Хутка пасля голу адбылася і масавая сутычка праз жорсткі фол Лісаковіча. Гульня закіпела толькі пад канец другога тайму. 

У адказ на прапушчаны мяч Грамыка загуляўся ў дрыблінг і не распаліў з іскры ў гасцявой штрафной паўнавартасны пажар. "МЛ" проста не шанцавала. Чаго не скажаш пра "Дынама". Чарговы кутні праз 10 хвілін пасля першага голу — і Варданян скарыстаўся скідам Джымэ. Нечакана для ўсіх госці прыціснулі больш распіяраных апанентаў. 

Так, мінчане проста паказалі цуды рэалізацыі. Не больш. Але часам менавіта выпадковасці і змяняюць хаду супрацьстаянняў. Перад другім паўфіналам у "Дынама" гандыкап значна лепшы.

"МЛ Віцебск" — "Дынама-Мінск" — 0:2

Галы: 0:1 — Джымэ (71), 0:2 — Варданян (81)

Папярэджанні: Алыкулаў (74)

"МЛ Віцебск": Паўлючэнка, Баранок, Гоманаў, Лісаковіч (к) (87, Іваноў), Бачароў, Волкаў, Скібскі, Мясаравіч (79, Канцавы), Маскаленчык (79, Одэ), Грамыка (87, Галята), Дыябатэ (79, Нікалсан)

Запасныя: Шчарбачэня, Жук, Глушкоў, Балановіч, Буланаў

"Дынама-Мінск": Казакевіч, Малашэвіч (66, Алыкулаў (84, Швецаў)), Селява, Варданян, Падстрэлаў, Турэ, Калінін, Джымэ, Абдуллахі, Бегуноў (к), Цепенков (84, Жачко)

Запасныя: Шімаковіч (в), Иваноў, Молчан, Вакуліч, Аляксандраў, Капленка, Сакалоўскі


Адзначым, паядынак у адказ адбудзецца 29 красавіка ў Мінску.

Поделиться