Мінскае "Дынама" ў яркім матчы перайграла аднаклубнікаў з Брэста ў рамках 7-га тура Вышэйшай лігі.
Яркае Дынамаўскае дэрбі закрыла праграму тура.
Бакіч і Казакевіч сустракаліся са сваім былым клубам. Шагойка з Сяднёвым чарговым разам правяралі адзін аднаго на трываласць. Брэст са сваёй непаўторнай атмасферай любові да футбола прымаў дынамаўскае дэрбі. Першае ў гэтым сезоне.
Са свістком гаспадары зарабілі кутні. Пас Ламакіна на Карцова проста адкрыў матч, але не лік. Новы кутні праз некалькі хвілінаў паўтарыў камбінацыю, аднак быў ужо бліжэйшым да адкрыцця ліку. Заўважна было, як магутна стартавалі берасцейцы. Госці ж наносілі ўдары хіба здалля. Праўда, можна было чакаць, што хлопцы Шагойкі падсуцішаць гульню адборам валодання. Не атрымалася.
Наперадзе атакі Брэста актыўнічаў Карцоў, часам падлучаўся Бакіч. Варданян падобным не адказваў. Раз-пораз адно Раман Бегуноў і ратаваў сваіх ад гаспадарскіх абвастрэнняў і выпадаў. Тым часам берасцейскія пазіцыйныя наступы перацеклі ў суцэльную ды трывалую аблогу брамы Казакевіча.
Першым адносна добрым ударам з боку сталічнай каманды адзначыўся Падстрэлаў на 20-й хвіліне. А ў адказ Карцоў ледзь не перагуляў былога аднаклубніка ў гасцявой штрафной.
Бліжэй да паўгадзіны гульні гульцы "Дынама-Мінск" сталі заўважнейшымі на поле, але іхныя атакі збольшага мелі прыстаўку контр-. Карцоў, за якім не прасачылі ў штрафной на 36-й хвіліне, меў чарговы шанец. Ды нанёс заслабы ўдар.
Першы тайм чыста паводле імпэту застаўся за "Дынама-Брэст", які меў безліч кутніх і яўна біў часцей. Толькі вось вастрыні нам не ставала.
Першай пяціхвілінкай другога тайму гульня выраўналася, хоць і засталася вельмі мутарнай.
На 51-й хвіліне Варданян аддаў мяч на Сакалоўскага, які ўварваўся ў штрафную ды без праблемаў перакінуў Малашчыцкага. Пасля голу мінскае "Дынама" стала ўпэўнена раскрывацца. Джымэ з Варданянам працягвалі камбінаваць. Небяспечны прастрэл на Сакалоўскага толькі пацвердзіў пералом у хадзе гульні. Вельмі спакойна выходзіў на ўдар Джымэ — вышэй за браму.
Канчаткова заблытаў гэтую гульню Ложкін. Выйшаў на замену, сходу атрымаў закід ад Лявіцкага, які скарыстаўся з памылкі дасведчанага, але павольнага Швяцова, — і галавою зрабіў 1:1.
Характар гульні стаў зусім адкрытым з абодвух бакоў. На сустрэчных курсах дзейнічалі каманды, што называецца. Небяспечным штрафным за хвілінаў 15 да канца гульні Кавалевічу не даў скарыстацца Казакевіч.
Але калі на 78-й хвіліне Турэ злавіў на памылцы Паўлаўца ды пакаціў на дубль Сакалоўскага, ніхто не здзівіўся. Усё ж такі пастаянныя перапасоўкі гасцей не маглі не перайсці на табло. Сталічная каманда ўчапілася за момант і ўжо не адпусціла перамогу. Маглі хлопцы Шагойкі і развіць перавагу. Праўда, мог і Брэст адгульвацца са сваіх стандартаў.
Быць можа, яны проста больш якасна распарадзіліся шанцамі ці больш упарадкавана, прадумана камбінавалі, ніж берасцейцы. А мабыць ім больш пашчасціла. Або гаспадары банальна не вытрымалі забег на дыстанцыі матчу. Кожны патлумачыць гэтую вікторыю па-свойму, залежна ад сімпатыяў.
Здаецца, логіка гульні можа апраўдаць усе варыянты.
Галы: 0:1 — Сакалоўскі (51), 1:1 — Ложкін (65), 1:2 — Сакалоўскі (78)
Папярэджанні: Сяднёў (41), Турэ (80), Казакевіч (87)
"Дынама-Брэст": Малашчыцкі (б), Ковель, Бакіч (Кавалевіч, 62), Ламакін (Ложкін, 62), Сцяпанаў, Паўлавец, Карцоў (к) (Бурак, 80), Гедэш (Рылач, 85), Бутарэвіч, Юзэпчук (Лявіцкі, 46), Зянкоў.
Запасныя: Клачковіч (у), Дзіёў
"Дынама-Мінск": Казакевіч (б), Швяцоў, Сялява, Варданян (Гвет, 88), Падстрэлаў (Алыкулаў, 46), Турэ, Калінін, Джымэ, Абдулахі, Бегуноў (к), Сакалоўскі (Жэчка, 80)
Запасныя: Шымаковіч (в), Іваноў, Молчан, Вакуліч, Аляксандраў, Карповіч, Цапянкоў
Такім чынам, мінчане абышлі "Гомель" і зараз займаюць другую пазіцыю ў чэмпіянаце, у актыве каманды 16 балаў. Падапечныя Аляксандра Сяднёва засталіся на 7-м радку — 10 ачкоў.
Брэсцкае "Дынама" 17 мая згуляе з "Дняпром" у Магілёве, а сталічны клуб 16 мая пазмагаецца з БАТЭ ў матчы за Кубак Беларусі.