"МЛ Віцебск" згуляў унічыю з брэсцкім "Дынама" у матчы пятага тура Вышэйшай лігі.
Віцебскі МЛ моцна надакучыў "Дынама-Брэст" апошнім месяцам. Пасля дзвюх аднолькавых паразаў ад "гусяў" у Кубку берасцейцы перажылі невялікі крызіс, але Сяднёў яўна прагнуў адпомсціць супернікам у чэмпіянаце.
Першыя дзесяць хвілінаў каманды дэманстравалі ўзаемны прэсінг з невялікай перавагаю гасцей. Часам удары прыходзілі з вострага кута ад Юзэпчука. Быў і моцны ўдар па браме экс-берасцейца Паўлючэнкі ад экс-"букмекера" Лявіцкага. "Дынама" чаплялася за мяч, а гаспадары раз-пораз недарэчна страчвалі валоданне.
Першы ўдар МЛ прыйшоў пасля імклівай контратакі, аднак Дыябатэ не змог разлічыць вышыню сваёй бісіклеты.
"Дынама" ж вяртала мяч і зарабляла рэгулярныя цікавыя стандарты. Іхныя супернікі ці не ўпершыню за сезон выглядалі невыразна.
Бакіч і Карцоў актыўнічалі наперадзе. Лявіцкі з Юзэпчуком не адставалі. Паўлючэнка назіраў штрафны за штрафным, кутні за кутнім. МЛ пры сваіх рэдкіх стандартах крыўдна памыляўся. Штопраўда, пад канец тайма віцябляне сталі больш кантраляваць гульню і навязваць свае атакі, аднак і ў абароне "Дынама" не кульгала. Але падобны пераход мяча да гаспадароў падсупакоіў тэмпы гульні. Ніхто, паводле шчырасці, не нагуляў на чысты гол у першай палове, аднак задатак на другую частку матча быў няблагім.
Другая ж частка распачалася з атакаў МЛ. Віцябляне зарабілі свой першы кутні. Пасля перспектыўнага наступу моцна страляў Дыябатэ. Працягвалі мяч у штрафную Лісаковіч і Грамыка. Валоданні Ігара Малашчыцкага былі ў паўнавартаснай аблозе. Удар Бачарова са штрафнога прыйшоўся ў папярэчыну, толькі цудам не адкрыўшы лік. Таксама шчыльна прабіў са стандарта Лісаковіч, аднак проста па пазіцыі Малашчыцкага. Кантроль МЛ рабіўся ўсё больш прыдушлівым. Віцебскі прэсінг займаў усё поле. Госці цалкам засталіся без мяча. Серыю стандартаў цяпер атрымалі гаспадары, перманентна знаходзячыся ў чужой штрафной. Прасядаць пачала і гасцявая абарона: так, памылка Паўлаўца вывела ў перспектыўны выпад Дыябатэ. Курʼёзны рыкашэт пасля эфектнага пасу з правага флангу абароны таксама паказаў нетрываласць брэсцкіх пазіцыяў. Выхад Скібскага дадаў гаспадарам больш свежасці і крэатыву ў атакоўных камбінацыях. Імпэт у МЛ не сканчаўся і падчас апошняй дзесяціхвілінкі. На 80-й хвіліне толькі сэйв Малашчыцкага пакінуў без гола Глушкова, якога вывеў на ўдар Дыябатэ. Праз нейкую секунду хіба траекторыя палёту не дала апрацаванаму ўдару Канцавога дасягнуць мэты.
Давесці матч да пераможнага канца ў віцяблянаў не атрымалася. Не прыйшлі "жалезныя" моманты. Дзесьці выстаяў Малашчыцкі, дзесьці самі не выціснулі максімум з шанцаў. Вясенні дожджык паліваў стадыён, апошнія чатыры хвіліны метадычна забіваліся прадстаўнікамі абедзвюх камандаў.
Вынік — безгалявая нічыя, якая ў прынцыпе задаволіла ўсіх.
BETERA — чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па футболе. Пяты тур.
"МЛ Віцебск" — "Дынама-Брэст" — 0:0
Папярэджанні: Грамыка (12), Грачыха (22)
"МЛ-Віцебск": Паўлючэнка (б), Глушкоў (83, Іваноў), Гоманаў, Волкаў, Балановіч (к) (67, Скібскі), Лісаковіч, Маскаленчык, Грамыка (76, Нікалсан), Бачароў, Дыябатэ, Канцавы (83, Мясаравіч).
Запасныя: Шчарбачэня (б), Галята, Буланаў, Одэ, Баранок, Жук
"Дынама-Брэст": Малашчыцкі (б), Бакіч (62, Кавалевіч), Лявіцкі, Сцяпанаў, Грачыха (73, Ламакін), Паўлавец, Карцоў (к) (73, Ложкін), Бутарэвіч, Лаўрык, Юзэпчук (86, Гедэш), Зянькоў
Запасныя: Клачковіч (в), Рылач, Хралянкоў, Дзіёў, Бурак
Такім чынам, каманда Міхаіла Марціновіча падымаецца на другую пазіцыю — 11 балаў. Падапечныя Аляксандра Сяднёва — сёмыя з сямю ачкамі ў актыве.
Наступны паядынак "МЛ Віцебск" правядзе у Кубку краіны супраць мінскага "Дынама" 29 красавіка. "Дынама-Брэст" 3 мая адправіцца ў госці да БАТЭ.
Табліца Вышэйшай лігі:
