"МЛ Віцебск" мінімальна абыграў "Тарпеда" ў 1-м туры вышэйшай лігі-2026.
Галы: 0:1 — Галята (63)
Папярэджанні: Французаў (18), Перавіч (22), Грамыка (50), Лісаковіч (67), Агбо (78), Галята (81)
Тарпеда: Ігнатовіч (в), Бамба, Прамудраў (к), Будзько, Руцкі, Баранок, Пабудзей, Жульпа, Міхайрын, Французаў (Агбо, 65), Перавіч (Марцьянаў, 58)
Запасныя: Юрасаў, Масленікаў, Манаеў, Бацішчаў, Залескі, Кісялёў, Гаявы.
МЛ Віцебск: Паўлючэнка (в), Маскаленчык, Гоманаў, Волкаў, Скібскі (Баранок, 90), Одэ, Лісаковіч (к), Грамыка (Канцавы, 61), Месаравіч (Галята, 61), Дыябатэ (Нікалсан, 77), Глушкоў (Бачароў, 77).
Запасныя: Шчарбачэня, Быкаў, Жук, Іваноў, Буланаў.
Старт чэмпіянату парадаваў яскравай і годнай гульнёю на полі "Дынама-Юні". "Тарпеда" прыемна здзівіла, але ўсё вырашыў адзін гол Галяты. "МЛ" набраў свае першыя тры балы ў табліцы.
Дадзены матч сабраў 550 гледачоў і выйшаў на рэдкасць жывым, хоць і праходзіў ранняй авітамінознай вясной на сырой сінтэтыцы. Сёлета "Дынама-Юні" быццам бы стаў для "белазаўцаў" родным. І гэта нягледзячы на тое, што сам чэмпіянат распачаўся толькі ўчора. Дыябатэ і Мясаравіч выйшлі на ягонае поле супраць менш дасведчанага, вельмі маладога "Тарпеда". Жодзінцы неспадзявана актыўнічалі, спрабуючы змыць з сябе бруд кубкавай ганьбы. Жульпа ўжо на 6-й хвіліне мог выводзіць намінальных гаспадароў наперад — замінула штанга. Яшчэ праз некалькі імгненняў забіць "белазаўцам" не даў асабіста Паўлючэнка сэйвам у стылі Буфона. Як ні дзіўна, "гусі" асабліва не вылучаліся, нібыта іх здзівіла дзёрзкасць чорна-белай каманды. Прыемна здзіўляла нас жодзінская моладзь. Бадзёра выходзіла з-пад прэсінгу ў атакі і, што радавала ў параўнанні з мінулым матчам, зусім не трымала мяч у паветры.
"МЛ" адказаў на імпэт гаспадароў выпадам сам-насам Глушкова, але сумленна спрацаваў Ігнатовіч. Пад канец першага тайму іхныя моманты рабіліся ўсё больш частымі і небяспечнымі. Некалькі моцных удараў у астоў толькі цудам не вывелі гасцей наперад. "Тарпеда" спрабаваў ураўнаважыць сітуацыю сваімі стандартамі, аднак выціснуць з іх хлопцы Лянцэвіча нічога не маглі. Што праўда, роўнасць апанентаў у першым тайме здзівіла. Другі ж тайм распачаўся стрэлам Французава, які перавёў Паўлючэнку ў рэжым Буфона. Пасля гэтага сваё слова сказаў Дыябатэ, там ужо Ігнатовіч паказаў майстар-клас брамніцкай гульні. "Тарпеда" ж працягваў напружваць фаварытаў сваім эфектыўным і эфектным валоданнем. Але і Лісаковіч на 56-й чарговым стрэлам пахістаў астоў брамы гаспадароў. Праз яшчэ сем хвілінаў "МЛ" усё-такі паказаў, як досвед даціскае маладосць. Прастрэл усё таго ж Лісаковіча на свежага Галяту — і 0:1.
Але гульцы "чорна-белых" не здаваліся. Мог выраўнаць становішча сваім парашутыкам Жульпа, які ледзь не скарыстаўся памылкаю Паўлючэнкі. Мяч не захацеў ляцець у пустую браму. Выступ "МЛ" цягам гульні рабіўся больш упэўненым. Кожная іхная атака прыціскала супернікаў да сваёй штрафной. На апошнія 13 хвілінаў Марціновіч выпусціў магутнага нападніка зборнай Ямайкі Нікалсана — галоўную трансферную бомбу гэтага чэмпіянату. Асаблівага надвор'я ён зрабіць не паспеў, аднак і "Тарпеда" перастала выходзіць з-пад прэсінгу, ужо не спрабуючы напужаць Паўлючэнку. Да канца матчу іхныя не самыя вострыя атакі прывялі хіба да чарговага, зусім бяззубага, кутняга. Такім чынам, ужо трэці запар матч "МЛ" скончыўся сухой перамогай. Заканамернай, але пры гэтым і з актыўным супрацівам апанентаў, што было нечаканасцю. Спадзяемся, хлопцы Лянцэвіча яшчэ знойдуць сваю гульню на шляху гэтага доўгага сезона, які ляжыць перад імі і кліча скараць новыя вяршыні.
Турнірнае становішча на дадзены момант:
