БАТЭ перамог "Тарпеда-БелАЗ" у 1/4 Кубка Беларусі і прайшоў у паўфінал. Барысаўчанам хапіла двух галоў у першым тайме, каб атрымаць валявую перамогу паводле сумы двух матчаў.
Гульні ў адказ
БАТЭ-"Тарпеда-БелАЗ" — 2:0
Галы: 1:0 — Жан Шарль Яо (26), 2:0 — Дубоўскі (44)
Папярэджанні: Целеш (48), Скапец (53), Чагавец (87)
БАТЭ і "Тарпеда-БелАЗ" прыехалі на вуліцу Сямашкі ў Мінск, каб згуляць другі матч кубкавага чвэрцьфіналу.
Першыя хвілін дзесяць гульня была вельмі размытай. Дзве абноўленыя і маладыя каманды проста не трымалі мяч у цэнтры. Часцяком яны памыляліся на сталічнай сінтэтыцы. Мяч рэгулярна ўзлятаў у паветра, аднак мы не бачылі нават акцэнтаваных атак. Удары таксама не прыходзілі. Прачынацца калектывы Лянцэвіча і Канцавога сталі бліжэй да 20-й хвіліны, але абмяжоўваліся рэзкімі прарывамі ў чужую штрафную. У абодвух былі праблемы з якасцю пасу і закідаў. Роўнасць апанентаў кідалася ў вочы
З боку "Тарпеда" вылучаліся хіба што камбінацыі Пабудзея і Бамбы, з боку БАТЭ быў актыўным Шарль. І Жан Шарль жа нечакана забіў прыгожы гол. Здалля ў дзявятку пасля тонкай перадачы Целеша, без шанцаў для Ігнатовіча. Вось цяпер можна было спадзявацца, што гульня паступова раскрыецца, бо гуляць на ўтрыманне жодзінцам ужо не было сэнсу. Жодзінцы ўзялі мяч пад кантроль і нават стварылі момант з кутняга. Вострыя эпізоды былі і ў БАТЭ — узгадаць той жа стрэл Яцкевіча. Удары пачалі наносіцца рэгулярна, што ажывіла гульню.
На 40-й хвіліне сышоў аўтар гола. Жан Шарль яшчэ ў пачатку гульні атрымаў пашкоджанне, але гераічна і эфектыўна правёў амаль цэлы тайм. Амаль адразу пасля гэтага Дубоўскі падчас розыгрышу штрафнога расстраляў Ігнатовіча. Першага тайму хапіла БАТЭ, каб перакуліць хаду гульні з ног на галаву.
Тайм жа другі распачаўся з абстрэлу брамы Скапца. Адразу некалькі гульцоў "Тарпеда" прабівалі зблізу, Арсень усё пацягнуў. Жодзінцы, больш ціснулі, больш стваралі, а калі страчвалі мяч, дэманстравалі якасны прэсінг. БАТЭ гуляў на контратаках. Аднак колькасць удараў зноў пачала скарачацца
З хвіліны сямідзясятай тэмп гульні стаў вельмі рваным. Паўзы перапынялі і без таго не самую змястоўную другую палову гульні. Так, у адрозненне ад першага тайму, дзе былі яскравыя эпізоды, другая частка нас не радавала зусім. Адсутнасць момантаў, роўнае валоданне, шмат гульні праз закіды — усе недахопы пачатку матчу вярнуліся пад ягонае заканчэнне. Брамнікі ў гульню ўжо не ўступалі.
Чым бліжэй да канцоўкі, тым больш футбалісты БАТЭ цягнулі час да афармлення валявой перамогі. І дацягнулі. Двух галоў у першым тайме хапіла ім для таго, каб выйсці ў паўфінал Кубка Беларусі. Яны здолелі скарыстацца сваімі шанцамі і адгуляліся пасля паразы тыдзень таму. А вось "Тарпеда-БелАЗ" сёння так нічога і не прадэманстраваў па сутнасці, што вызначыла ягоны лёс у гэтым турніры.