БАТЭ і мінскае "Дынама" разышліся мірам у беларускім "класіка"

Фотарэпартаж з матча ад нашага фотакарэспандэнта Ігара Сцепанцова

БАТЭ і мінскае "Дынама" разышліся мірам у беларускім "класіка" ў рамках 8-га тура Вышэйшай Лігі.

Мы ўжо прызвычаіліся, што лёсаванне чэмпіянату магічным чынам дорыць нам шчасце ўжо якога разу запар назіраць сустрэчу каманд, якія літаральна толькі што сутыкаліся ў Кубку. Шагойка атрымаў шанец рэабілітавацца за фінальную паразу.

Ужо на чацвёртай хвіліне Жан Шарль выскачыў у контратаку. "Дынама" жа з першых хвілінаў рабіла стаўку на пазіцыйныя наступы.

Першым момантам міначнаў стаў удар Падстрэлава. Таксама добрыя залпы запускалі Фаваз і юная зорка Сакалоўскі.

На полі адсутнічаў Бегуноў, аднак нястача капітана не была заўважная, бо абарона моцна не напружвалася.

Да сярэдзіны першага тайму гульня крыху супакоілася, але праходзіла пад павольныя рытмы дынамаўскага валодання. Часам яе ажыўлялі перахопы мяча гаспадарамі пад галас "Барысаў-Арэны".

Матч увогуле быў досыць малападзейным, а ягоная цеплавая мапа гарэла б чырвоным агнём у цэнтры поля, але не ў штрафных.

Праўда, на 33-й стала горача ўжо ля брамы Казакевіча. Мардас мог раптоўна выводзіць сваіх наперад. У адказ жа "Дынама" некалькі разоў падышло да валоданняў Чэрніка.

Але збольшага мы назіралі закрыткю гульню, дзе абодва бакі асцярожнічалі ды баяліся хоць нейкіх рэзкіх і рызыкоўных дзеяў. Нібыта страх страціць балы ў табліцы вымушаў каманды адмовіцца ад спробаў абвастрэння. І БАТЭ, і "Дынама" хутчэй спаборнічалі ў якасці "лонгболаў", ніж у колькасці забітых мячоў.

Другі тайм працягнуў сумную ды нават санлівую тэндэнцыю папярэдніка. Нічога яскравага. Парачка дынамаўскіх стандартаў — гэта ўсё, што магло прыцягнуць увагу да хвіліны імя Капскага. З боку БАТЭ здарыўся хіба завалены прарыў Жана Шарля. Любы выпадковы гол мог раскрыць гульню, але гэты выпадак не прагледжваўся ў логіцы сустрэчы.

Так, "Дынама" часцей, ніж у першай палове, было ў атацы, нават мела пэўныя моманты, аднак рэалізацыя кульгала. Выхад Алыкулава асвяжыў атаку, хоць кыргыз таксама не заўжды прымаў правільныя рашэнні ў дынаміцы. Абарона БАТЭ сціскалася ўсё шчыльней, "аўтобус" было ўсё складаней прастрэльваць.

За дзесяць хвілінаў да канца ніякіх зменаў у малюнку гульні не назіралася. Шагойка перабудаваўся ў 4-4-2, але ж выразней абвастраць дынамаўцы не сталі.

Затое "джокер" Целеш праскочыў у штрафную ды нанёс нечаканы удар па пазіцыі Казакевіча. Прыкметна, што гэта быў першы ўдар у астоў для БАТЭ.

На 84-й хвіліне круты разварот Алыкулава мог вывесці гасцей наперад — перашкодзіла толькі нага Айка Мусаханяна.

Пад канец гульні абмяркоўваць можна было хіба неспадзяваную адваротную замену Алыкулава на Швяцова — дужа дзіўным выглядаў такі трэнерскі крок. Падзеі, якіх не было ў асноўны час, акуратна пачалі праскокаваць у даданы.

Скончыўся матч, што не здзівіла, з круглымі нулямі на табло. Быццам бы ўсё, што магло ад гэтых калектываў заляцець у браму, заляцела ў фінале Кубка (які, шчыра кажучы, таксама не быў прыкладам яскравай наступальнай гульні).

БАТЭ — "Дынама-Мінск" — 0:0

Папярэджанні: Карповіч (88), Целеш (90+3)

БАТЭ: Чэрнік (б), Мусаханян, Русакоў (Целеш, 79), Грывянёў (Міхнюк, 79), Кавалёў, Рашчэня, Нескаромны, Жан Шарль (Ярмоліч, 64), Рахманаў, Мардас (Апанасевіч, 64), Крэс

Запасныя: Скапец (б), Інцаен, Ангбан, Мірскі, Пратасеня, Журын

"Дынама-Мінск": Казакевіч (б), Сялява, Варданян, Іваноў, Падстрэлаў (Малашэвіч, 73), Вакуліч, Калінін, Джымэ (Гвет, 64), Карповіч, Абдулахі, Сакалоўскі (Алыкулаў, 64; (Швяцоў, 90+1))

Запасныя: Шымаковіч (б), Дубатоўка, Жэчка, Турэ, Аляксандраў, Цапянкоў


Такім чынам, мінскае "Дынама" ўзнялося на другую пазіцыю, у актыве каманды 17 балаў. БАТЭ з шасцю ачкамі займае 13-ы радок у табліцы.

Наступны матч барысаўчане правядуць 24 мая ў гасцях у "Славіі" з Мазыра, мінчане ў гэты ж дзень прымуць магілёўскі "Днепр".

Табліца Вышэйшай лігі на дадзены момант:


А вось так гэты матч убачыў наш фотакарэспандэнт Ігар Сцепанцоў:

































Поделиться