Вендэта па-італьянску: Міланскі "Інтэр" адпомсціў за землякоў "Феенорду"

Вендэта па-італьянску: "Інтэр" адпомсціў за землякоў "Феенорду"

У чарговым відовішчы 1/8 фіналу галандцы не змаглі доўга трымаць чэмпіёнаў Італіі ў напружанні. "Нерадзуры" ўпэўнена пераадолелі хлопцаў ван Персі.

Усім вядома, што ван Персі быў вялікім гульцом. Сімонэ Індзагі ж на полі не дасягнуў  вяршыняў, якія скарыліся ягонаму брату, аднак "скудэта" і выхад у фінал замінулай Лігі чэмпіёнаў зрабілі з яго нядрэннага настаўніка. Матчы ў еўракубках часта выносяцца ў загалоўкі як трэнерскія дуэлі, гэты выключэннем не стаў. Асаблівага фону гульні дадавала тое, што "Феенорд" на папярэднім этапе вынес братоў "Інтэра" па стадыёне. Шматлікія траўмы ў італьянцаў таксама крыху выраўноўвалі вагі. 

Осман з "Феенорда" адразу ж праверыў рэакцыю Марцінэса, нібы пацвярджаючы здагадку, што галандцы не збіраюцца спыняць сваё пераможнае шэсце. Калі ж стыльную контру выдалі "змеі", уджаліць  абарона не дала ні Цюраму, ні Лаўтару. Затое на другую цікавую дуэль з галкіперам "Інтэра" выйшаў Осман. 

Пайшау расцягваў латэраляў праціўніка, а вуглавыя "Феенорда" выглядалі больш страшнай зброяй, чым закіды чэмпіёнаў Італіі. Вельмі ўражвала і галандская манера контратакаваць праз флангі. Усё гэта дазваляла дамінаваць ва ўдарах, практычна не трымаючы мяч у нагах, але паступова да "Феенорда" пераходзіла і валоданне. Актыўнае выкарыстанне абедзвюма камандамі латэраляў рабіла матч дастаткова змястоўным, аднак амаль не прыносіла момантаў. 

Першы сурʼёзны момант, насуперак логіцы гульні, здарыўся ў "Інтэра". Цюрам валодае ўнікальным пачуццём гола. Закід ад Думфрыса — якраз латэраля — і без шанцаў для Веленройтэра. Калі ж праз секунду абарона галандцаў зноў прасела ад нечаканасці — ад стрэлу Лаўтара толькі немец і выратаваў.

Але ў пачатку тайма другога Лаўтара свой шанец такі знайшоў. Чарговы латэраль, Бастоні, адпасаваў у штрафную і там не разгубіўся чэмпіён свету, прабіўшы зблізу. "Феенорд" атрымаў, здавалася б, непапраўны ўдар. 

Нягледзячы на рэдкія спробы хоць нешта яму супрацьпаставіць, "Інтэр" акапаўся ў чужой штрафной, а фол Мітчэла на Цюраме прывёў да пенальці, дзе Веленройтэр не дапусціў прынізлівага разгрому. "Феенорд" правальваўся ўсё больш. 

Апошнія 20 хвілін далі такое ўражанне, нібы каманды дамовіліся дагульваць матч без рэзкіх выпадаў. "Феенорд", праўда, канчаткова "паплыў", як баксёр на рынгу, і стаў жорстка фаліць. У гэтым была свая логіка: нават з адставання ў два мячы і ў гасцях ван Персі зможа знайсці выйсце, але яўна не з большага разрыву. Хоць "Інтэр" і дамінаваў у статыстыцы ўдараў, гаспадары патроху вярталі сабе валоданне мячом. Бессэнсоўнае і непатрэбнае: абарона і паўабарона міланцаў ужо знайшла антыдоты на флангавыя ўколы апанента. 
Вось так сканчваўся першы афіцыйны матч у ЛЧ для ван Персі на чале "Феенорда". 

Так, ягоныя хлопцы перамаглі "Мілан". Аднак сёлета "Мілан" шмат хто перамагаў. Цягам гульні супраць іншай каманды з гэтага горада яны відавочна стаміліся — адпаведна, атрымалі складаны выклік перад новым выездам у сталіцу моды.

ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ
1/8 фіналу. 5 сакавіка. Першы матч.
ФЕЕНОРД — ІНТЭР 0:2
Галы: 0:1 — Цюрам (38), 0:2 — Лаўтара Марцінэс (50)
На 65 хвіліне Зяліньскі не рэалізаваў пенальці 
Папярэджанні: Мітчэл (68), Веленройтэр (71), Бастоні (74) Осман (76), Арнаутавіч (90+6)


Автор: Аляксандр Хацкевіч

Поделиться