VAR раздаў чырвоную, першае паражэнне "Нёмана" за 8 гульняў, а МЛ замацаваўся на вяршыні

Якім атрымаўся матч у Віцебску

Гульня між "МЛ" і "Нёманам", у якой працягвала разгортвацца чэмпіёнская інтрыга, распачалася досыць спакойна.

Ніякіх вострых выпадаў, мяч трымаўся прыблізна пароўну, хіба што настолькі частых пазіцыйных наступаў ад гасцей ніхто не чакаў. Пад іхнымі атакамі ды прэсінгам дзейныя чэмпіёны нават раз-пораз памыляліся паблізу ўласнай штрафной. У раёне дзясятай хвіліны вялікую небяспеку для сваёй брамы прынёс Паўлючэнка, аднак памылку выправіў і не даў ёю скарыстацца Савіцкаму.

Цягам першага тайму валоданне ды ініцыятыва ад гродзенскай каманды толькі раслі, асабліва вылучаўся ўжо згаданы Павел Савіцкі са сваімі флангавымі прарывамі. Не баяліся біць па браме Паўлючэнкі госці ды ўключалі прэсінг пасля страты мяча. Але першы прыцэльны ўдар усё-такі нанеслі гаспадары. Небяспечна прабіваў Грамыка. І праз некалькі хвілінаў пасля першага моманту закід Паўлючэнкі на Канцавога праз усё поле прывёў да адносна лёгкага адкрыцця ліку гаспадарамі. 

Гол часткова выпадковы, не зусім у логіцы гульні, аднак імпэту ў "гусяў" пасля яго стала больш. Да канца першай паловы рэальных шанцаў больш не мела ніводная з камандаў. Атакі працягвалі курсаваць ад адной брамы да іншай вельмі хуткімі тэмпамі. Не сказаць, каб багаты на падзеі перыяд. Глядзеўся цікава, ды толькі сутнасна вылучыць у ім можна было хіба актыўнасць хлопцаў Кавалевіча. Трэнер ужо адзначаў, што і ў першым коле "Нёман" даў бой віцяблянам. Гродзенскі клуб заставаўся тым рэдкім калектывам, які не баіцца дзейных чэмпіёнаў. Але на табло іхныя намаганні да 45-й хвіліны так і не адлюстраваліся.


Вельмі яскрава распачаў Панця другі тайм. Гродзенцы працягвалі надаваць ціск на браму супернікаў і толькі няўдалы ўдар Савіцкага пасля кутняга замінуў выраўнаць лік ужо на 53-й хвіліне. Валоданне ды камбінацыі гасцей толькі смялелі. Меў шанец Якімаў. Рэгулярна закідвалі на Пушнякова. "МЛ" даводзілася трываць і збольшага чакаць на контратакі. Цікавае яны прадэманстравалі хіба што на 71-й хвіліне, калі перспектыўны прастрэл свежага Скібскага проста не было каму замкнуць. Праз пяць хвілінаў Канцавы не змог скончыць контрвыпад сваім дублем.

Бліжэй да апошняй дзесяціхвілінкі мы ўбачылі незвычайны (нават надзвычайны!) для нашага чэмпіянату эпізод. Адмашка Панці ў барацьбе з Івановым прывяла да таго, што VAR змяніў украінцу пакаранне. Замест жоўтай карткі ён убачыў перад сабою чырвонае святло. Праз хвіліну такую ж кардонку прадэманстравалі і Ігару Кавалевічу.

"МЛ" здолеў цалкам захапіць ініцыятыву ў стомленых і абяззброеных гасцей толькі напрыканцы гульні. Пастаянна націскаў на іхную штрафную. Нават змог забіць, ды гол Іванова даданым часам скасавалі праз афсайд. У выніку атрымалася хоць і напружаная, аднак справядлівая перамога, бо "Нёман" колькасць удараў і валодання ў якасць так і не перавёў.

МЛ ВIЦЕБСК — НЁМАН — 1:0 

Гол: 1:0 — Канцавы (26)

Выдаленні: Панця (79), Кавалевіч (82)

"МЛ Віцебск": Паўлючэнка (б), Одэ, Гоманаў, Клеанізэ (Босіч, 56), Бачароў, Волкаў, Балановіч (к) (Іваноў, 68), Мясаравіч (Гнака, 68), Маскаленчык, Грамыка (Скібскі, 56), Канцавы. 

Замены: Шчарбачэня (б), Баранка, Махамадзі, Іваноў, Гнака, Босіч, Скібскі, Грудзько, Буланаў. 

"Нёман": Матысюк (б), Васільеў, Панця, Пушнякоў, Еўдакімаў, Садаўнічы (к), Якімаў (Дайнэка, 89), Спэтару (Сучкоў, 64), Казлоў, Гірс (Паўлюкавец, 89), Савіцкі (Раткавіч, 64) 

Замены: Маліеўскі (б), Танкевіч, Назаранка, Раткавіч, Сучкоў, Дайнэка, Кірко, Ёрмі, Паўлюкавец.

Автор: Аляксандр Хацкевiч

Поделиться