Знянацку змяніўшы трэнера перад плэй-оф ЛЧ "Феенорд", што біўся з незразумелым і незразуметым "Міланам", — клуб-парадокс. Іхнаю ахвяраю палі "Жырона", "Спарта", "Бенфіка" і іншыя каманды, якія збольшага не знайшлі сваю гульню сёлета. Сюды ж можна аднесці нічыю з "Сіці". Сапраўды здзівіў хіба сенсацыйны ўдар проста пад рабрыну разняволенай "Баварыі". А потым — каб падкрэсліць усю непрадказальнасць і жорсткую дасціпнасць новага фармату Лігі — адбылася катастрофа з двума аўтагаламі ды агульным лікам "1:6" з "Лілем". Яўна французы не маюць прэтэнзіі на званне наймацнейшай каманды гэтага розыгрышу, аднак "Феенорд" быў імі растаптаны. І вось цяпер галандцы зноў паехалі на атракцыёне нябачанай нелагічнасці ўверх.
Увагу ў афішы, якая аддавала духам 1970-х гадоў, прыцягваў і Хіменэс. Санцьягу, не Рауль, не паблытайце.
Аўтар дубля самому Мануэлю Ноеру акурат перад вочнай сустрэчаю апынуўся ў "Мілане", які закупіўся да ўжо чарговага для сябе плэй-оф Лігі. Санцьягу воляю лёсу давялося глядзець на ўчорашніх аднаклубнікаў з іншага боку дымавой заслоны фанатаў — аднак не давялося рабіць ім балюча.
Матч раіўся для прагляду тым, хто хоча зразумець, чаго можна чакаць ад крышачку падноўленага калектыву Кансэйсау. Зноў не зразумелі. Калектыў прапусціў хуткі гол: збольшага вінаваты мокры мяч.
Фелікс, Хіменэс і Уокер амаль не раскрылі сябе пад гэтым дажджом, а абарона раз за разам правальвалася — і толькі выразная недасведчанасць галандцаў не дала ім развіць поспех.
"Мілану" заставалася прынізліва выпрошваць пенальці пры адсутнасці сурʼёзных момантаў. Астатнія ж падыходы з абодвух бакоў аператыўна ўтаймоўваліся абаронцамі, што выпраўлялі ўласныя памылкі.
Прынамсі першы тайм стаў ідэальным узорам паняцця "роўная гульня" — і якасна, і статыстычна. Валоданне роўнае, стыль атак у каманд таксама ідэнтычны. Запомніўся ён хіба недарэчным голам Пайшау і яшчэ адным ягоным прыкметным стрэлам.
Другая палова таксама спачатку не мела яскравых плям, акрамя ўзгаданага бразільца ды разагнаных ім атак. Памылкі працягвалі быць узаемнымі і на ўсіх пазіцыях.
Нават паступовы пераход ініцыятывы да гасцей не адразу абвастрыў гульню: "Мілан" не здолеў часта і акцэнтавана біць у бок чужых варот. Толькі пад канец італьянцы распачалі тое, што можа азвацца штурмам варот Веленройтэра. Не дапамагло: нават 6 хвілін — занадта малы час, каб адгуляцца (калі ты не "Рэал", вядома). Фелікс расстрэльваў праціўнікаў з усіх гарматаў, дэманстраваў насамрэч партугальскі дрыблінг (Кансэйсау ўхваляе), ягоныя калегі не пакідалі чужую штрафную, але лік застаўся на табло. Не зусім ужо і лагічны — парадаксальны! — лік, хоць і гульня празмерна дзіўная. Слізкасць мяча ў руках Меньяна ўжо на 3-й хвіліне перадвызначыла вынік, які нават фінальны імпэтны акорд клуба з горада "Ла Скалы" не змяніў. Сенсацыя? Маленькая. Што зразумела? Паўтаруся: нічога...
Цікаўна, што ў выпадку перамогі ў дамашняй гульні "расанеры" трапяць на "нерадзуры", як у 2023-м. Але што тут казаць: вышэй за той сезон яны наўрад ці здолеюць падскочыць. Ім бы "Феенорд", так бы мовіць, абскакаць на відавочна кульгавых нагах.