"Титаник" Гвардиолы вновь утонул: "Реал" без эмоций разгромил кризисный "Сити"

"Тытанік" Пэпа патануў: "Рэал" без эмоцый разграміў крызісны "Сіці"

Матч у адказ "класіка" Лігі чэмпіёнаў не падмануў чаканні вялікай колькасці галоў, але сказаць хоць нешта добрае пра каманду Гвардыёлы не ўдаецца: 3:1 на "Бернабэу" — і ганебны вылет з турніру

Пэп Гвардыёла не можа ўзнавіць кантроль над сітуацыяй, калі ўсё пайшло не паводле плану з першых хвілін. Такі сумны лёс у многіх тактычных гікаў.

Праўда, звычайна дамінуе "Сіці" — не мне вам пра тое расказваць. Але карыстаючыся абсалютным, непрыхаваным крызісам, менавіта задамінаваў "Рэал". Паводле валодання — 52:48 у адсотках проці Гвардыёлы — гэта ўжо нешта неймавернае. Паводле ўдараў у створ. У "Сіці" іх да канца першага тайма было роўна 0. Ні Фодэн, ні Гюндаган, ні Сілва з Мармушам (ён замест Холанда) не здолелі нават напужаць сваім выглядам Куртуа.

"Сіці" пакуль застаецца падбіраць за слабасцямі апанента. Вось тыдзень таму "Рэал" дазваляў сабе памыляцца, а цяпер ужо нібыта быў дакладны загад ад Анчалоці: ні кроку назад, ні на секунду не страчвайце канцэнтрацыю. І дало ж плён.

У прынцыпе гульня была спакойнаю, кантроль забяспечваўся якраз за кошт халоднага — без традыцыйнай ужо для іспанцаў жарсці — валодання і мячом і ініцыятываю "Рэалам". Яшчэ таму спрыяла татальная нязмога нязвыкла бяссільных грандаў англійскага футбола ў нязвыкла барвовых футболках хоць нешта супрацьпаставіць "каралеўскаму клубу", які, быццам бы настолькі ж каралеўскі слон, расціснуў маленькі караблік брытанскага флоту з эмблемы "Сіці". "Гараджане" не вытрымалі падманлівага штылю і патанулі.

Два залпы разнеслі ім барты. Абодва выціснуў са спрытных перапасовак Кіліян Мбапэ. На чацвёртай і трыццаць трэцяй хвілінах адпаведна.

Вальвердэ з Радрыга нішчылі флангі, прастрэльвалі здалля, а абаронцы клуба з Манчэстара хіба што сцялілся ў падкатах і часам няёмка паслізваліся на мадрыдскім газоне — такім жа зялёным, як экс-гулец "Энэргетыка-БДУ" Хусанаў у кадры пасля чарговага гола Мбапэ.

Ужо тады было зразумела, што працяг банкету будзе. Проста так французскі геній не спыніцца. Ён зладзіў, што называецца, one-man-made goal. Расстраляў у далёкі кут Эдэрсана. Эстэтычна аформіў хет-трык, паказаўшы, наколькі глыбока апускаецца карабель з геніем каталонскім ля стырна.

Real_Manchester_Siti_Getty_Images7_bd2b285273.jpg

Проста нельга вечна быць на высокіх хвалях, асабліва калі момант для перафункцыянавання сваёй паўабароны, якая да таго ж не мае асноўнага слупа ў выглядзе Родры, ты страціў прыблізна пасля святкавання перамогі ў Лізе чэмпіёнаў 2023-га. Вось і ламаецца твая сістэма пад націскам французскага тарана ў руках Анчалоці другога разу запар. Цяпер прынізліва — з разгромам і дэкласаваннем Фодэна за секунду да таго самага хет-трыка.

Апошні момант гульні — нягеглы гол Гансалеса ў пустую браму пасля недарэчнага штрафнога — быў настолькі камічным і неістотным, што яшчэ больш прынізіў "Сіці". Дарма ВАР на яго трацілі. На 90+2 хвіліне двубою. Падкрэслілі усё, што можна сказаць пра англічанаў сёння.

Белы айсберг "Рэала" даўно топіць "Тытанік" мудрагелістых пабудоў Пэпа. Здзекліва, але і безэмацыйна адначасова. У айсберга свая мэта. Прастаяць і не растаць да апошняга дня вясны.


ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ

Накаўт-раўнд. 19 лютага. Матчы ў адказ

РЭАЛ — Манчэстар Сіці

Галы: 1:0 — Кіліян Мбапэ (4), 2:0 — Кіліян Мбапэ (33), 3:0 — Кіліян Мбапэ (61), 3:1 — Ніка Гансалес (90+2).

Першы матч — 3:2


Автор: Аляксандр Хацкевіч

Поделиться