Што паказала ўскрыццё "чмяля"? "Сіці" пераадолеў абарону "Барусіі"

Нягледзячы на ўсе пабудовы Ковача, дубль Фодэна забяспечыў гаспадарам перамогу і дазволіў нам убачыць зусім іншых "чмялёў". Але іхны прыемны імпэт быў збольшага марным. Галоўная афіша дня прынесла яскравыя 4:1 на табло "Этыхада"

Нягледзячы на ўсе пабудовы Ковача, дубль Фодэна забяспечыў гаспадарам перамогу ў Лізе чэмпіенаў і дазволіў нам убачыць зусім іншых "чмялёў". Але іхны прыемны імпэт быў збольшага марным. Галоўная афіша дня прынесла яскравыя 4:1 на табло "Этыхада". Пытанне перад матчам было наступным: што ад сустрэчы чакаць? Што менавіта пераможа: сухі стыль, абарончая "бляшанка" Ковача або метадычны, але выніковы футбол Гвардыёлы на чале з нарвежскім галеадорам.

Праўда, закрытыя парадкі "Барусіі" маглі затрымаць час з'яўлення галоў — і даслаць вас у царства Марфея пад калыханку блакітных пазіцыйных атак.

І сапраўды — першыя хвіліны можна апісаць як ціск на жоўта-чорных, які мог падацца сумным. І вось толькі калі жоўтую кансервную банку Філ Фодэн некалькі разоў працяў нажом сваіх забегаў, можна было яе канчаткова ўскрываць. Вечна малады паўабаронца закруціў мяч у далёкі кут, перагуляўшы Кобеля праз чвэрць гадзіны матча.

А далей такіх прарываў было безліч. Чаго варты адзін удар О’Райлі, які расстраляў кіпера ўпрытул. Адразу за ім па ўжо прабітай дортмундскай бляшанцы стрэльнуў Холанд, які біў з той жа пазіцыі.

Дый ніякай "бляшанкі" — ніякіх абарончых парадкаў — тады і не было. Валоданні Кобеля ўяўлялі сабою прахадны двор, дзе ўсе запар гвардыёлаўскія хлопцы практыкаваліся ў магутнасці стрэлаў, нібы здзекуючыся з Грэгара. Трэці гол быў пытаннем часу.

Аднак "Барусія" пад канец першай паловы паспрабавала даць адпор гаспадарам, нават пачала забіраць валоданне. Вось толькі розніца ў класе рэзала нават няўзброеныя вочы. Разбураць чужыя парадкі "Сіці" не пераставаў. Каманды Пэпа ад часоў тыкі-такі не стамляюцца дэманстраваць футбольную мудрасць "якасць пасу — якасць гульні". Перапасоўкі дадавалі дынамічнасці і не сустракалі дзейснага супраціву "шварцгелбен".

44d24535-86b0-4f7e-a265-95314cf1a986.jpg

Не было ніякага супраціву і гармаце Фодэна, які загнаў свой другі мяч з лініі штрафной, прыхлопнуўшы надзею суперніка, як надакучлівага чмяля.

Цяпер можна было б камандзе Ковача і раскрыць ды перафарматаваць марны абарончы стыль. Так і выходзіла, яна раз-пораз лавіла суперніка на памылках, каб хоць раз ды загнаць пад рукі Данарумы сваё джала. І загнала ж! Прастрэл з флангу ад Руэрсана на Антона скончыўся тым, што параза перастала быць для гасцей сухой. Адэемі некалькі разоў меў шанцы скараціць адставанне да мінімальнага, але рэалізацыя ў немцаў цярпела гэтак жа, як і яны самі большую частку гульні. Хаця сам факт ажыўлення "Барусіі" нейтральных гледачоў радаваў. Як і перформанс Данарумы, які паказытаў усім нервы апераджальнымі падкатамі ў мяч перад пустою брамаю.

І ўсё-такі, нягледзячы на ранейшыя спробы немцаў пазбегнуць разгрому, лік быў даведзены да буйнога. Ужо даданым часам свежы Шэркі забег у штрафную і паставіў тлустую кропку ў процістаянні.

Дортмундцам не хапіла класу для трывалых і эфектыўных атак на валоданні Данарумы, а таксама рэалізацыі, фарту — а без гэтага ў камандаў і ўзроўнем ніжэй за гвардыёлаўскія не выгульваюць. І нават не нагульваюць на нічыю.

ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ

Асноўны этап

"Манчэстар Сіці"-"Барусія" (Дортмунд) — 4:1

Галы: Фодэн (22) — 1:0, Холанд (29) — 2:0, Фодэн (57) — 3:0, Антон (72) — 3:1, Шэркі (90+1) — 4:1

Папярэджанні: Свенсан (15), Савія (78), О’Райлі (85)

Поделиться