Працягвайце — нам падабаецца: "Рэал-Мадрыд" мацней за "Сіці" ў Лізе чэмпіёнаў

Працягвайце — нам падабаецца: "Рэал" мацней за "Сіці" ў Лізе чэмпіёнаў

Дэталі начнога футбольнага блокбастэра сакавітай беларускай мовай

"Рэал" з "Сіці" даўно надакучылі адзін аднаму, быццам старыя сужанцы. У 2022-м і 2024-м у дуэлі больш паспяхова выступілі — хай і не без шанцавання — будучыя чэмпіёны мадрыдцы. А ў 2023-м упэўненая перамога над "вяршковымі", наадварот, падарыла Гвардыёлу першы за доўгі час кубак Лігі чэмпіёнаў.

Бітва брэндаў была ў выніках галасавання за "Залаты мяч", а трэнераў — у крызісе абедзвюх сістэм: траўмах адных і сімптаматычнай нестабільнасці іншых.
Матч распачаўся з нешанцавання Мбапэ і ко. Хранічнага. Паралельна мы назіралі і пераменны поспех контрпрэсінгу "Сіці". І тут выбух. Ударылі "Рэал" ягонаю зброяю — паказалі, як рэалізоўваць закіды. Грыліш. Гвардыёл. Холанд. ВАР.

Цюрпэн па-французску плаўна і разважна сігналізаваў аб адсутнасці становішча па-за гульнёй. У адказ Вінісіус імпэтна запусціў парашуцік, а ягоныя паплечнікі пайшлі ўскрываць праблемы з паўабаронаю "Сіці". І тут зламаўся Грыліш. Фланг, можна сказаць, наноў асірацеў, а Джэк пад сумныя воплескі гонару сышоў. Спадзяёмся, не па чарговую бутэльку.

347393092792789.jpeg

Пад выхад на замену Джэку Фодэна — у апошнюю траціну першага тайма — стабілізавалася славутае гвардыёлаўскае валоданне, але абарона "Рэала" стаяла лепш, чым магла ў прынцыпе стаяць ратацыя лазарэтнікаў. Рудыгер можа аднаўляцца спакойна.

Так, да таго адбылася канвертацыя адзінага ў першай палове выбліску ў гол. Следам быў яшчэ адзін выбліск ад Фодэна, аднак "вяршковыя" трывалі ўсе націскі "Сіці", які адчуў пах крыві параненых мадрыдцаў.

Ачомаўшыся, яны і самі сталі пакусваць. То Радрыга шмальне, то Вальвердэ стрэльне. Толькі нешанцаванне мадрыдцаў не давала перавесці вышэйзгаданы імпэт у нешта канкрэтнае, але ж будзьма шчырымі: канчатак тайма застаўся за хлопцамі ў аранжавых футболках.

Традыцыйна ўжо прамова Анчалоці ў перапынку дапамагла развіць тэндэнцыі тайма папярэдняга. Другая палова, як здавалася, захрасла ў пазіцыйных атаках. Першыя хвіліны паказалі настолькі пазіцыйную гульню (з узаемным контрпрэсінгам), што ёй маглі пазайздросціць познія бітвы Першай сусветнай. Так, часам здараліся выпады з ударамі — гэта "Рэал" узгадваў, што асноўная мэта ў тым, каб адгуляцца, але xG на пару з Эдэрсанам усё яшчэ суха ды статыстычна канстатавалі няздольнасць планаў Анчалоці адбіцца на вялікім табло "Этыхада". "Рэал" дамінаваў, "Рэал" атрымліваў стратэгічную перавагу, калі хочаце.

Вальвердэ, Себальяс, Радрыга і, безумоўна, Белінгем з Мбапэ рабілі ўсё магчымае, каб ператварыць колькасць у якасць. Ператварылі. Менавіта апошні з пералічаных зладзіў шэдэўр. Ён дачакаўся накіду ад Себальяса і ў позе героя карціны эпохі Адраджэння перакінуў галкіпера "Манчэстэр Сіці". Абсалютна заканамерны гол. На радасцях мог дапоўніць пералік прозвішчаў у зводках Вальвердэ, аднак яму, як і ў большасці выпадкаў аднаклубнікам, не стала дакладнасці.

Кагезія тэксту гульні ў другім тайме па-любому пісалася мадрыдцамі. Ніякія спробы іхных апанентаў вярнуць сабе мяч на сваім жа стадыёне не прыводзілі да ўзлому пасечаных траўмамі парадкаў "Рэала". Хлопцы Анчалоці ведалі, што ім трэба — і ў гэтым палягаў халодны разлік іхных атак. Гэта не зусім тое, што ў матчы з "Атлетыкам", гэта не адзіны манер розыгрышу мяча ў атацы. Аднак, разнастайнасць адгуляла ў плюс, моманты былі ў вялікай колькасці.

original-16u1.jpg

І тут быццам здзек з саміх сябе: нейкі алагічны, дзіўны пенальці. Нібыта апагей узаемных правалаў у абароне. Себальяс на роўным месцы нівеляваў свой узнёсак у нічыю. Холанд, вядома, не даруе такіх недарэчных промахаў.

Дзевяць хуткіх, смешных, змазаных хвілін, здавалася, ужо не дапамогуць гасцям вярнуць былы бляск у вачах: настолькі іх шакавала абсурднасць прымушанай паразы ад вечнага апанента.
Але ж мадрыдская спружына чарговым разам разагналася ды нечакана для ўсіх прывяла да адскоку мяча на нагу выхаванца "гараджан" Браіма Дыяса. Лік стаў гучаць як "два-два". А потым справядлівасць — тая, што ўваходзіць у эпас — з памылкі Ковачыча стала рэальнасцю, адлюстравалася ў голе Белінгема ўжо ў даданы час.

Такім чынам вялікая сваёй драматургічнасцю перамога стала чарговай главой мадрыдска-манчэстарскага супрацьстаяння. "Класіка" Лігі чэмпіёнаў не падвяло нашыя
чаканні. І яны, чаканні, маюць працяг яшчэ на тыдзень: спадзяёмся, што гульня ў адказ яшчэ колькі разоў пракаціць нас на амерыканскіх горках уласных эмоцый.

Автор: Аляксандр Хацкевіч

Поделиться