Першы плод — за плот: "Кайрат" разгромна прагуляў "Спортынгу" ў ЛЧ

Прыклад "Карабаха", які здабыў валявую перамогу над "Бенфікай", яўна быў перад вачыма гульцоў "Кайрата", аднак Грамыка і Мартыновіч выявіліся бяссільнымі перад іншай партугальскай камандай

Першыя дзесяць хвілінаў адзначыліся дзіўнай роўнасцю валодання, якая перапынялася рэзкімі выпадамі з боку партугальцаў: калумбійскі цёзка Луіса Суарэса са "Спортынга" і кампанія нашмат больш якасна гэтым валоданнем распараджаліся. Толькі гераізм мітуслівай абароны "Кайрата" і асабіста недасведчанага брамніка ратавалі становішча (было трывожна: як слушна падавалася, ратавалі да пары да часу). Са светлых плямаў з казахстанскага боку — забегі экс-барысаўца Валерыя Грамыкі, які, што відавочна, сам-адзін быў не ў стане схіліць на свой бок шалі гульні.

Рэзкіх выхадаў за спіны казахстанцаў рабілася ўсё болей, упэўненасці ў "чорна-жоўтых" — усё меней. "Кайрат" усё часцей памыляўся ў перадачах. Патроху гульня ператваралася ў аблогу брамы Калмурзы. Гэтая аблога скончылася адкрытым прывозам пенальці.

І тут юны Калмурза нечакана даў рады. Зрабіў гістарычны (як мінімум для сябе) сэйв нагою. А праз пару хвілін парыраваў закручаны ўдар Кенды.

А вось пасля 30-й хвіліны і ў "Кайрата" паліліся небяспечныя моманты: то будучы гулец "Чэлсі" Сатпаеў гарматна стрэльне, то Мрынскі амаль сам-насам выскачыць.

Але яшчэ 13 хвілін — і Трынкау вельмі далёкім стрэлам такі распакаваў браму Калмурзы.

Другі тайм характарызаваўся змяншэннем колькасці ўдараў з абодвух бакоў. Калі ж мяч трапляў да гульцоў "Кайрата", яны не выкарыстоўвалі і без таго нешматлікія досыць якасныя шанцы.

Што да іхных апанентаў, яны стваралі паболей момантаў, выразна лепш распараджаліся мячом, аднак рэалізацыя ў іх таксама кульгала. "Кайрат" жа паказваў сябе някепска і ў абароне, хоць "Спортынг" і ціснуў іх прэсінгам.

Аднак на 64-хвіліне прэсінг партугальцаў зноў спрацаваў, прымусілі яны памыліцца казахстанцаў, а контратака прывяла да дубля Трынкау. А там здарыўся і канчатковы распад і пачатак разгрому гасцей. Хуткая атака, рыкашэт ад нашага суайчынніка Мартыновіча — і 3:0. 

Адразу жа пасля Кенда ўварваўся з правага боку ў штрафную, разнёс усю абарону ды дабіў "Кайрат", учыніўшы поўнае дэкласаванне супернікаў. "Спортынг" і далей працягваў рабіць літаральна усё, што хацеў у штрафной казахстанцаў — абаронцы дазвалялі. Толькі воля лёсу не давала даводзіць лік да зусім непрыстойнага. Спробы выйсці з абароны сканчваліся лоўкімі перахопамі гаспадарамі мяча. 

Як і вынікала з логікі гульні, апошняя дзесяціхвілінка адзначылася татальным дамінаваннем гаспадароў. Супернікаў яны стамілі нават фізічна. Што ні кажы, досыць складана выстаяць дэбютны матч у Лізе чэмпіёнаў — прыклад "Карабаха" так і застаўся ўнікальным, казахстанцы за азербайджанцамі не паўтарылі. Але ж забілі гол прэстыжу на 86-й хвіліне пасля асіста з фланга — найпершы свой у ЛЧ.

То-бок зусім іх няславіць не варта: каманда мела моманты і годна правяла як мінімум першы тайм (і самы канец другога). Сэйв Калмурзы і гол Эдмілсана яўна ніхто не забудзе.

ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ

Асноўны этап

"Спортынг" (Лісабон)—"Кайрат" (Алма-Ата) — 4:1

Галы: Трынкау (44) — 1:0, Трынкау (65) — 2:0, Сантас (67) — 3:0, Кенда (68) — 4:0, Эдмілсан (86) — 4:1

Папярэджанні: Качарашвілі (4), Суарэс (31), Жаржыння (39), Кенда (69), Дэбаст (79), Сатпаеў (90+2)

"Кайрат" с белорусами уступил "Спортингу": результаты дня в ЛЧ

Поделиться