Флік чарговым разам перагуляў свайго старога сябра Ковача. Гэта было процістаянне з афішай, як гэта часта бывае, прыкметнай адсылкамі да мінулага. "Барусія" рвецца да паўтарэння леташняга сенсацыйнага поспеху. Левандоўскі сустракаецца з амаль родным клубам, які 12 гадоў таму не змог прынесці яму трафей Лігі чэмпіёнаў. Таксама цікавым сюжэтам выглядала і чарговае супрацьстаяцьнне з "чмялямі" Фліка, які працаваў з Ковачам і як трэнер "Зальцбурга", і ў штабе "Баварыі", і ў якасці паўнавартаснага настаўніка мюнхенцаў, ды ўжо дакладна меў досвед перамог над дортмундскім клубам.
Матч распачаўся з двух стрэлаў Ламіна Ямаля за першыя пяць хвілін. На шостай Кобель засэйвіў ужо ад Левандоўскага. Праўда, пасля мы дваццаць хвілін не бачылі ніякай вастрыні ні ад халодна дамінуючай "Барсы", ні ад заціснутай "Барусіі", якой банальна не давалі нават думаць пра атакі. А на 25-й хвіліне Кубарсі з Рафінням зладзілі шыкоўны гол падчас не самага небяспечнага стандарта. Хада гульні прыняла звычайны, абсалютна прадказальны паварот. У "чмялёў" не было ніякіх шанцаў уджаліць гаспадароў, нават калі паспрабаваў дастаць сваю зброю Гірасі, які разгубіўся ў ледзь не адзіным рэальным моманце сваёй каманды за тайм.
Гульня не нагадвала фестываль. Яна нагадвала цынічнае забойства апанента. Але не ў стылі трылера, а нудным прыдушэннем. Так дзейнічаюць бразільскія анаконды — суайчыннікі Рафінні.
У другім тайме Рафіння адразу жа шыкоўна забяспечыў мячом Левандоўскага, паляк момантам скарыстаўся і падвоіў перавагу каталонцаў. На ягоным твары быў суцэльны спакой і сканцэнтраванасць. "Чмялёў", так бы мовіць, яшчэ раз прэвентыўна ўдарылі мухабойкай, каб не падумалі актывізоўвацца. Валоданне заставалася пад поўным кантролем "Барселоны", таму ні пра якую адкрытую гульню не магло быць і гаворкі.
"Барселона" ціснула, Фермін Лопес неаднаразова замахваўся гэткай метафарычнай мухабойкай на разгром, але Кобель, нягледзячы на ўсё, заставаўся як мінімум добрым брамнікам (прынамсі ягоную працу было відаць — Шчэнсны са зразумелых прычын адпачываў усю гульню). Аднак Грэгар не абараніўся ад дубля Роберта: іранічна, што пас на форварда аддаў згаданы вышэй Фермін. Разгром усё-такі здарыўся.
Чацвёрты гол, як вынікала з логікі гульні — прабачце за ўжыванне падобнай фармулёўкі — прыйшоў з чарговага асіста Рафінні. Бразілец пакаціў, Ямаль замкнуў — воплескі для ўсёй лініі атакі "Барселоны" калектыўна ды аплявуха для Грэгара Кобеля персанальна.
Далейшае дагульванне не мела практычнага сэнсу. "Барусія" як не магла стварыць хаця б адзін сапраўды небяспечны момант цягам матча, нават апошнімі хвілінамі нічога, акрамя гола з афсайду, не стварыла. Яе дэкласавалі. Прыхлопнулі — такі вось каламбур. І, вяртаючыся да яшчэ адной сённяшняй метафары, прыдушэнне плаўна перацекла ў трылер — аднак галоўныя вінаватыя ў тым не Рафіння з Левандоўскім, а абарона дортмундцаў, якая дазволіла сябе расстраляць з лікам, большым за ўчорашні разгром "Рэала" "Арсеналам". "Барселона" амаль дакладна крочыць у паўфінал, а Ковач не змог наблізіцца да дасягнення Тэрзіча. Не самыя смешныя для "чмялёў" каламбуры атрымліваюцца.
ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ
Чвэрцьфінал. Першы матч
БАРСЕЛОНА — Барусія (Дортмунд)
Галы: 1:0 — Рафіння (25), 2:0 — Левандоўскі (48), 3:0 — Левандоўскі (66), 4:0 — Ямаль (77)
Папярэджанні: Адэемі (24), Гірасі (74)