Ніякаватасць "каралёў" з "Рэала" або гарматныя стрэлы ўначы

Ніякаватасць "каралёў" або гарматныя стрэлы сярод ночы

"Арсенал", дзякуючы дублю Дэклана Райса са штрафных, разграміў фаварыта Лігі чэмпіёнаў на "Эмірэйтс"

Здаецца, каманда Анчалоці ўпершыню пастаўленая ў безвыходнае становішча. "Арсенал" вярнуўся ў 1/4 Лігі чэмпіёнаў рваным тэмпам матча супраць каралёў гэтай лігі. Ён валодаў мячом і меў моманты. Спачатку дробныя. Але для абароны "Рэала" — ужо гучала як званочак.

Каманда-сістэма ціснула на іспанскіх "вольных мастакоў" у раёне флангаў, паступова разбураючы абарончыя збудаванні мадрыдцаў, і нават здзіўляла Модрыча, які гуляў супраць "кананіраў" у еўракубках яшчэ за "Дынама-Заграб".

Сёння менавіта Парці ды Льюіс-Скеле (які, граючы другую скрыпку ў складаным аркестры Артэты, перакваліфікаваліся з абаронцаў у атакуючыя паўабаронцы), а не Лука ці Мбапэ з Вінісіусам прымушалі каментатараў вымаўляць свае прозвішчы на розных мовах свету.

Сухое валоданне Артэты выглядала як добры антыдот ад персанальнага майстэрства хлопцаў Анчалоці, а ўсё, чым мог бліснуць "Рэал" у першай чвэрці, выявілася перспектыўным забегам Мбапэ наўпрост у афсайд.

Так, выхады "кананіраў" з-пад прэсінгу праз пас у стылі "Барселоны" прымушалі нейтральных гледачоў падумаць, што магія "Рэала" насамрэч падуладная прагматычнасці англійскага футбола. Лічбы ўдараў былі ў прынцыпе роўнымі — і гэта тое, чаго можна было чакаць ад маладняка з Паўночнага Лондана супраць спелага пакалення "галактыкас": праблемы з рэалізацыяй, нягледзячы на імпэт, праглядаліся. Шматкроць мяч з боку фланга Сака перабягаў штрафную мадрыдцаў, застаючыся незамкнёным. Калі ўжо гэтая моладзь спрабавала страляць са сваіх гарматаў, Куртуа ледзь ратаваў свой клуб.

Безвыніковымі былі і контратакі "Рэала", якія зрэдку праціналі неба гэтага самага Лондана і не стваралі такога відовішча, як пазіцыйныя наступы гаспадароў.

Другі ж тайм распачаўся з моманту гасцей, якія спрабавалі перахапіць ініцыятыву ў не самай актыўнай гульні. Ды не перахапілі. Дэклан Райс усё-такі прастрэліў Куртуа простым ударам са штрафнога, абвёўшы сценку. І гэта быў ужо не званочак, а паўнавартасны набат для неспадзявана слабога сёння "Рэала". 

І ён працягваў гучаць і надалей, як акампанемент пад тры сэйвы Куртуа запар праз хвілін дзесяць пасля гола Райса. А там і дубль Дэклана здарыўся. Вядома, чарговая гармата са штрафнога, як дзве кроплі вады падобная да папярэдняй. Дуплет — і без шанцаў. "Рэал" у накаўце. Нефігуральным, бо Мерына яшчэ праз пяць хвілін дабіў ніякаватага Куртуа стрэлам з мяжы штрафной пляцоўкі. А яшчэ трэба адзначыць "ніякаватасць" цэнтра абароны мадрыдцаў. Здаецца, мясцовы выхаванец Рауль Асэнсіа з'яуляецца пераацэненым гульцом для "Рэала". Рудыгер і Вінісіус таксама  былі далека не лепшымі ў гэтай гульні, але мы хаця б ведаем іх патэнцыял...

"Арсенал" дамінаваў ва ўсім. Дванаццаць удараў, адзінаццаць з якіх — у астоў. Гэта вымушала нас глядзець на такога разгубленага Анчалоці, якога мы ніколі не бачылі. Упершыню за доўгі час каралеўскі клуб выглядаў прыніжана ў Лізе чэмпіёнаў. У сваім каронным турніры. Мадрыдцы, здавалася, не ведалі, што рабіць. А мо і не здавалася. Тры галы за пятнаццаць паваротаў хвіліннай стрэлкі любога б выбілі з сядла. Здзейсніць традыцыйны для "галактыкас" камбэк, відаць, цяпер будзе складаней, чым калі-небудзь яшчэ.

ЛІГА ЧЭМПІЕНАЎ

Чвэрцьфінал. Першы матч

АРСЕНАЛ (Лондан) — Рэал (Мадрыд)

Галы 1:0 — Райс (58), 2:0 — Райс (70), 3:0 — Мерына (75)

Папярэджанні: Парці (54), Камавінга (69)

Выдаленне: Камавінга (90+4)

Автор: Аляксандр Хацкевіч

Поделиться