Оправданные ожидания: "Барселона" с "Интером" выдали феерию в Лиге чемпионов

Непадманутыя чаканні: "Барса" з "Інтэрам" выдалі феерыю на "Манжуіку"

Як і 15 год таму, паўфінал Лігі чэмпіёнаў паміж міланскім і каталонскім клубамі прывёў да цікавай завязкі

Гэтым разам пастараліся звязкі Думфрыса з Цюрамам-малодшым і Рафінні з Ямалем. Зразумела, што падобныя супрацьстаянні заўжды вымушаюць нас угледжвацца ў мінулае і адчуваць нейкае дэжавю. Таксама зразумела, што Цюрам і Думфрыс — гэта не Эта'о з Дыегам Мілітам, а ўжо Індзагі пагатоў і блізка ніякі не Жазэ Маўрынню, і таму паўфінал пераможнай для "Інтэра" Лігі-2010, дзе міланцы ўпэўнена перагулялі каталонцаў, ніякага ўплыву на дзень сённяшні не мае.

Аднак першыя ж імгненні гульні прымусілі ўзгадаць тую перамогу. Цюрам філігранна скончыў атаку "Інтэра" ўдарам пяткай — без шанцаў для Шчэнснага.

Нягледзячы на далейшае дамінаванне "Барселоны", першы небяспечны момант ад хлопцаў Фліка, калі не лічыць прарывы Ямаля скрозь міланскі прэсінг, здарыўся на хвіліне адзінаццатай, калі востра прабіваў Феран Торэс. "Інтэр" жа ўдала адбіваўся ад масаваных наступаў суперніка. Так, з іхнага боку быў "аўтобусны" футбол, як і — робім чарговую адсылку — у 2010-ты, аднак наўрад Індзагі за падобны стыль супраць такой "Барсы" можна крытыкаваць.

Галоўнае ж — гэта рэалізоўваць той мінімум момантаў, які маецца. І з гэтым было бездакорна. Якраз пасля кутняга ўдару пара Думфрыс-Цюрам на дваццатай хвіліне зрабіла чарговы тонкі майстарскі гол. Пры цалкам прагуляным валоданні, на чужым полі, закрываючыся на сваёй палове пад ударамі Ямаля. Весці супраць "Барселоны" праз тыдзень пасля пераможнага "класіка" для каталонцаў — гэта ўжо подзвіг.

Толькі на дваццаць чацвёртай хвіліне Ламін прабіў усю абарону "Інтэра", які пасля поспеху расслабіўся, забяспечыўшы нам хоць нейкую цікавасць для далейшага прагляду. Так, націск каталонцаў працягваўся, моманты ў іх ззялі, быццам бы выпрацоўваючы электрычнасць для ўсёй Іспаніі, аднак і Зомер недарэмна стаяў у сваёй браме.

77c45236f4fa6bac4374807763b9a-1024x648.jpg

Міланцаў натуральна душылі, здавалася, яшчэ крыху — і "блаўграна" выгрызе мінімум нічыю. Гэткае адчуванне таксама не падманула: Феран Торэс з асіста Рафінні ўрэшце апярэдзіў швейцарскага галкіпера. Міні-рэмантада, якая паказала, наколькі няўстойлівая перавага з лікам 2:0.

Другая палова працягнула тэндэнцыю. "Барселона" ціснула, але і "Інтэр", маючы рэдкія моманты, падвышаў xG, як у выпадку з Дзімаркам на пяцідзясятай хвіліне. А на шэсцьдзесят трэцяй — зноў выйшаў наперад у невідавочнай сітуацыі. Зноў кутні ўдар — і дубль Думфрыса галавою.

Адразу ж пасля паўтарылася іншая тэндэнцыя гульні: "Барселона" падчас ужо свайго кутняга зраўнала лік. Шэдэўральная гармата Рафінні перавяла матч у абсалютны, паўнавартасны, амаль гістарычны трылер. Такога якаснага і сюжэтнага двубою мы не бачылі бадай яшчэ ніводнага разу ў гэтым розыгрышы Лігі чэмпіёнаў. 3:3! Радавала тое, што гэта быў далёка не канец і нас чакалі ўсё больш і больш захапляльныя павароты сюжэту. Дадатковага драматызму — калі не драматургіі — гульні дадаваў шыкоўны прастрэл і гол Мхітарана, калі толькі міліметровы афсайд перашкодзіў армяніну запісаць на свой рахунак першы ў жыцці гол у паўфінале Лігі чэмпіёнаў.

Далей жа з цікавага было хіба выпадковае трапленне мяча ў папярэчыну пасля накіду Ямаля і невыпадковае — пасля чарговай гарматы Рафінні. Вынік, сухі і строгі, як свісток Цюрпэна, зацвердзіў галявую нічыю.

Сапраўды, матч выдаўся, мякка кажучы, шыкоўным. У ім было шмат нерваў, мы ўбачылі, як можа пры жаданні раскрыцца "Інтэр", як магчыма выціскаць максімум з, паўтаруся, мінімуму момантаў. Мы чарговым разам пераканаліся ў геніяльнасці гэтага пакалення "Барселоны" і ў тым, што афіша сённяшняй сустрэчы ні на ёту не падманула чаканні.

Але галоўнае, што можна вынесці з трылеру на "Манжуіку", — гульня ў адказ абяцае нам яшчэ больш сюрпрызаў. І вось гэта не можа не радаваць нейтральных гледачоў.

ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ

Паўфінал. Першы матч

"Барселона" — "Інтэр" (Мілан) — 1:1

Галы: 0:1 — Цюрам (1), 0:2 — Думфрыс (21), 1:2 — Ямаль (24), 2:2 — Торэс (38), 2:3 — Думфрыс (63), 3:3 — Зомер (аўтагол) (65).

Папярэджанні: Чалханаглу (59), Кубарсі (70).

Автор: Аляксандр Хацкевіч

Поделиться