Сезон Лігі чэмпіёнаў, як і належыць яму, стартаваў ува ўлонні якаснага еўракубкавага футбола — на стадыёне імя Сантʼяга Бернабэу. "Рэалу", у якім цяпер за галоўнага Хабі Алонса, давялося сустрэцца з марсэльскім "Алімпікам".
Нягледзячы на някепскі склад апанента (ўсё-такі Веа-малодшы і Павар, Кандагбія і Грынвуд, Аўбамеянг і Рулі — далёка не малазнаёмыя для вуха дасведчанага гледача прозвішчы) і ўласны малады склад (у ім на полі выйшлі арляняты кшталту Хёйсэна, Карэраса, Мастантуоны дый нават вядомага Гюлера), мадрыдцы сталі дамінаваць ужо з першых імгненняў новага сезона Лігі чэмпіёнаў. Праўда, яны таксама адразу жа страцілі такога зорнага навічка, як Трэнт, аднак экс-ліверпульца замяніў не менш топавы Карвахаль.
І тут моманты паліліся, быццам бы дождж на восеньскі Мадрыд. То Мбапэ, то Гюлер, то Радрыга з Чуамені вырываліся ўпрытул да брамы і расстрэльвалі Рулі, які дэманстраваў цуды галкіперскага майстэрства.
У адказ на гэты абстрэл у "Марсэля" было выключна тры небяспечныя ўдары ў астоў, два з якіх нанёс Цімаці Веа.
А на 22-й хвіліне сын вялікага ліберыйца скончыў атаку, што вырасла з памылкі юнага Гюлера, сваім шыкоўным голам. Марсэльскі "Алімпік" сенсацыйна павёў.
Наступнымі шасцю хвілінамі Цімаці меў яшчэ адзін момант, аднак ужо не скарыстаўся з яго, а далей правансальцы наогул не вытрымалі тэмп, што навязалі гаспадары, і Радрыга зарабіў пенальці. Яго рэалізаваў Мбапэ, які прызвычаіўся забіваць у браму "Марсэля" з часоў выступаў у Лізе 1.
Нягледзячы на тое, што атакі "Рэала" былі хуткімі, а абарона правансальцаў кульгала на паўтары нагі, дасведчаны Павар часта спыняў Радрыгу, а Рулі ўвогуле сваімі закідамі ў бок настолькі ж спрактыкаванага Аўбамеянга некалькі разоў мог узмацняць марсэльскія пазіцыі ў не зусім роўным двубоі, што трымаў баскетбольны тэмп.
Другі тайм таксама распачаўся з хуткіх атак "Рэала" і памылак "Марсэля". Мбапэ ледзь не аформіў дубль рыкашэтам ад Аўбамеянга. Сэйвы Рулі працягвалі быць нормай гульні. Незважаючы на іх, за абарону правансальцаў было страшна, бо доўга так трымацца яна яўна не магла. Пробліскі ў атацы французаў становішча не паляпшалі.
Але ж і гаспадары свае шанцы не рэалізоўвалі, як, напрыклад, свежы Вінісіус, на 68-й хвіліне. Нюансаў гульні дадала і чырвоная картка Карвахалю за паводзіны падчас сутычкі. Што ні кажы, на абаронцаў "галактыкас" сёння нібы навялі праклён. Вось толькі праз дзясятак хвілінаў здарылася яшчэ адна звышнатуральная зʼява. Ужо на карысць "Рэала". Магія роднага поля, як і няўдалае трапленне мяча ў руку абаронцы "Марсэля", прывялі да другога пенальці — і дубля Мбапэ. Логіка гульні да гэтага вяла — аднак пашчасціла мадрыдцам выключна з дапамогай другога адзінаццаціметровага.
Напрыканцы матча зноў расквіў баскетбольны тэмп, каманды абменьваліся момантамі, але майстэрства Рулі ды няўменне нападнікаў "Марсэля" рэалізоўваць моманты не далі нікому змяніць статус-кво.
"Рэал" прадказальна дацягнуў да пераможнага. Так, матч неадназначны, можна пахваліць асабіста Рулі з Паварам і ўвесь "Алімпік" за намаганні, аднак іхныя супернікі выцягнулі, што называецца, на класе. І крыху на знакамітым шанцаванні, куды ж без гэтага.
ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ
Агульны этап.
"Рэал" (Мадрыд)—"Алімпік" (Марсэль) — 2:1
Галы: 0:1 — Веа (22), 1:1 — Мбапэ (п) (28), 2:1 — Мбапэ (п) (81)
Папярэджанні: Чуамені (35), Павар (46), Мілітаа (54), Медына (75), Фернандэс (90+7)
Выдаленне: Карвахаль (72)