Класіка на новы матыў: суайчыннікі Beatles неспадзявана абгулялі "каралей"

Нядаўняя кубкавая параза ад "Крыстал Пэлас" і агульны спад каманды Слота, здавалася б, абяцаў нам працяг пераможнай серыі "Рэала". Але сёння ўсё пайшло не паводле мадрыдскага плану

Чарговая класіка Лігі чэмпіёнаў — матч "Ліверпуля" з "Рэалам". Мы бачылі такую карціну і ў 2018-м, і штосезон з 2021-га да 2024-га. Заканамерна, што заўжды — двойчы гэта быў фінал — перамагаў мадрыдскі клуб. Але не сёння. З любога правіла бывае выключэнне. Пагатоў калі гэта было ў горадзе, выхадцы з якога ўжо абражалі каралеўскую вялікасць — а "Ліверпуль" гуляў смела, нібыта выконваючы неўміручыя ленанаўскія матывы.

Ад самага пачатку мяч проста прыліп да ног гульцоў у чырвоным. Раз-пораз яны нават спрабавалі правяраць на трываласць Куртуа — дый бельгіец яшчэ памятаў свой незабыўны перформанс супраць мерсісайдцаў у Парыжы ў 2022-м.

У сваёй абароне "Ліверпуль" таксама дзейнічаў пісьменна, будуючы ад яе імклівыя, парывістыя контратакі.

Ніяк прабіць гэтую сцяну каралеўскі клуб не мог, біў збольшага з-за межаў штрафной, што для Мамардашвілі не было небяспекай.

У адказ ён атрымаў тонкі пас Вірца наперад у штрафной — і выхад Сабаслаі сам-насам з Куртуа.

А потым яго ледзь не расстралялі з уласнай зброі. Толькі ВАР не зафіксаваў хэндбол Чуамені ў штрафной пасля стрэлу ўсё таго ж Сабаслаі. Вельмі спрэчны эпізод не скончыўся пенальці, затое дадаў у не самую інтэнсіўную гульню пікантны нюанс — і мог дэмаралізаваць гаспадароў і іхных заўзятараў.

Здзіўляла адмова Алонса ад прэсінгу. Як і ўваскрасенне "Лівера" пасля няўдалага пачатку сезона, быццам бы мерсісайдцы збіраліся выдаць, што называецца, матч жыцця. Удары Дамініка Сабаслаі рабіліся ўсё больш вострымі, сэйвы Куртуа — усё больш гераічнымі.

Адно пад канец некалькі стрэлаў ад Белінгема з Вінісіусам прымусілі напружвацца грузінскую замену Алісана.

Другі тайм таксама стартаваў з серыі выратаванняў ад Куртуа пасля кутніх. Але за гэтым хаваўся іншы факт: "Ліверпуль" прыціскаў. Працягваў сваё дамінаванне. Шэсцьдзясят першая хвіліна — і xG дасягнула таго паказніка, да якога вечна мкнулася. Колькасць перайшла ў якасць. Чарговы стандарт скончыўся тым, што Макалістэр прашыў-такі свайго бельгійскага візаві. Што да "Рэала" — настолькі (мякка кажучы!) невыразнай гульні ад мадрыдцаў даўно не было відаць. Абсалютная адсутнасць нават спробаў у атакі, жаднага прэсінгу і — страшна падумаць — дзіркі ў абароне, якія не закрываліся ніякімі намаганнямі ды праціналіся ў колькі пасоў. На полі быццам бы былі толькі англічане.

Выхад Трэнта супраць былых аднаклубнікаў за дзесяціхвілінку да канца ні на што не паўплываў — хіба больш раззлаваў трыбуны. Ні на якія змены ліку "Рэал" быццам бы ўжо і не прэтэндаваў — не было ранейшага імпэту фінальных штурмаў, знакамітых з часоў Анчалоці. Вельмі слабы матч нават не паспрабавалі ўратаваць. А вось "Ліверпуль" абстрэльваў чужую браму да апошніх секунд.

Так, нішто не абяцала такі вынік. Так, адзін матч можа ісці насуперак сезонным тэндэнцыям — і тым самым пацвярджаць агульнае правіла. Але "Рэал" некалькі разоў на сезон можа прасесці нават за вельмі ўдалымі часамі, а Слот умее натхняць каманды на вартыя бітвы — мы гэта ведаем. Традыцыя Лігі чэмпіёнаў непрадказальна, неспадзявана, але ж зламалася. Крызісны "Лівер" перамог неслабы "Рэал", дый так, што адно Куртуа збярог гасцей ад разгрому. Магія "Энфілда"? Стомленасць іспанцаў ад серыі поспехаў? Што б ні прывяло да такога ліку на табло — гісторыя двубояў запіша яго ў памяці тых, хто ніколі не бывае самотным.

liverpul-real-live_1762287738314739114.jpg

ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ

Асноўны этап

"Ліверпуль"-"Рэал" (Мадрыд) — 1:0

Гол: Макалістэр (61) — 1:0

Папярэджанні: Вінісіус (23), Хёйсэн (45+1), МакАлістэр (52), Белінгем (60), Фернандэс (90+5)

Поделиться