Кананада па "індзейцах": "Арсенал" граміць "Атлетыка"

Першая ў гісторыі Лігі чэмпіёнаў сустрэча "Арсенала" з мадрыдскім "Атлетыкам" скончылася сухім хатнім разгромам ад каманды Артэты. Дубль за некалькі хвілін аформіў Віктар Дзьёкерэш

Дзіўна казаць, але Артэта яшчэ не сустракаўся з Сімеонэ. Клубы ў прынцыпе не гулялі міжсобку ў рамках галоўнага еўракубка, а па-за ім сустракаліся толькі аднойчы ў Лізе Еўропы ў далёкім 2018 годзе. Сёлетняя ж Ліга чэмпіёнаў дала нам шанец атрымаць асалоду ад бітвы двух трэнераў, славутых сваім тактычным дагматызмам. Здавалася, спецыфіка каманд (асабліва "матрацнікаў") не дазваляля нам сподзеву на яскравы ды багаты падзеямі футбол.

Аднак першыя ж хвіліны паказалі, як лёгка Артэта ўзламаў пабудовы Сімеонэ. Мяч ад удару Эзэ толькі цудам не заляцеў па шалёнай траекторыі, а Райс не змог яго ўдала дабіць.

"Арсенал" ціснуў на правы фланг, дзе бегаў Сака, які шматкроць прарываўся ў валоданні Облака. Радавалі і ўзгаданы Райс з Дзьёкерэшам.

У "Атлетыка", які меў праблемы з выхадам з абароны і сам прагінаўся пад прэсінгам гаспадароў, вылучаўся хіба Коке. Першы ж момант мадрыдцаў здарыўся толькі на 25-й хвіліне, калі недарэчны выхад Раі ледзь не за межы штрафной мог скончыцца голам здалёк ад Альварэса — тут ужо чыстае шанцаванне і штанга былі на баку "кананіраў".

Перавага таксама заставалася за імі, аднак ужо іх можна абвінаваціць у тым, што са сваіх удараў гаспадары нічога не выціскалі. Тым часам хлопцы Сімеонэ працягвалі адаптоўвацца пад артэтаўскія правілы нуднаватай, хоць і дынамічнай гульні. Гол Марцінэлі з перадачы Сакі не залічылі праз афсайд, але адзначым эфектыўны прэсінг і прабіты правы фланг. Першы тайм быў акуратным і падводзіў абгрунтаванні пад перавагай "Арсенала".

Другая палова толькі працягнула тэндэнцыю. Субімендзі разгуляў выбітную камбінацыю з Дзьёкерэшам, але Барыяс з Облакам не далі ім нарэшце вывесці гаспадароў наперад. Адразу ж пасля здарыўся стандарт — і гол, вельмі лагічны, Габрыэля Магальяеша з закіду Дэклана Райса.

У адказ Сімеонэ-малодшы зладзіў абстрэл браме Раі.

Аднак на гэтую вылазку знайшлася чарговая камбінацыя "кананіраў". Прарыў флангу, серыя тонкіх асістаў — і рэалізацыя выхаду сам-насам ад Марцінэлі. Далей ад "Арсенала" патрабавалася хіба ўзмацняць прэсінг і развіваць дамінаванне. Дзьёкерэш пасля перадачы Марцінэлі скарыстаўся чарговым заходам у штрафную з пазіцыйнай атакі, што зноў прарвала левы фланг. Няшчасны Ганцка, які і так прагульваў сваім візаві ў барацьбе, фактычна аформіў аўтагол (які на яго, праўда, не запісалі).

Дуплет з лонданскай гарматы. "Атлетыка" дапусціла самую страшную памылку для асобы Дыега Сімеонэ: кантроль проста выпаў з рук. Ніхто не здзівіўся дублю Дзьёкерэша праз яшчэ тры хвіліны. Зноў стандарт — кутні — зноў пас злева. І пас ад Магальяеша.

"Матрац" пакрываўся дзіркамі літаральна штохвілінна. Катастрофа, інакш не скажаш. Так, у "Атлетыка" чорная серыя, аднак такі апагей мала паддаецца статыстычнаму і якаснаму тлумачэнню. Сімеонэ хіба што на вачах не сівеў — аблічча на ім не было.

Гэта лагічная перамога — але не лагічны разгром. На 0:4 іспанцы не нагулялі. Проста на хвілін дзесяць страцілі канцэнтрацыю — для каманды, якая праходзіць не найлепшы перыяд у гісторыі, хапіла і гэтага, каб атрымаць ад лідара АПЛ 4 безадказныя мячы.

ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ

Асноўны этап

"Арсенал" (Лондан) — "Атлетыка" (Мадрыд) — 4:0

Галы: Магальяеш (57) — 1:0, Марцінэлі (64) — 2:0 Дзьёкерэш (67) — 3:0, Дзьёкерэш (70) — 4:0

Папярэджанні: Хіменэс (33), Субімендзі (36), ле Нарман (75)

Поделиться