"Інтэр" апынуўся ў фінале другім разам за апошнія тры сезоны. Першыя дзесяць хвілін былі невыразнымі. "Барселона", не зважаючы на фактар чужога поля, панеслася наперад. Вядома, "Інтэр" па-майстэрску будаваў абарону — аднак уражанні ад міланцаў псавалі нешматлікія памылкі і адкрытыя правалы, якія, здаецца, не дазваляюць сабе і ў многіх айчынных СДзЮШАР.
Ужо першая ж атака каталонцаў, хай і ў становішчы па-за гульнёй, вывела Ямаля на не найпрыемнейшае рандэву з Зомерам. Але гэта ў гісторыю не ўвойдзе. Для яе істотна, што "Інтэр" свой адсотак валодання мячом падправіў і, дзякуючы чарговай праяве таленту выбітнага Дэнзела Думфрыса, нават атрымаў перспектыўны момант, які скончыўся тым, што галандца такі накрылі глыбока ў штрафной.
З кожнай хвілінай гульня рабілася ўсё больш інтэнсіўнай і, адзначу, роўнай, "Інтэр" стаў ціснуць. Вельмі стараліся Цюрам з Мхітаранам, якія праводзілі неблагія нават на фоне моцнага апанента наступы. Асабліва можна падкрэсліць праход Барэлы з жангляваннем мячом і моцным ударам. Той удар Шчэнсны засэйвіў. Наступны ж, ад Лаўтара, якому ўсе прарочылі адсутнасць праз траўму, — ужо не. Чарговы выхад сам-насам Цюрама, пас, гол у пустыя.
"Барселона" паспрабавала аднавіць ціск, але абарона гаспадароў ужо не дапускала дзіцячых памылак, а страчаная ініцыятыва, здаецца, уваходзіла ў планы Індзагі, які дробнымі вылазкамі ў стылі першага матчу разразаў хаду гульні, не даючы зрабіць тое ж вастрыю Флікавага нажа. Да таго ж рэдкія, але небяспечныя ўдары Чалханаглу і Барэлы з Мхітаранам яшчэ больш дэматывоўвалі каталонцаў.
І тут у адну з такіх вылазак адбылася падзея, якую на "Джузэпе Меаца" не забудуць. Лаўтара прынёс пенальці. А Чалханаглу — рэалізаваў. З такім спакоем, як антычны алімпіец, нібыта і не ўплываў гэты ўдар на гістарычны для сціплага "Інтэра" другі за тры сезоны выхад у фінал ЛЧ.
Трэці гол гаспадароў — ужо ў другім тайме — быў скасаваны з прычыны аўтсайда. Затое скасаваным не быў гол Эрыка Гарсіі праз хвіліну. Гэтая дуэль яўна не была б сабою без хаця б намёку на рэмантаду. Адразу ж пасля Гарсія ў выніку контратакі ледзь не аформіў дубль, але Зомер першапачаткова выратаваў сваіх заўзятараў ад непатрэбных праблем з сэрцам. А дакладней, адтэрмінаваў іх да 59-й хвіліны, калі Ольма галавой здзейсніў чарговую ўжо рэмантаду. Стылістыка першай гульні была захаваная цалкам. Зноўку, як і тыдзень раней, прадэманстраваная ўся хісткасць перавагі з лікам "2:0". Інтрыга, відаць, паміраць адмовілася ў катэгарычнай форме.
Кантроль да "Барсы" зноў вярнуўся, а тэмп яна збіваць, як вядома, умее. У канцы другога тайма скрозь гэтыя прыдушлівыя прыёмы каталонцаў вельмі часта прарваўся Думфрыс. Яшчэ часцей — трапляў у афсайды. А вось у моманце "Барселоны" на 87-й афсайда не было, Рафіння спакойна змог прабіць Зомера, дзякуючы дабіванню. І, калі ўжо ўсе СМІ рыхтавалі загалоўкі пра веліч новага іспанскага камбэка, Ачэрбі ў самым невідавочным моманце знайшоў сваё шчасце, літаральна прашыўшы Шчэнснага.
Гэты матч ніхто з прысутных дажджлівым міланскім вечары на старэнькім стадыёне не забудзе. Лік папярэдняй гульні быў паўтораны — і з нашмат большым драматызмам. Інтрыга сёння сапраўды была неўміручай.
Забіў яе на сімвалічнай 99-й хвіліне Фратэзі. На мокрым полі, у чарговай флангавай атацы аўтарства Цюрама, нязмушана, без хвалявання расхістаў абаронцу і зашпурнуў мяч у далёкі кут брамы. Святкуючы, па-змяінаму высунуў язык.
Гэта была бітва нерваў і трываласці. Хто з халаднейшай крывёй забʼе лэдзі Інтрыгу, каб ужо не ўваскрэсла. Хто даўжэй пратрымаецца ў роўным баі. Магчыма, "Інтэру" дапамаглі родныя сцены. Магчыма, ён проста не захацеў аддаваць настолькі вялікі матч, учапіўшыся ў шанец сапраўды змяінымі зубамі. Але здзейсненае імі — гераічна і гістарычна. Перашкодзілі такой "Барсе" ўзяць квадрупл. Выдалі шоу. І зрабілі крок, што падарыў ім вялікую надзею.
ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ
Паўфінал. Матч у адказ
"ІНТЭР" (Мілан) — "Барселона" — 4:3 (дт)
Галы: 1:0 — Марцінэс (21), 2:0 — Чалханаглу (п) (45), 2:1 — Гарсія (54), 2:2 — Ольма (60), 2:3 — Рафіння (87), 3:3 — Ачэрбі (90+3), 4:3 — Фратэзі (99)
Папярэджанні: Чалханаглу (36), Марцінэс (51), Мхітаран (68), Ачэрбі (90+4), Хансі Флік (90+5), Віктор (90+5), Аўгуста (91), Бастоні (118)
Першы матч: 3:3