Грузин и шейхи: ПСЖ взял свою первую Лигу чемпионов

Грузін і шэйхі: ПСЖ узяў сваю першую Лігу чэмпіёнаў

У суцэльна безальтэрнатыўным і на рэдкасць галявым фінале парыжане знішчылі "Інтэр" і заваявалі першую ЛЧ у гісторыі. Для Энрыке ж такі трафей стаў ужо другім у кар'еры

Матч, здавалася, мусіў працякаць нудна. Гэта звычайна для фіналаў. Так, ПСЖ крыху падціскаў, "Інтэр" традыцыйна сеў у абарону, але Зомер, не зважаючы на гэты ціск, гераічна працу гэтай абароны вянчаў.

І так было дзесяць хвілін. Не сказаць, каб гол ад экс-гульца міланцаў відавочна напрошваўся. Аднак чарговая атака парыжанаў, асіст Дуэ на падстаўленую нагу Ашрафа Хакімі — і без шанцаў для бездакорнага да гэтай секунды Яна Зомера. Праз яшчэ дзесяць хвілін дзевятнаццацігадовы паўабаронца забіў і сам, скарыстаўшыся момантам, дзе ягоны швейцарскі візаві быў літаральна дызарыентаваны.

ПСЖ спачатку прыціснуў "Інтэр", а далей выціснуў максімум з нешматлікіх і не самых небяспечных момантаў. А магчыма, сапраўды Дымарка прывёз двойчы запар і Сімонэ Індзагі меў з ім працяглую размову ў распранальні (і хутка замяніў, як стала вядома ўжо ў другой палове)...

Раз-пораз прэсінг Энрыке разрываў цэнтральную частку міланскіх абарончых парадкаў, рэзка ды перманентна пераводзячы мяч на левы фланг, які, што відавочна, пад ударамі маладых французаў правальваўся. Сталы ж "Інтэр" змарыўся ўжо на сярэдзіне першага тайма, што разам з лікам выносіла "змеям" адназначны прысуд. Вядома, былі пару ўдараў Цюрама пасля кутніх — але нават свой фірмовы прыём са зразумелых прычынаў міланцы не маглі вельмі часта карыстаць. Самі ж яны працягвалі прапускаць удар за ўдарам і рыкашэт за рыкашэтам, якія толькі паводле шчаслівых выпадковасцяў, не рабілі лік разгромным.

Другі ж тайм распачаўся з чарговай няўдачы Хвічы: грузін не здолеў рэалізаваць выхад сам-насам. Аднак паралельна з гэтым пачаў валодаць мячом і міланскі клуб. "Інтэр" нібыта перахапіў валоданне, толькі моманты да іх проста не ішлі такім жа чынам, якім парадаксальна навальваліся на парыжанаў у невідавочных эпізодах. Як у выхадзе ўсё таго ж Дуэ сам-насам на 63-й хвіліне. Ён аформіў дубль і канчаткова пахаваў надзеі "Інтэра", адразу пасля пайшоўшы на замену. Амаль маўр. Дакладна зрабіў сваю справу. Можа сыходзіць.

А там і гол грузіна здарыўся. Быццам бы змірыўшыся з бязлітасным лёсам, міланцы далі забіць Хвічы Кварацхеліі. Чацвёрты гол парыжанаў, нібыта абавязковы ў сённяшняй праграме. Ніякага супраціву ад "Інтэра", ніякіх выразных рашэнняў ад Індзагі.

І — гол атлетычнага грузінскага чараўніка на фоне да жаху банальнага, безідэйнага, нямоглага апанента, якога нібыта і не было на поле.

Энрыке, адчуваючы другую сваю пераможную Лігу, кінуўся ў скокі. Сапраўды велічны момант.

Мяч на 86-й хвіліне стаў цвіком у даўно апушчаную ў магілу труну. Ну забіў Мелюлю. Ну 5:0. Поўнае дэкласаванне — гэта тое, на што яўна заслужыў гэты абсалютна пасіўны "Інтэр". Нічога падобнага да футбола яны нават не паспрабавалі прадэманстраваць. Уся прастора, увесь час і ўвесь сэнс гэтай гульні быў захоплены выключна гульцамі ПСЖ.

Зараз напэўна будзе вельмі шмат размоў пра тое, што ПСЖ — адна з найвыбітнейшых камандаў у гісторыі еўрапейскага футбола. Але тут каманда-зорка, а не каманда зорак. І без Энрыке яны не дасягнулі б падобных вяршыняў. А Луіс ужо аформіў другі трэбл у карʼеры роўна праз дзесяць сезонаў. Таму вялікі дзякуй шэйхам, якія, літаральна купіўшы футбол, хаця б правялі гэтую аперацыю больш-менш арганічна.

kvara-e1748730519724-800x400.jpg

ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ

Фінал

ПСЖ — "Інтэр" — 5:0

Галы: 1:0 — Хакімі (12), 2:0 — Дуэ (20), 3:0 — Дуэ (63), 4:0 — Кварацхелія (73), Маюлю (87).

Папярэджанні: Залеўскі (56), Дуэ (65), Цюрам (69), Ачэрбі (71), Хакімі (90+1).

Автор: Аляксандр Хацкевіч

Поделиться