"Астан Віла" марыла пра сенсацыю. Ніхто не чакаў, але ў сярэдзіне другога тайма другога матчу яна яе нам ледзь не падарыла. Вось толькі ПСЖ на злосць Эмеры здолеў выстаяць.
Глядзець за тым, як былы трэнер спрабуе адпомсціць яшчэ нядаўна свайму клубу — заўжды цікава. Так, ПСЖ з часоў Эмеры значна змяніўся і цяпер збольшага ўяўляе сабою "каманду-зорку", а не "каманду зорак". Унаі з часоў ад'езду з Парыжа здолеў вывесці яшчэ аднаго героя цяперашняй Лігі чэмпіёнаў — "Арсенал" — у фінал Лігі Еўропы і перамагчы ў гэтай жа Лізе са сціплым "Вільярэалам".
Здаецца, настолькі ж сціплую "Астан Вілу" ён вывеў у чвэрцьфінал галоўнага турніра Еўропы, што ўжо сенсацыя. Але на большае абсалютнага караля другога турніра кантынента не хапіла, таму быццам бы ў здзек з яго перад матчам памылкова ўключылі гімн Лігі Еўропы. Нягледзячы на бадзёры тэмп "дачнікаў", крыўдная памылка абароны вывела на лёгкі гол Ашрафа Хакімі ўжо на 11-й хвіліне гульні.
Тыднёвай даўніны правал стаў падкрэсленым яшчэ больш тлустаю сіняю лініяю — як дажджавік на Унаі або форма парыжанаў... Некалькі чарговых правалаў абароны маглі прывесці да момантаў у Дэмбеле, бо астатнім часам мяч забрала каманда Энрыке.
"Астан Віла" ж чакана гуляла на контратаках. Акрамя аднаго моманту з сэйвам Данарумы, нічога гераічнага андэрдог на сваім полі не дэманстраваў. Прынц Уільям відавочна сумаваў на бірмінгемскіх трыбунах, назіраючы за невыразнасцю Рэшфарда з выпісаным з "Вільярэала" Торэсам на фоне трыа Баркаля-Дэмбеле-Кварацхелія. ПСЖ гаспадарылі ў чужой штрафной, набіваючы тэхнічную статыстыку валодання мячом і колькасці пасоў, каб, відаць, уражваць статыстычных гікаў. Адна такая вострая атака прывяла да таго, што абарону "Вілы" начыста прашылі. Другі ўдар у астоў — ад Мендэша з пасу Дэмбеле — і 2:0.
Сярод сумных перакатаў спробы неяк агрызнуцца ў "дачнікаў" былі — але толькі Тылеманс на 33-й хвіліне прашыў тонкім і закручаным ударам Данаруму. Невялікая перапасоўка перад голам магла крыху ўзняць настрой тых, хто прыйшоў на відовішча.
І яны яго, гэтае відовішча, урэшце ўбачылі пазней. Невялікі націск "Вілы", невялікі правал ПСЖ, але без сюрпрызаў. За дзве хвіліны — роўна дзве хвіліны — без усялякіх перадвесцяў Данарума не злавіў мяч, гульня, здавалася, перакулілася. Рыкашэт і ўдалы вуглавы — і ў Эмеры з'явіліся шанцы на доўгачаканую сенсацыю ў Лізе чэмпіёнаў. Якую ніхто, акрамя яго, не чакаў. Пяць хвілін інтэнсіўных атак, два ўдары — і 55-ы ды 57-ы паварот хвіліннай стрэлкі падарылі англічанам надзею.
МакГін і Конса ўвайшлі ў гісторыю з вялікім і бессэнсоўным у выніку камбэкам. Момант Тылеманса адразу пасля гэтую надзею толькі ўзмацніў. А там ужо і Асэнсіа з замены прымусіў Данаруму сэйвіць у выхадзе сам-насам.
За дваццаць хвілін да канца ініцыятыва патроху перайшла да ног гаспадароў арэны. А матч рэзка набраў колькасць гледачоў па ўсім свеце. Аднак нічога не змянілася. ПСЖ зноў вярнуў валоданне — і проста фізічна не дазваляў набліжацца да сваёй брамы.
"Астан Віла" была блізкая да трыумфу, скарыстаўшыся хвіліннай слабасцю. Толькі вось паўнавартасна парыжане не "паплылі", як баксёр на рынгу. Проста пахіснуліся. Прагулялі эпізод бітвы, каб перамагчы ў двухматчавым баі. Прынцыповым і для Энрыке, і для Эмеры. У паўфінал прайшоў фаварыт, хоць і праліўшы шмат як чужой, так і сваёй крыві.
Эмеры шкада. Аднак і разумець кантэкст таксама трэба: невялікі дрэнны адрэзак можа перакуліць хаду падзей, аднак гэта хутчэй выключэнне, чым правіла. А сёння ўсё было правільна — як і казалі нам эксперты ды букмекеры.
ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ
Чвэрцьфінал. Матч у адказ
"АСТАН ВІЛА" — ПСЖ — 3:2
Галы: 0:1 — Хакімі (11), 0:2 — Мендэш (27), 1:2 — Тылеманс (33), 2:2 — МакГін (55), 3:2 — Конса (57)
Папярэджанні: МакГін (42)
Першы матч : 1:3