Где логика: "Арсенал" в очень неоднозначном противостоянии уступил ПСЖ, которому не понадобились звезды для крупнейшего в истории успеха

Дзе логіка? Парыжане ў вельмі неадназначным матчы перагулялі "кананіраў"

ПСЖ выйшаў у фінал Лігі чэмпіёнаў упершыню за пяць сезонаў. Сумбурны ды неаднародны матч, дзе значную частку часу дамінаваў "Арсенал", скончыўся перамогай гаспадароў з лікам 2:1

Калі ў першым матчы многія свае задачы ПСЖ выканаў праз гол на першай хвіліне, то ў другім вельмі актыўна пайшоў у атаку ўжо "Арсенал", ад самага пачатку абстрэльваючы са сваіх гарматаў Данаруму. То Райс прабʼе, то Эдэгар прымусіць адбівацца. Адразу жа пайшлі знакамітыя стандарты, але ПСЖ, хоць і са здзіўленнем, паспяваў мінімізоўваць пагрозу ад гасцей, якія цяпер не баяліся выступаць першым нумарам — вось дык смеласць ад Артэты!

Аднак бліжэй да сярэдзіны першага тайма ПСЖ стаў прачынацца і нават ствараў моманты, кшталту удара Хвічы здалля проста ў стойку брамы або эпізоду, дзе Дуэ не аддаў пас на Салібу ды, сутнасна, сапсаваў небяспечны выхад. Цікава адзначыць, што ўсе гэтыя шанцы выпадалі гаспадарам у контратаках, то-бок уладар ініцыятывы быў падкрэслены досыць яскрава ды выразна. Валоданне на той момант было на 60% за гульцамі лонданскага клуба.

Вось толькі гэта не дапамагло яму на 27-й хвіліне, калі, нягледзячы на ўсю логіку гульні, са стандарту забілі якраз парыжане. Мяч адскочыў да Фабіяна Руіса, які ляснуў па ім громападобным ударам — вядома, без шанцаў для Раі. Наступны момант парыжан здарыўся яшчэ праз хвіліну, дзе Баркаля выйшаў адзін-на-два, аднак тут ужо Давід Рая пацягнуў.

Далей гульня перайшла ў вельмі ліпкі стан. Мяч з цяжкасцю даводзіўся да брамы абодвума бакамі, яшчэ цяжэй было стварыць хоць нейкі момант, каманды аперавалі збольшага кароткімі пасамі, але нічога выразнага мы не бачылі.

4eb814c69459f4e8650d7e1800e8a89c681b67ea274ca.jpg

У другім тайме тэндэнцыя захавалася. Так, "Арсенал" вярнуў сабе ініцыятыву. Так, меў больш стандартаў і часам правакаваў Джанлуіджы Данаруму на пробліскі майстэрства, аднак было зразумела, што гэта ўдары дзеля ўдараў, пасы дзеля пасоў і стандарты дзеля стандартаў. Не было адчування таго, што зараз ўсё гэта прынясе плён, як учора падчас прагляду каталонскай навалы на штрафную "Інтэра".

Гэткія намаганні "кананіраў" ледзь не былі канчаткова нівеляваныя адзінаццаціметровым, да якога прывяла гульня рукою Льюіса-Скелі ўва ўласнай штрафной, спачатку незаўважаная. І тут удар Віцінні адбіў Рая. Сподзеў у "Арсенала" ненадоўга застаўся, але ўсім было зразумела: яшчэ дваццаць хвілін падобнага тэмпу гаспадары ператрываюць без праблем. Асабліва калі яшчэ праз тры хвіліны Хакімі скончыў голам чарговую камбінацыю на мяжы штрафной суперніка без усялякіх пенальці. Ніякага спадзеву на камбэк — усё больш і больш пасіўна выглядалі хлопцы Артэты на задымленым ад фаераў чужым полі.

Прабег жа Трасара левым флангам і сумбурны гол Сака толькі дадавалі матчу дзівацкага флёру, ён усё яшчэ заставаўся вельмі ліпкім і малазмястоўным. Паўтор такой камбінацыі праз пару хвілін прывёў да промаху Букая перад пустой брамай — не заслужылі лонданцы фінал дакладна.

Нейтральныя гледачы, не зважаючы на лёгкае ажыўленне гасцей, яўна засыналі пад чанты французаў: на кантрасце з учорашнім відовішчам гэтая гульня была беспадзейнай і амаль бессэнсоўнаю.

Ейны канчатак таксама не падарыў нам проста ніводнага хаця б яскравага — не кажучы ўжо пра небяспечныя — моманту.

Вынік просты: ПСЖ без тых суперзорак, на якія заўжды выдаткоўвалі грошы шэйхі, выйшлі ў фінал Лігі чэмпіёнаў упершыню з 2020-га, а Мікель Артэта хоць і правёў выбітную працу, да трэнерскай дуэлі з іншым маладым геніем крыху не дарос.

ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ

Паўфінал. Матч у адказ

ПСЖ — ААрсенал" (Лондан) — 2:1

Галы: 1:0 — Руіс (27), 2:0 — Хакімі (72), 2:1 — Сака (76)

На 69-й хвіліне Віціння не рэалізаваў пенальці

Папярэджанні: Мендэш (18), Райс (26), Льюіс-Скелі (56), Калафʼёры (86), Кварацхелія (86), Сака (86)

Автор: Аляксандр Хацкевіч

Поделиться