"Тотэнхэм" двойчы скарыстаўся памылкамі новага брамніка парыжанаў, аднак камбэк ПСЖ прынёс ім Суперкубак УЕФА. Нягледзячы на нядаўні чэмпіянат свету між клубаў, дзе ўпэўнена ўзняў над галавою трафей прадстаўнік АПЛ — лонданскі "Чэлсі" — паўнавартасна і афіцыйна сезон 2025/2026 стартаваў не за акіянам, а на паўночным усходзе Італіі, у мястэчку Удынэ. У стартавым матчы гэтага сезона ПСЖ, абсалютны гегемон мінулага розыгрышу Лігі чэмпіёнаў, выйшаў супраць "Тотэнхэма", які пасля перамогі ў Лізе Еўропы развітаўся з галоўным трэнерам, Анге Пастэкоглу, і капітанам Сонам. У парыжанаў жа асаблівы інтарэс заўзятараў выклікаў новы брамнік, выхадзец з "Ліля" на цікавае прозвішча Шэвалле, які фактычна замяніў скандальнага Джанлуіджы Данаруму (і распачаў удала гуляць нагамі).
Так, паводле адной гульні пра новы вобраз старых камандаў сказаць можна мала што, аднак у любым выпадку афіша не магла не вабіць.
Першая дзесяціхвілінка не дала больш кантэксту для аналітыкі, але ж каманды дэманстравалі зайздросны імпэт, узаемна колючы адна адну ў, як правіла, флангавых атаках. Праўда, каэфіцыент карыснай дзеі ў падобных наступах быў мінімальны. Усё яшчэ ўражвала стараннасць на бакавых лініях Дэмбеле з Хакімі: абодва намагаліся пацвердзіць статус прэтэндэнтаў на "Залаты мяч". Добра працавалі і візаві французаў, абарона "шпораў" вельмі якасна падбірала мяч і разганяла контратакі.
Першая такая сапраўды дзейсная контратака прывяла да ўдара Рышарлісана ды сэйва Шэвалле ў самай сярэдзіне першага тайма. Заўважным быў прэсінг "Тотэнхэма", які спрабаваў біць у бок парыжскай брамы, нягледзячы на лагічную перавагу каманды Энрыке ў валоданні. "Шпоры" зараблялі то кутні, то аўты, што патроху пачынала заўважна нерваваць апанентаў. Парыжане ў некалькіх эпізодах нават разгублена мітусіліся ў штрафной, што, шчыра кажучы, спачатку не дапамагала лонданцам. І тут раптам, амаль на роўным месцы, узнік іхны гол. Ван дэ Вен скончыў камбінацыю, першы ўдар якой Шэвалле якасна адбіў. Аднак першым на дабіванні апынуўся нідэрландзец, за якім не паспеў заціснуты супернікамі Маркінняс. У падобным стылі мог напрыканцы першай паловы забіць і Рышарлісан, але ж яму перашкодзіў афсайд.
"Тотэнхэм" працягваў спробы развіць дамінаванне і ў пачатку другога тайма. І развіў жа! Небяспечны ўдар, стандарт — і яшчэ адзін цэнтральны абаронца, Рамэра, зноў выскачыў наперад і скарыстаўся памылкаю Шэвалле.
На 51-й хвіліне Данза, што сімвалічна, трэці цэнтрдэф, мог перавесці сенсацыйную перавагу лонданцаў у разгром, аднак там ужо брамнік ПСЖ паказаў свой клас.
Калі ж прадстаўнікі парыжскай сталіцы такі здолелі даслаць мяч у сетку, быў зафіксаваны афсайд. Так, татальнае нешанцаванне фаварыта працягвалася да 85-й хвіліны, калі трываў фінальны штурм, падчас якога ПСЖ падаваў кутні за кутнім, а ў рэшце рэшт Лі Кан Ін удала прабіў з асісту Рафінні. Гэта ў чымсьці заслужаны гол, аднак магчымасць перагарнуць гульню нават пасля яго перад колішнім фаварытам, як здавалася, не мільгацела.
Пазіцыйныя наступы чэмпіёнаў Францыі выдавалі ўвесь іхны адчай. Шмат корнэраў і штрафных, як нядаўна ў "Тотэнхэма" — і вось усе чаканні зноў, ужо якім разам за гэтую гульню, не апраўдаліся, усё перагарнулася. 94-я хвіліна, Хакімі пакаціў наўпрост уздоўж краю штрафной. Дэмбеле закінуў мяч у паветра, а Рамуш згуляў на апярэджанне над мяжой брамніцкай і забіў галавою ў падзенні! Падобна да папярэдніх галоў "шпораў" — такі сёння іранічны двубой.
Нашмат больш горкая іронія, якая падкрэсліла праклён лонданцаў, адбылася ўжо ў серыі пенальці. Відавочны фаварыт аформіў свой камбэк. Гэта было вельмі нелагічна паводле хады гульні. Гэта было нечакана. На апошніх хвілінах, у фінальным штурме, ім удалося праціснуць супернікаў, што дарэмна разняволілі свой тэмп напрыканцы. Два ўдалыя моманты — і "Тотэнхэм" прасеў. Літаральна хвілінная слабасць, якая зноў адгуляла са "шпорамі" вельмі злы жарт.
Наконт таго, ці заслужылі гульцы ПСЖ, можна шмат спрачацца. Паводле класу — адназначна, паводле гульні — не зусім, нават серыя пенальці была збольшага роўнаю. Але толькі яна дазволіла Шэвалле рэабілітавацца.
Сказаць пра гэты шчыра выставачны матч можна мала чаго. Ён сумбурны і неадназначны, ён прадэманстраваў, што абедзве каманды могуць як стрэльнуць, так і праваліцца.
Аднак ПСЖ была проста больш паспяховаю, а вось "Тотэнхэм" працягнуў крочыць сваёю нешчасліваю дарогаю.
СУПЕРКУБАК УЕФА
ПСЖ — "Тотэнхэм" — 2:2 (пенальці 4:3)
Галы: 0:1 — Ван дэ Вен (39), 0:2 — Рамэра (49), 1:2 — Лі Кан Ін (84), 2:2 — Рамуш (90+4).
Пенальці: 0:1 — Саланке, 0:1 — Віціння (промах), 0:2 — Бентанкур, 1, 1:2 — Рамуш, 1:2 — дэ Вен (брамнік адбіў), 2:2 — Дэмбеле, 2:2 — Тэль (промах), 3:2 — Лі Кан Ін, 3:3 — Пора, 4:3 — Мендэш