Сімеонэ супраць Слота — гэта не Сімеонэ супраць Клопа. Аднак гэта ўжо моцная афіша, бо Арнэ ўсяго за сезон ля стырна "чырвоных" паказаў свой трэнерскі ўзровень ды почырк. І працягнуў рабіць гэта цягам асобна ўзятай гульні.
За першыя пяць хвілін адбыўся паўнавартасны накаўт. Дуплет. Спачатку ўдар Салаха і гол фактычна рыкашэтам ад Эндру Робертсана, а там і наступная атака, дзе Мохамед рыўком з фланга асабіста скончыў рандэву з Облакам падваеннем ліку.
Прэсінг разам з эфектыўным кантролем мяча, дзе роля флангавых наступаў (і асабіста Фрымпонга з Робертсанам) была вельмі істотнай, не даваў "Атлетыка" нават удумліва падабрацца да брамы Алісана. Кутнія, контратакі і закіды наперад — гэтыя спробы разбіваліся аб знакамітую і (на здзіў!) цалкам здаровую ліверпульскую чацвёрку.
А пяты бітл, ужо егіпецкі, выконваў сола ў атацы, робячы шыкоўныя заходы на хет-трык. Але мадрыдцы сталі рабіць тое, што каманды Дыега Сімеонэ ўмеюць рабіць найлепш — сталі "сушыць" гульню. Другая частка першага тайма адзначылася глыбокім "аўтобусам" і перакатваннем "Атлетыка" мяча, які не змог спыніць нават недарэчны эпізод з нібыта гульнёй рукой Лангле ў абароне (які проста дадаў яшчэ адзін разрыў у тканіну тайма). Аналітыкам заставалася толькі лічыць колькасць перапасовак у камандаў. Нават навічок — Ісак — вылучыўся хіба двума стрэламі — толькі адзін у астоў.
І ўжо пад самы канец першай паловы, калі, здаецца, нічога не абяцала аднаўлення інтрыгі, Льярэнтэ ў выніку памылкі Канатэ вырваўся ў чарговай контратацы з фланга і пакаціў мяч нізам з мяжы штрафной. Гол у стылі гульні, але ён хутчэй выключэнне, а не правіла — не сказаць, каб нудныя "матрацнікі" на яго нагулялі.
Другі тайм, на жаль, не радаваў яскравымі выбліскамі небяспечных момантаў з першых жа імгненняў. Толькі на 64-й хвіліне Мо Салах мог рэалізаваць перспектыўны выпад, але штанга перакрэсліла гэткі шанец. Таксама не быў даведзены да лагічнага канца ні выхад Салаха ў выніку контратакі сам-насам, ні ягоны накід у штрафную праз яшчэ пяць хвілін.
А Льярэнтэ ў сваю чаргу новым ударам з лініі штрафной не здолеў перакінуць Алісана Бэкера.
Важна адзначыць, што ў другой палове сустрэчы гульня выразна выраўналася, аднак ніхто такім парытэтам у валоданні і нешматлікіх момантах скарыстацца не мог. І тут Льярэнтэ знайшоў свой дубль. Зноў удар з-за межаў штрафной, незвычайная траекторыя — без шанцаў для ўсёй абароны і брамніка "Ліверпуля". "Атлетыка" выкарыстаў той мінімум шанцаў, які меў, чаго тады нельга было сказаць пра іхных апанентаў. Нічыя нібыта не напрошвалася, але ж яна нікога і не здзіўляла.
Заставалася толькі паглядзець на фірмовы жанр Слота — на фінальны штурм ад мерсісайдцаў. Ён скончыўся роўна так, як таксама можна было чакаць. Вялікі ван Дэйк, большую частку гульні незаўважны, завершыў голам кутні.
Гэта спрацавала тая аўра "Энфілда", якая прымусіла раз’ятрыцца дачырвана Сімеонэ і выбухнуць ад шчасця тых, хто дакладна не застаецца самотным.
З чырвоным морам The Kop — Салах і ван Дэйк. Галоўныя героі клуба апошняга дзесяцігоддзя, якія працягваюць даваць той вынік, без якога "Ліверпуль" не "Ліверпуль". Слот-тайм, як і Фергі-тайм, уваходзіць у футбольную тэрміналогію, а для візаві Арнэ працягваецца паласа няўдачаў. Такі вынік у неймавернага ў сваёй развязцы матча між даўнімі супернікамі!
ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ
Агульны этап.
"Ліверпуль"—"Атлетыка" (Мадрыд) — 3:2
Галы: 1:0 — Робертсан (4) 2:0 — Салах (6), 2:1 — Льярэнтэ (45+3), 2:2 — Льярэнтэ (81), 3:2 — Ван Дэйк (90+3)
Папярэджанні: Ле Нарман (31), Лангле (45+4), Брэдлі (70)
Выдаленне: Дыега Сімеонэ (90+3)