Матчы "Мілан" — "Фееноорд" і "Аталанта" — "Бруге" падобныя сваім вонкавым сінапсісам. І вынікам. Але не начыннем. Так, абодва клубы здаюць іспыт. Пахабная, зацёганая многімі мэтрамі пяра аналогія, але сітуацыя сапраўды падобная. І ніводзін з італьянскіх клубаў сёння не адказаў на пытанні маладых спецыялістаў на чале і ў футболках камандаў краінаў БеНіЛюкса (ну, хіба што каманда герцагства іх яшчэ не прынізіла).
Але ў першым выпадку пакінем мертвым права хаваць памерлых сваіх. Нежывыя галандцы сумнаю нічыёю канчаткова прыкапалі такога ж нябожчыка з Мілана.
Гульня "Аталанты" мела непараўнальна, непрыстойна больш фарбаў жыцця. Нібыта апраўдваючыся за — ах, яшчэ адна відавочная алюзія — заляганне на дно ў Бруге, бергамаскі дэманстравалі родным трыбунам, як яны імкнуцца выправіць памылкі першага экзамена, як яны вывучылі хатняе заданне. І — вось іронія — ад самага пачатку не маглі прайсці зусім не зорную абарону суперніка. Затое атрымалі дужа хуткі гол — правалілася абарона ўласная.
А спробу Рэтэгі паказаць, як трэба замыкаць падачу з фланга, скасаваў ВАР. Кідалася ў вочы наступнае: які ж Гасперыні дагматычны. Проста стэрыльнае валоданне, проста ўзорныя пракіды флангамі. Ды на секунду абарона адцягваецца, а паўабарона не падцягваецца — і 0:2.
Чужая ж абарона наўпакі чысціла ўсё, што прадукавала тое валоданне. А вось ужо пад канец першага тайма і валоданне было нахабна скрадзенае. Моманты бергамаскаў размыліся ў хвалях невыразных флангавых перакатаў. Нічым багіня з клубнага герба захлынулася міжземнаморскаю вадою — плёнам уласнай страляніны. Бадай што прозвішча Куадрада мы чулі часцей за астатнія. Міньяле добра ўзгадваў маладосць, а дзе не — астоў прымаў на сябе ўдары Дзапакосты з Рэтэгі. І адразу жа контратака галандцаў пад заслону саракапяціхвілінкі паказала, што працуе чарговая на сёння банальнасць «не забіваеш ты — забіваюць табе». Разгром ужо ў першым тайме.
Дапамог "Аталанце" і свайму другому айцу — спадару Джану Пʼера — Адэола Лукман, які ў першай жа атацы другога тайма, дэбютуючы ў матчы, расстраляў-такі браму Міньяле. А там і на пенальці зусім апʼянчаныя сваім шалёным поспехам бельгійцы нарваліся, зрабіўшы балюча ўжо згаданаму Куадрада. Камбэку не даў адбыцца асабіста экс-галкіпер "Ліверпуля". На досведзе. Усё ж Лукман браў толькі ЛЕ, а Сімон — ЛЧ.
Уся каманда ўздымала над сабою кубак Лігі Еўропы. Аднак у адным канкрэтным супрацьстаянні выпаў максімальна нязручны апанент. Які не даруе памылак. Які ўмее абараняцца і рабіць рэзкія ды трапныя выпады. Валоданне Гасперыні трывала амаль увесь другі тайм. Моманты сыпаліся, але пры рэалізацыі паўставала столькі "але", што нават сенсацыйным вынік не назавеш.
Вось такая прымітыўнасць голаснай перамогі. Скарысталіся момантамі, прымусілі выдаліцца капітана "Атланты" Талоі, не далі прайсці ўласныя абарончыя пабудовы — перамаглі. Будзь напроці хоць Гасперыні, пераможца Клопа, хоць іншае гучнае імя. "Бруге" падарыў нам яскравы сюжэт на роўным месцы, у звычайнай афішы.
Бо незвычайнае зблізу такое звычайнае — і наадварот...
ЛІГА ЧЭМПІЕНАЎ.
Накаут-раунд. 18 лютага. Матчы ў адказ
Мілан — ФЕЕНООРД— 1:1
Галы: 1:0 — Санцьяга Хіменес (1), 1:1 — Карранса (73).
Выдаленні : Теа Эрнандас (51), Гівайра Рыд (пасля матча).
Першы матч — 0:1.
Аталанта — БРУГЕ — 1:3
Галы: 0:1 — Тальбі (3), 0:2 — Тальбі (27), 0:3 — Хутгла (45+3), 1:3 — Лукман (46).
На 61-й хвіліне Лукман не рэалізаваў пенальці
Выдаленне: Рафаэл Талоі
Першы матч — 1:2.