Прадстаўнікі дзвюх адвечна варожых сталіц — Лондана і Парыжа — ужо сустракаліся на агульным этапе. І калі той матч быў чымсьці яшчэ непатрэбным для абедзвюх каманд, то паўфінал не мог не падарыць цікавых падзей. І "Арсенал", і ПСЖ умеюць здзіўляюць пры патрэбе. Нават не ўмеюць не здзіўляць.
І першы сюрпрыз, які быў нам прадстаўлены, палягаў у вельмі хуткім голе гасцей. Дэмбеле вырашыў не аддаваць помсту за паразу ў папярэдняй сустрэчы з "кананірамі" на водкуп трывалай інтрызе — і ўжо на трэцяй хвіліне трапным ударам з-за межаў штрафной адкрыў лік. Сімвалічна, што гэта дваццаць пяты гол новага бамбрадзіра ПСЖ у 2025-м годзе.
Аднак гэта не толькі не забіла інтрыгу — а наадварот, як можна было падумаць, дадало камандзе Артэты матывацыі контратакаваць так, як умеюць выключна яны.
Але яшчэ праз дзесяць хвілін падобная гульня ад абароны прывяла да небяспечнага ўдару ад Маркіньяса, ад якога выратаваў Рая. Паступова стала падавацца, што ламаць абарончыя ўмацаванні брытанскіх артылерыстаў французам рабілася ўсё прасцей. То Хакімі перакіне апанента, то Хвіча ў штрафной упадзе, то Дэмбеле запрэсінгуе. Часам, як на трыццатай хвіліне, толькі сэйвы Раі і забяспечвалі нейкія спадзевы "Арсенала" на роўную канкурэнцыю. ПСЖ, нягледзячы на адсутнасць высокіх гульцоў у складзе, выглядаў на галаву-дзве вышэйшым за ўзровень гаспадароў "Эмірэйтс".
Сака, як і Райс з Мерынам і Марцінэлі, за выключэннем некалькіх рэальна вострых момантаў напрыканцы, у першым тайме былі бляклымі ценямі саміх сябе. Рабіцца больш яскравымі яны сталі хіба на апошніх хвілінах, калі Марцінэлі неаднаразова прымушаў Данаруму дэманстраваць брамніцкае майстэрства, а Венгера на трыбунах — думаць, што не ўсё страчана і дасягненне ягонага "Арсенала" сучасныя "кананіры" яшчэ могуць паўтарыць.
І яны, здавалася, вярнуліся. Адразу па выхадзе з распранальні Мерына забіў з падачы Райса пры штрафным. Аднак ВАР дыягнаставаў у Мігеля афсайд. З банальнага няўмення беды "Арсенала" перайшлі ў разрад нешанцавання. Далей у яго быў яшчэ момант з выхадам сам-насам Трасара, які пацягнуў Данарума. На гэта сваім момантам адказаў Хакімі.
Цягам другога тайма каманды амаль нароўні абменьваліся ўдарамі. То Баркаля толькі праз няўдалую траекторыю мяча не падвоіць перавагу, то Сака з Трасарам зноў штосьці прыдумаюць. І валоданне, і статыстыка ўдараў за дзесяць хвілін да канца былі ідэальна роўнымі. Моцная заяўка на парыжскую гульню ў адказ была зробленая з абодвух бакоў. Відавочнай перавагі кагосьці з іх ужо не было відаць, Артэта (а мо і асабіста Венгер) яўна задаў настрою сваім хлопцам у перапынку. Тым хлопцам, якія яшчэ да перапынку паспрабавалі навязаць барацьбу — і амаль жа атрымалася ў іх. Выйшлі з абарончага ў атакавальны стыль, змаглі знайсці ў парыжскіх разліках памылкі... Але пад канец — Рамуш і Баркаля таму сведкі — "кананіры" зноў пачалі прасядаць пад націскам гасцей.
Усё ж яны адстаялі мінімальную паразу да самага свістку. Інтрыга, пра якую сказана ў пачатку тэксту, атрымала мінімальныя пашкоджанні, але ж выжыла. На "Парк дэ Прэнс" мы яўна ўбачым другую — яшчэ больш захапляльную — частку гэтага драматычнага двубою. І "Арсенал" паказаў сябе як клуб-баец (хоць і без магчымасці трымаць высокі ўзровень атак доўга — як і ў матчах з "Рэалам", між іншым), і ПСЖ праявіў традыцыйнае ўменне даціскаць — але было не без нюансаў і ў каманды Энрыке.
ЛІГА ЧЭМПІЁНАЎ
Паўфінал. Першы матч
"Арсенал" (Лондан) — ПСЖ (Парыж) — 0:1
Гол: 0:1 — Дэмбеле (4)
Папярэджанні: Трасар (10), Сака (41), Хакімі (44), Невеш (46)