29-я секунда прымусіла нас забыць усё, што мы ведалі да таго. Уся гісторыя супрацьстаяння распачалася з нуля. Першая атака — і гол Галахера з шыкоўнага асіста дэ Поля прымусіў "Рэал" раскрыцца ўжо з першай хвіліны. Лёсаванне таго, хто уводзіць мяч у гульню з цэнтра, перадвызначыла гэты гол і інтрыгу мадрыдскага дэрбі ў рамках чвэрцьфінала Лігі чэмпіенаў. А далей распачаліся больш прадказальныя сюжэты.
"Рэал" цягам усяго тайма спрабаваў хаця б прыадчыніць дзверы прыпаркаванага Сімеонэ "аўтобуса", Вінісіус патрабаваў пенальці за руку Альварэса, Модрыч як шалёны падаваў вуглавыя, а Радрыга з Белінгемам беспаспяхова пускалі скураную сферу ў бок Облака. Апрача аднаго гарматнага стрэлу ад Альварэса, нічога яскравага ад хлопцаў у паласатых футболках мы не ўбачылі. Яны зрабілі сваю справу на першых секундах — і зачыніліся.
Футбол быў на здзіў шчыльным, аднак гэтая шчыльнасць проста закалыхвала гледачоў у тэлевізара. Напэўна, каб з цікавасцю глядзець за аднастайнымі пазіцыйнымі наступамі на пабудаваныя нібыта напалеонаўскае карэ ці рымская "чарапаха" парадкі Сімеонэ, неабходна было сядзець на "Метрапалітана".
Паступова статыстыку вуглавых стаў набіваць і "Атлетыка'', але некаралеўскі мадрыдскі клуб падчас іх надаваў свайму былому галкіперу нескладаныя фізічныя практыкаванні. Стандарты ад "Рэала" былі яўна хітрэйшымі... Ды таксама безвыніковымі.
Другая палова адразу запомнілася тым, што Мендзі выканаў Джэрарда і гэтае паслізнавенне прывяло да новай серыі вуглавых "Атлетыка". У "Рэала" за ўсіх адгульваўся Радрыга. Ён узараў свой фланг, ён адзіны (калі не лічыць Модрыча) прыводзіў да момантаў сваёй каманды.
У "Атлетыка" моманты ствараліся рыўкамі. Аднак выпады "матрацнікаў" паспяхова зрываліся супернікамі, хоць і было відаць, як тады нервуюцца "вяршковыя".
Гульня рабілася больш якаснаю, выхад Камавінгі замест Модрыча накруціў хуткасці. Менавіта Эдуарду прывёў да контратакі, што скончылася пенальці. А там Вінісіус нечакана адмовіўся ад лёгкага вываду сваёй каманды ў чвэрцьфінал: нанёс удар па позніх мадрыдскіх верабʼях.
Да канца асноўнага часу "Рэал" працягваў займацца аблогай штрафной суперніка, а на ягонай апошняй хвіліне Карэа таксама нібыта добраахвотна не захацеў імгненнай перамогі, не расстраляўшы Куртуа з метра. Карацей, нас чакала цягучае паўтарэнне досведу ўчорашняга матча.
Дадатковы час быў нашмат больш яскравым за ўчора. Адвечны пажар у абедзвюх штрафных, фестываль жоўтых картак і іншыя цікавыя падзеі не давалі нам паснуць. Аднак вынік адзін: зноў серыя пенальці. Як у фінале-2016 між гэтымі ж камандамі.
Нават серыя не абышлася без драмы. Падвойны дотык Альварэса ледзь не пазбавіў "Атлетыка" шанцаў, аднак незабіты пенальці Васкеса іх выраўнаў. Льярэнтэ ж усё-такі падарыў перамогу "Рэалу". Пасля неймаверна напружанай бітвы, калі ўсё шматкроць змянялася, зноў пераможцам выйшаў Анчалоці. Зноў пашчасціла.
І мы ніколі не зразумеем, як у яго гэта атрымліваецца...